Краязнаўчыя канікулы. Як прадукцыйна арганізаваць летні адпачынак, ведаюць у гімназіі № 61 Мінска

- 16:18Новости

Вось і насталі доўгачаканыя канікулы, калі можна адпачыць, расслабіцца, прысвяціць сябе любімым заняткам. Як прадукцыйна арганізаваць летні адпачынак — ведаюць у гімназіі № 61 Мінска. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ва ўстанове ўжо больш за 5 гадоў працуе клуб “Края­знавец”. Ён быў створаны па ініцыятыве дырэктара гімназіі Ірыны Леўкавец, каб навучэнцы вывучалі сваю малую радзіму і гісторыю краіны. Педагогі-энтузіясты Аляксандр Нікалаевіч і Дзмітрый Кійко падарожнічаюць з гімназістамі па Беларусі. Падчас такіх вандровак дзеці на валанцёрскіх пачатках удзельнічаюць у аднаўленні і добраўпарадкаванні розных гістарычных аб’ектаў (Друя, Трасцянец, Езярышча, Дастоева).

На працягу навучальнага года гімназісты наведваюць мноства месцаў на тэрыторыі Беларусі, але летам асабліва вылучаецца адно з іх — музей пад адкрытым небам Друі. Друя — гэта ўнікальнае месца на карце Беларусі, якое адлюстроўвае мультыкультур­насць і талерантнасць беларускага народа.

Прыехаўшы ў Друю, навучэнцы гімназіі размяшчаюцца на тэрыторыі царквы Благавешчання Гасподняга. Гэта адзіны ў Беларусі дзеючы манастыр пад адкрытым небам. Гімназісты аказваюць пасільную дапамогу манастыру: прыбіраюць тэрыторыю, будаўнічае смецце, полюць агарод, рамантуюць разам з педагогамі прылеглыя будынкі, наводзяць парадак на месцах баявой славы беларускага народа.

Многія навучэнцы з’яўляюцца валанцёрамі праекта “Тая­мніцы пры граніцы”. Удзельнікі праекта супрацоўнічаюць з праваслаўнай царквой. На тэрыторыі манастыра летам дзейнічае палатачны лагер, у якім прымаюць удзел і члены клуба “Края­знавец”. У работу ўключаны навучэнцы 5—11 класаў, а таксама дзеці з іншых школ. Гімназісты, якія ўжо былі ў Друі, сумесна з педагогамі право­дзяць экскурсіі. Падчас паездак яны самастойна дзеляцца на групы, размяркоўваюць абавязкі, гатуюць ежу, удзельнічаюць у выхаваўчых мерапрыемствах сумесна з вучнямі Друйскай школы.

Цікавым напрамкам работы з’яўляецца супрацоўніцтва з клубам аматараў археалогіі Беларусі “Стаўрос”. Гэта ўнікальная магчымасць паўдзельнічаць у раскопках Мінскага гарадзішча. Такая форма работы вельмі карысная і дапамагае максімальна паглыбіцца ў вывучэнне гісторыі сярэднявечнага Мінска.

Пытанні, што ўзнікаюць у навучэнцаў падчас вандровак, сустрэч са свяшчэннікамі, раскопак, спараджаюць ідэі, якія становіцца ядром іх будучай даследчай дзейнасці.

— Работа клуба “Краязнавец” дапамагае развіваць у дзяцей эмпатыю і спачуванне, арганізацыйныя, камунікатыўныя і лідарскія навыкі. Таксама яна прывівае павагу да гераічнага і гістарычнага мінулага, культуры свайго народа, умацоўвае любоў да роднай мовы, захапленне прыгажосцю беларускай прыроды, фарміруе каштоўнасныя адносіны да свайго здароўя, развівае экалагічныя веды і навыкі. І, нарэшце, такая дзей­насць спрыяе яднанню ўсіх грамадзян краіны, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, палітычных альбо рэлігійных перакананняў, — адзначае дырэктар гімназіі № 61 Мінска Ірына Леўкавец.

Наталля КАЛЯДЗІЧ