Краязнаўцы краіны, яднайцеся!

Для незабыўнага летняга адпачынку сапраўднаму краязнаўцу трэба нямнога: над галавой — блакітнае неба з белымі аблачынкамі, пад нагамі — родная зямля з яе нязведанымі мясцінамі, побач — надзейныя сябры, і, безумоўна, некалькі дзён, праведзеных у сталіцы. І блакітнае неба, і надзейныя сябры, і нязведаныя мясціны мітуслівай сталіцы — усё гэта чакала актыўных удзельнікаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. З 18 па 26 чэрвеня для 100 хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх рэгіёнаў краіны на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства працаваў краязнаўчы профільны летнік.

“Мы зробім ваш адпачынак цікавым і запамінальным”, — паабяцалі юным краязнаўцам арганізатары летніка на яго ўрачыстым адкрыцці і абяцанне сваё выканалі. На працягу 9 дзён кожная хвіліна змены была напоўнена цікавымі мерапрыемствамі: экскурсіямі па Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, па музеі валуноў, царкоўна-гістарычным музеі Беларускай Праваслаўнай Царквы, па сталічных храмах, прагулкамі па Лошыцкім парку і вячэрніх праспектах, пераадоленнем лабірынтаў вяровачнага гарадка “Ліяны”, наведваннем Беларускага дзяржаўнага цырка. Чакалі юных краязнаўцаў і сустрэчы з творчымі людзьмі ў “Гасцёўні сяброў”.


Аднак якое краязнаўчае лета без краязнаўчай канферэнцыі? Ужо на другі дзень работы летніка навучэнцы прадставілі багатую палітру кірункаў школьнай краязнаўчай справы. Як паведаміла начальнік летніка Аляксандра Яўгенаўна Кравец, вучань Крулеўшчынскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна Яўген Мальчонак знаёміў з гісторыяй ваколіц аграгарадка Крулеўшчына, а яго зямляк Андрэй Косцін расказваў пра цэрквы Докшыцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Юля Зуева і Анжаліка Крот з гімназіі № 1 Дзяржынска пазнаёмілі равеснікаў з адметнасцямі Станькава, здзейснілі завочнае гістарычнае падарожжа ад Крутагор’я да Дзяржынска. З мінулым малой радзімы знаёмілі вучань Міханавіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Іван Цыаненка і Ганна Краменская з Брынеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна. Пра фартыфікацыйныя збудаванні Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Лідскага раёна паведаміла навучэнка ліцэя № 1 Ліды Настасся Клышэйка, а Дар’я Міхалькевіч з гэтай жа ўстановы адукацыі ў рабоце “Любоў не шукае свайго” пазнаёміла юных краязнаўцаў з ахвярным служэннем святара Мікалая Канстанцінавіча Усціновіча. Цікавым атрымаўся і тэатралізаваны аповед вучняў Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Валерыі Новікавай, Настассі Мікуліч, Вольгі Врукала, Аляксандры Крукоўскай пра вясельны пасаг.


Цэнтральнай тэмай выступленняў стала Вялікая Айчынная вайна. Данііл Абрамчук і Валянціна Бялінская з сярэдняй школы № 33 Брэста паведамілі пра подзвіг сваіх землякоў — праведнікаў народаў свету, а Арцём Голахаў з Раманавіцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна выступіў з дакладам “Памяць сэрца. Вайна ў лёсе маёй сям’і”. Пра памяць нашых сэрцаў гаварылася і на мітынгу, прысвечаным 75-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, які адбыўся 22 чэрвеня ў сталічным парку Чалюскінцаў, каля помніка на брацкай магіле, у якой пахаваны больш за 10 тысяч савецкіх ваеннапалонных, падпольшчыкаў і мірных жыхароў, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ганаровымі ўдзельнікамі мітынгу сталі палкоўнік у адстаўцы, выдатнік друку Беларусі, удзельнік штурму Берліна Павел Сафронавіч Ерашэнка, а таксама прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Таварыства памяці воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны” (намеснік старшыні таварыства Мікалай Аляксеевіч Папоў і члены папячыцельскага савета ветэраны вайны Мікалай Данілавіч Драпачка і Гермаген Кандрацьевіч Рубцоў).


“Ведаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, захоўваць памяць пра подзвіг савецкіх воінаў, захоўваць сямейныя рэліквіі, звязаныя з вайной, чытаць мастацкія творы і глядзець кінафільмы пра Вялікую Айчынную вайну, створаныя цудоўнымі савецкімі пісьменнікамі, паэтамі і рэжысёрамі, беражліва адносіцца да сімвалаў Чырвонай Арміі, Вялікай Айчыннай вайны, помнікаў і магіл савецкім воінам, ведаць гісторыю стварэння мемарыяльных комплексаў, віншаваць са святам Перамогі родных, сяброў, знаёмых, памятаць, што Перамога была дасягнута ў адзінстве народаў Савецкага Саюза і краін антыфашысцкага блока — толькі пры выкананні гэтых запаветаў мы здольны быць адзіным народам і будаваць шчаслівую будучыню”, — звярнуліся да юных краязнаўцаў члены таварыства.

— Мы не можам да канца ўявіць тыя цяжкасці, якія вы пераадолелі падчас вайны, аднак мы можам вас запэўніць: маладое пакаленне і педагагічная супольнасць робяць усё магчымае для захавання памяці пра ваш подзвіг, — звярнулася да ветэранаў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур.


“Мінская вобласць — сэрца Беларусі. Сюды, нібыта артэрыі, сыходзяцца шляхі-сцяжыны з усіх куточкаў краіны. Тут засяроджаны магутны навуковы і прамысловы патэнцыял краіны. У нас прыгожая еўрапейская сталіца. Наш Мінск — краса беларускага краю і творчай думкі ўзлёт. Слаўны край Прыдняпроўскі, гераічны край Прыдняпроўскі… Многія гады Магілёўшчына была надзейным абарончым заслонам на ўсходніх рубяжах нашай краіны. Віцебшчына — паўночны край Беларусі, край блакітных азёр і цудоўных краявідаў, лясоў і лугоў. Паазерцы ганарацца сваімі землякамі, вучонымі, мастакамі, пісьменнікамі. Белавежскія зубры і найбагацейшая прырода Палесся, Камянецкая вежа і палац у Косаве, помнікі драўлянага дойлідства і старажытны абрадавы фальклор з’яўляюцца візітоўкай Брэстчыны. Гомельшчына захавала самыя раннія стаянкі чалавека, самыя даўнія абрады і традыцыі, захавала велічны палацава-паркавы комплекс Румянцавых-Паскевічаў. Перакрыжаванне розных культур і народаў, найпрыгажэйшы паўночна-заходні край Беларусі… Гарадзеншчына — яе зямля авеяна багатай сівой гісторыяй. Яе помнікі, як дыяменты. Вось якая ты, наша Беларусь!” — так прыгожа, паэтычна расказвалі пра сваю малую радзіму, пра нашу Беларусь удзельнікі рэспубліканскага краязнаўчага летніка.

Усё добрае калі-небудзь заканчваецца. Завяршыліся і 9-дзённыя сталічныя канікулы для актыўных удзельнікаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Аднак гэта не нагода для суму. Краязнаўчае лета працягваецца, а значыць, нас яшчэ чакаюць новыя знаходкі і адкрыцці.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *