Нястомная праца, талент, творчасць… Гэтыя складнікі поспеху характарызуюць Людмілу Мікалаеўну Пахоціну, намесніка дырэктара брэсцкай сярэдняй школы № 30 імя Дзмітрыя Гвішыяні. Шмат гадоў жанчына з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктара па вучэбнай рабоце.
Неаднойчы з вопытам яе работы знаёміліся калегі з вобласці.
Людміле Мікалаеўне ўласцівы высокая эрудыцыя, творчы пошук, метадычнае майстэрства. Галоўным у рабоце Л.М.Пахоціна лічыць уменне працаваць з разнапланавым калектывам настаўнікаў, наяўнасць педагагічных і псіхалагічных ведаў, добрую арыентацыю ў сучасных педтэхналогіях. Людміла Мікалаеўна знаходзіцца ў няспынным пошуку новых форм і метадаў работы. Сёння ўпэўнена можна сказаць, што дзякуючы намаганням Л.М.Пахоцінай у 30-й школе працуе творчы калектыў настаўнікаў-наватараў.
Людміла Мікалаеўна вывучае вопыт калег, літаратуру па асаблівасцях методыкі сучасных адукацыйных тэхналогій і ўмела дапамагае пашыраць гэты арсенал педагогам. Школа з’яўляецца пляцоўкай для правядзення семінараў абласнога і раённага ўзроўняў.
Усю метадычную работу ў школе Л.М.Пахоціна накіравала на ўдасканаленне адукацыйнага працэсу, павышэнне якасці навучання шляхам актыўнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій і самаадукацыі настаўнікаў. На працягу года на педагагічных нарадах і пасяджэннях метадычнага савета праходзіць вучоба настаўнікаў, абмяркоўваюцца навінкі метадычнай літаратуры, шляхі прымянення новых ведаў, атрыманых на курсах павышэння кваліфікацыі. Традыцыйнымі сталі метадычныя тыдні, якія з’яўляюцца этапамі практычнай дэманстрацыі ведаў і кампетэнцый педагогаў. Па ініцыятыве Л.М.Пахоцінай ужо некалькі гадоў выдаецца школьная газета “Трыццатачка”, якая неаднаразова станавілася пераможцай у раённых конкурсах школьных газет.
Людміла Мікалаеўна выкладае рускую мову і літаратуру. Урокі педагога цікавыя па змесце, у іх заўсёды прысутнічае нешта новае. Выйсці за межы праграмы і падручніка, далучыць вучняў да багацця класічнай літаратуры — вось педагагічнае крэда настаўніцы. Яна ўмее цаніць вучнёўскую самастойнасць і руплівасць. Урокі літаратуры ў Людмілы Мікалаеўны — урокі жыцця, этыкі, выхавання чуласці, спагадлівасці і дабрыні. Яна любіць эксперыментаваць, даследуе эфектыўнасць навучання праз разуменне прыгожага ў жыцці і літаратуры. Гэта дае станоўчыя вынікі ў выхаванні і навучанні. Вучні Л.М.Пахоцінай заўсёды вылучаюцца творчым падыходам да звычайных праблем. Імёны яе выхаванцаў неаднаразова з’яўляліся на старонках зборніка паэзіі “Фізікі і лірыкі” Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Педагог падрыхтавала пераможцаў і прызёраў раённых і абласных алімпіяд, міжнародных конкурсаў.
Людміла Мікалаеўна забяспечвае высокапрафесійнае метадычнае суправаджэнне практыкі студэнтаў. Патрабавальнасцю да сябе і падначаленых, самакрытычнасцю і дзелавітасцю заваявала павагу сярод настаўнікаў і вучняў. Узначальваючы метадычную работу ў школе, Людміла Мікалаеўна праводзіць вялікую работу з маладымі настаўнікамі. Пад яе кіраўніцтвам выраслі маладыя настаўнікі рускай і беларускай мовы і літаратуры, замежнай мовы, гісторыі, біялогіі, якія авалодалі сучаснымі тэхналогіямі (калектыўныя спосабы навучання, модульнае навучанне, тэхналогія гульні, педмайстэрні). Так, настаўнік гісторыі Сяргей Саўчук стаў пераможцам раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Цяпер ён працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце брэсцкай гімназіі № 4. Сёлета назначана намеснікам дырэктара Наталля Хлебус, якая адчувае добрую падтрымку мудрай калегі. Дырэктар брэсцкай сярэдняй школы № 19 Людміла Кудзей, якая ў свой час працавала з Людмілай Мікалаеўнай, адзначае яе дасціпнасць, карэктнасць і інтэлігентнасць, называе крэатыўным менеджарам адукацыйнага працэсу.
Людміла Мікалаеўна — творчая асоба. Ёй створаны партфоліа па абагульненні вопыту настаўнікаў школы: “Каларыстычны аналіз мастацкага тэксту як адзін з відаў аналізу мастацкага твора на ўроках літаратуры” (Алена Канавалава), “Прыёмы і метады работы па развіцці арфаграфічных уменняў і навыкаў на ўроках рускай мовы” (Алена Лысюк), “Вучыць і выхоўваць словам” (Зоя Кавальчук) і “Выкарыстанне элементаў новых методык пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання як адна з форм работы па павышэнні якасці ведаў вучняў 10-11 класаў па рускай мове” (Лілія Жукоўская).
Людміла Мікалаеўна — аўтар артыкулаў у метадычных часопісах пра вопыт настаўнікаў 30-й школы. Умела заахвочвае і падтрымлівае педагогаў, якія займаюцца даследчай работай. Дзякуючы нястомнай працы Людмілы Мікалаеўны з’явіліся друкаваныя дапаможнікі, аўтарамі якіх выступілі настаўнікі школы Таццяна Бельская, Алена Філіпавец і Святлана Пашкевіч.
Чалавекам шчодрай душы, добрым і надзейным сябрам-дарадчыкам, для якога няма чужых праблем, лічаць яе настаўнікі і вучні школы. У размове з педагогамі неяк пачула такія словы: “Галоўны яе талент — быць ЧАЛАВЕКАМ. Не зрабіць тое, што яна просіць, немагчыма”.