Крэатыўныя перамогі беларускіх інфарматыкаў

- 14:46Адукацыйная прастора
На 25-й міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ў Аўстраліі беларускія школьнікі заваявалі чатыры медалі. Спаборніцтвы, у якіх прынялі ўдзел школьнікі з 78 дзяржаў, праводзіліся на базе Універсітэта Квінсленда ў горадзе Брысбен. Падрабязней аб алімпіядных выпрабаваннях нам расказала кіраўнік беларускай каманды загадчык кафедры інфарматыкі Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа Ірына Фёдараўна Кірыновіч.

 

“Складаны пералёт у далёкую Аўстралію, розныя часавыя паясы, непадобныя на нашы кліматычныя ўмовы, адсутнасць часу на адаптацыю… — але нішто не перашкодзіла беларускім школьнікам атрымаць запаветныя медалі”, — гаворыць Ірына Фёдараўна. — Да таго ж усе мы былі ўзнагароджаны зносінамі з жывапіснай, экзатычнай прыродай гэтай краіны. Экскурсіі ў нацыянальны заапарк, у Музей падводнага свету пакінулі незабыўныя ўражанні ў кожнага. А аўстралійцы запомніліся нам сваёй прыхільнасцю да заняткаў спортам, імкненнем да здаровага ладу жыцця”.

Сёлета ў склад беларускай каманды па інфарматыцы ўвайшоў навучэнец сярэдняй школы № 9 Мазыра Сяргей Кулік, які заваяваў залаты медаль. Ён, дарэчы, пераможца міжнародных алімпіяд у Італіі (IOI 2012) і Тайландзе (IOI 2011).
У навучэнца Ліцэя БДУ Канстанціна Сокала ў гэтым годзе — “серабро”, а Уладзіслаў Падцёлкін (таксама ліцэіст БДУ) — уладальнік бронзавага медаля. Уладзіслаў ужо станавіўся прызёрам міжнародных алімпіяд у Італіі (IOI 2012) і Тайландзе (IOI 2011). Бронзавы медаль з Аўстраліі прывёз навучэнец ВПК “Забалоцкая яслі-сад — сярэдняя школа” Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці Канстанцін Вільчэўскі. Поспех юнака — гэта не толькі яго асабістая заслуга, але і вынік шматгадовай працы па падрыхтоўцы па гэтым прадмеце, якую вёў з ім бацька — настаўнік інфарматыкі. У мінулым годзе Косця прымаў удзел у перадалімпіядных зборах па падрыхтоўцы да міжнароднай алімпіяды. На спаборніцтвы тады не ўдалося трапіць, але ён набыў каштоўны вопыт, які надаў яму ўпэўненасці сёлета.

“На міжнародных спаборніцтвах па інфарматыцы Беларусь заўсёды трымае высокую планку, што сведчыць аб эфектыўнай сістэме работы па падрыхтоўцы алімпіяднікаў у нашай краіне, — заўважае Ірына Фёдараўна. — Дасягненні некаторых школьнікаў проста ўражваюць, іх мы заўсёды будзем прыводзіць у прыклад. Некаторыя алімпіяднікі атрымлівалі медалі на ўсіх міжнародных спаборніцтвах, у якіх прымалі ўдзел)”.
Усе ўдзельнікі міжнародных спаборніцтваў праходзяць сур’езны адбор — на ўзроўні школы, раёна, вобласці, рэспублікі і, нарэшце, падчас збораў па падрыхтоўцы да міжнароднай алімпіяды. Навуковы кіраўнік збораў — прафесар кафедры вылічальных метадаў і праграмавання доктар фізіка-матэматычны навук БДУІР Анатоль Аксенчык. Трэнерам на зборах быў кіраўнік кампаніі “Яндэкс Бел” (гэта “дачка” вядомага “Яндэкса”) Аляксей Сікорскі — пераможца міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы ў 2002 годзе. З таго часу ён падтрымлівае алімпіядны рух у нашай краіне, з’яўляецца распрацоўшчыкам сістэмы тэсціравання алімпіядных задач, кіруе аўтарскім калектывам па распрацоўцы алімпіядных заданняў, з’яўляецца іх аўтарам.

“Міжнародныя спаборніцтвы традыцыйна праходзяць у два туры, на кожным з іх прапаноўваецца па тры задачы, якія трэба рашыць за 5 гадзін, — гаворыць Аляксей Сікорскі. — Задачы могуць быць двух тыпаў — якія маюць поўнае рашэнне (калі ёсць аптымальны алгарытм, які дазваляе рашыць іх) і задачы, якія не маюць дакладных рашэнняў, таму прымаюцца прыбліжаныя рашэнні. Падчас алімпіяды правяраюцца не толькі веды школьнікаў па тых ці іншых тэмах, але і тое, ці ўмеюць яны правільна карыстацца імі, ці маюць крэатыўныя здольнасці.
Інфарматыка — навука маладая і развіваецца вельмі хутка. Заданні, якія прапаноўваліся на міжнародных спаборніцтвах дзесяць гадоў назад, сёння ўжо можна сустрэць на абласных алімпіядах”.

Поспех школьнікаў у сферы IT залежыць у многім ад іх асабістай матывацыі, вопыту ўдзелу ў розных спаборніцтвах па інфарматыцы і шчырай зацікаўленасці педагогаў у поспехах навучэнцаў. Нашы школьнікі, як правіла, не ўпускаюць магчымасці паспрабаваць свае сілы на алімпіядах па інфарматыцы, якія праводзяцца ў розных краінах свету, у тым ліку ў віртуальных спаборніцтвах. Кожнае такое выпрабаванне садзейнічае павышэнню іх прафесійнага майстэрства, што дазваляе ім перамагаць на самых прэстыжных спаборніцтвах, а пасля станавіцца лепшымі студэнтамі прэстыжных універсітэтаў і паспяхова рэалізоўваць сябе ў прафесійнай дзейнасці.

Надзея ЦЕРАХАВА.