Крэатывім для дзяцей і з дзецьмі

- 11:17Адукацыйная прастора

Год народнага адзінства стаў для педагогаў краіны нагодай аб’яднаць свае прафесійныя таленты дзеля адной мэты — зрабіць выхаванне навучэнцаў больш эфектыўным, цікавым і інавацыйным. Расказаць пра ўсе педагагічныя праекты, прадстаўленыя на XIX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, проста немагчыма. Але з некаторымі пазнаёмімся падрабязней.

Школьныя крокі

Каманда навучэнцаў і педагогаў ліцэя № 1 Гродна прэзентавала дзейнасць ліцэйскага хаба “Я — грамадзянін лічбавай будучыні Беларусі”. Наведвальнікаў выставы зацікавіла лічбавая платформа “Робасфера” як інава­цыйны інструмент арганізацыі праектнай дзейнасці навучэнцаў. Гэта прадукцыя новага пакалення ў тэхналогіі AR/VR са смарт-галерэі: творчыя работы моладзі і творы мастацтва выкананы ў дапоўненай рэальнасці на паверхні арт-аб’ектаў.

Тут жа працавала літаратурная лабараторыя пісьменніка-педагога “Беларускі падлетак — чалавек, які чытае?!”. Пісьменніцкія сакрэты ўдзельнікам выставы раскрыла Галіна Богдан, настаўніца сярэдняй школы № 12 Гродна, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Педагогі дзіцячага сада — пачатковай школы № 9 Брэста і сярэдняй школы № 10 Брэста прэзентавалі сумесны праект “Рамёствы. Кніга майстроў”.

Сярод праектаў магіляўчан быў “Школьны двор маёй мары”. Вучні ўжо стварылі сваімі рукамі ўтульны школьны двор, а для наведвальнікаў выставы — яшчэ і макет яго фрагмента. Цяпер акрамя ўласна школьнага двара дзеці займаюцца азеляненнем мікразоны, паставілі лавачкі ў стылі стрыт-арт і г.д. Гэтыя школьнікі аказаліся не толькі добрымі ландшафтнымі дызайнерамі, але і шчырымі, клапатлівымі людзьмі. Яшчэ адзін іх праект — “Дарогамі дабра і прыгажосці” — накіраваны на дапамогу бяздомным жывёлам. Дзеці сваімі сіламі і дзякуючы дапамозе жыхароў мікрараёна знайшлі прытулак для 37 катоў і сабак і працягваюць назіраць, як ім жывецца ў новых гаспадароў.

Прафесійна і са смакам

Установы прафесійнай адукацыі прадставілі шэраг інтэрактыўных пляцовак, дзе вучылі гасцей выставы ствараць кавальскія і ганчарныя вырабы, макеты будынкаў, сумкі, аздобленыя васількамі ў тэхніцы набойкі і інш. Але найбольш наведвальнікаў сабралі кулінарныя майстар-класы.

Так, Віцебскі дзяржаўны палітэхнічны прафесійны ліцэй прадставіў мала­дзёжнае кафэ, якое сёлета было адкрыта на базе ліцэя. Пакуль навучэнцы чаравалі над сваімі пірожнымі з лімонным мусам, віртуозна стваралі зямлю з шакаладу, пыл з чырвонага чаю са спецыямі і фламбэ з палаючымі фруктамі, мы пагутарылі з метадыстам ліцэя В.М.Сцепушчонак.“Для кафэ літаральна ўсё — ад бізнес-праекта і дызайну да меню — нашы навучэнцы распрацавалі самі. І сёння мы прадстаўляем іх “Крэатыўную кухню”, — сказала яна. — Гэта аўтарскія дэсерты, цукеркі і пернікі ручной работы, распрацаваныя маладым майстрам Ягорам Уладзіміравічам Окуневым і нашымі навучэнцамі. Для школьнікаў мы прадугледзелі і інтэрактыўныя прафарыентацыйныя пляцоўкі, бо на базе нашага ліцэя працуе школа будучага прафесіянала “Прафарыенцір”. Сутнасць яе ў тым, што на працягу года навучэнцы школ горада прыходзяць да нас і пагружаюцца ў прафесію. Для іх мы ладзім майстар-класы, праводзім міні-прафпробы, падчас якіх яны пераапранаюцца і становяцца побач з нашымі навучэнцамі. Дзякуючы прынцыпу “роўны навучае роўнага”, яны пагружаюцца ў прафесію. Цэлы год доўжацца заняткі, а ў канцы года вучні ўжо могуць вызначыцца, іх гэта справа ці не. Як правіла, больш за трэць з іх становяцца нашымі абітурыентамі”.

Навучэнцы Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ліцэя рэалізавалі даследчы праект “Кулінарны трэвэл “Сакрэты Навагрудскага гастранамічнага турызму”. Ён накіраваны на вывучэнне мясцовай кухні XIII—XIX стагоддзяў, гастранамічных традыцый Навагрудчыны, на пошук і аднаўленне рэцэптаў страў і прыстасаванне іх да сучасных спосабаў гатавання.

Навучэнец Сяргей Вет­цэль патлумачыў: “Сапраўднага росквіту кухня дасягнула ў часы ВКЛ, і звязаны ён з імем князя Войшалка, заснавальніка манастырскай кухні. Падчас даследавання мы, напрыклад, знайшлі, адаптавалі і аднавілі адзін з рэцэптаў Войшалка — мяса пад слойкай па-манастырску, а таксама зразаў XIV стагоддзя, якімі частавалі самога караля Ягайлу і падавалі ў Навагрудскіх шляхецкіх сядзібах. Цяпер гэтыя і многія іншыя стравы мы гатуем у ліцэі, а таксама сумесна з дамамі культуры право­дзім майстар-класы па іх гатаванні, частуемся самі і частуем нашых гасцей”. Цікава, што ліцэісты збіралі рэцэпты ва ўсіх вёсках Навагрудчыны і стварылі гугл-карту і сайт. Калі навесці на пэўнае мястэчка ці вёску, адкрыецца рэцэпт, якім карысталіся менавіта ў гэтым населеным пункце.

Студэнцкія ініцыятывы

Дастойнае месца на выставе занялі студэнцкія экспазіцыі. У межах выставы студэн­ты арганізавалі і семінары, канферэнцыі (у тым ліку ў анлайн-фармаце), майстар-класы, выставы работ тэхнічнай творчасці, тэматычныя галерэі, стэндавыя прэзентацыі і інш.

Так, экспазіцыя БНТУ ўключала больш за 70 навукова-метадычных работ і праектаў з усіх факультэтаў і структурных падраздзяленняў, дэманстрацыю навукова-тэхнічных распрацовак, майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, армрэслінгу, гіравым спорце і інш. У выставе прыняў у­дзел Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ, які прадставіў традыцыйныя мастацтвы Кітая.

БДПУ імя Максіма Танка прадставіў увазе наведвальнікаў выставу работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва студэнтаў і выкладчыкаў, работу “Псіхалагічнай гасцёўні” Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі. Былі прэзентаваны валанцёрскі праект “Памяць юных сэрцаў”, культурна-адукацыйны праект “Берагіня”, фестываль “Гарбузовы фэст”, анлайн-платформа “Бацькоўскі ўніверсітэт”, а таксама дзейнасць профільных класаў педагагічнай накіраванасці і студэнцкага клуба “Профіль+”.

Знайшоў сваіх зацікаўленых наведвальнікаў і студэнцкі тэатр “Адра­джэнне батлейкі”. Кацярына Мікалаеўна Цубер, педагог факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, а­дзначыла: “Акрамя ўласна адра­джэння батлеечных традыцый, нашы студэнты актыўна займаюцца валанцёрскай дзейнасцю. Часта мы даём дабрачынныя выступленні, а таксама нас часта запрашаюць правесці майстар-класы па лялькаваджэнні. Гэта толькі здаецца, што батлеечная лялька прымітыўная. Насамрэч, з ёй вельмі складана працаваць, бо агляднасць у нас абмежаваная ў параўнанні з марыянетачнікамі ці лялечнікамі-пальчатачнікамі. Да таго ж, часта 2 акцёры вядуць адразу 5 ці нават больш лялек. Яшчэ нашы лялькі рухаюцца толькі па проразях, як трамвайчыкі, таму наша парада для калег: калі хочаш зрабіць добры паказ — ажыві ляльку”.

Практыкі дадатковай адукацыі

У межах выставы прайшлі IV Гарадскія педагагічныя чытанні работнікаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска “Праектна-даследчая дзейнасць у дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: лепшыя практыкі”. На іх, педагогі ЦДАДіМ “Маяк” падзяліліся сваім вопытам прымянення праектнага метаду навучання ў тэхнічнай творчасці, а іх калегі з “Ветразя” прадставілі праект “АДНО — ВЫ І Я!”— з вопыту арганізацыі адкрытага інклюзіўнага фестывалю творчых магчымасцей “АДНОлькаВЫ_Я”. У “Вікторыі” паспяхова ажыццяўляецца даследчая дзейнасць вучняў для стварэння экскурсій з элементамі тэатралізацыі. У “Кантакце” развіваюць прадпрымальніцкае мысленне з дапамогай экалагічнага выхавання. МДПДіМ прадставіў свой астранамічны клуб “аш-ню” ў сістэме фарміравання прырода­знаўчай дасведчанасці і пазнавальнай цікавасці да астраноміі ў дзяцей і моладзі. Усе гэтыя і іншыя напрацоўкі будуць размешчаны на гарадской пляцоўцы перадавога вопыту, дзе кожны жадаючы зможа ўзяць за аснову сваёй работы пэўны метадычны праект.

На экспазіцыях выставы былі шырока прадстаўлены выхаваўчыя магчымасці не толькі сталічных устаноў дадатковай адукацыі, але і рэспубліканскіх. Так, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прадэманстраваў сінтэз модных калекцый і эксперыментальных творчых нумароў ад пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды” і Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “Арт-вакацыі”.

Педагогі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства разгарнулі работу інтэр­актыўных пляцовак па сучасных напрамках экалагічнай адукацыі дзяцей і моладзі. Яны прапанавалі творчы майстар-клас “Дыханне прыроды”, адукацыйны практыкум “Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі”, камунікатыўную пляцоўку “Шлях у навуку”, а таксама творчы майстар-клас “Велікодны букет”, лабараторныя майстар-класы “Займальныя эксперыменты” і “Дзіўны мікрасвет”. Яшчэ ў межах выставы прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага метадычнага аб’яднання “Сучасныя тэндэнцыі ў ландшафтным дызайне”.

Цікавай была і экспазіцыя Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Людміла Віктараўна Лыткіна, начальнік аддзела інфармацыйна-аналітычнай работы, паведаміла: “Мы працуем толькі з 1 студзеня гэтага года, але ўжо сабралі шмат зацікаўленых дзяцей і падлеткаў, якія добра праяўляюць сябе ў дакладных навуках, матываваны на працяг навучання і атрыманне ведаў у галіне зялёнай хіміі, робататэхнікі, інфармацыйных тэхналогій. Сёння на выставе мы якраз і прадстаўляем такія перспектыўныя кірункі, як прататыпаванне, робататэхніка, беспілотныя лятальныя апараты. У нашым коўчынг-пункце кожны наведвальнік можа пратэсціраваць свае прафесійныя здольнасці і падабраць для сябе на будучыню пэўныя кірункі, а ў інфармацыйным цэнтры па атамнай энергіі самыя юныя наведвальнікі змогуць памерацца сіламі ў разгадванні рэбусаў і галаваломак”.

Папяровыя карункі

Адной з важных падзей выставы стаў Рэспубліканскі конкурс юных майстроў “Беларуская выцінанка”. Удзел у ім прынялі 20 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны ў 2 узроставых групах — 10—12 і 13—16 гадоў. На працягу 3 гадзін дзеці выконвалі свае работы ў намінацыях “Дрэва жыцця” і “Букет”.

Яўген Міхайлавіч Сахута, старшыня журы, даваў рэкамендацыі, прыглядваўся, ці правільна дзеці выразаюць, а таксама адзначыў: “Сёння выцінанка стала вельмі папулярнай, і, што асабліва прыемна, менавіта ў адукацыйным працэсе — у школах і нават у дзіцячых садках. Справа ў тым, што тут ёсць прастата выканання, але ў гэтым відзе творчасці можна справіцца з любой мастацкай задачай. І кампазіцыя, і каларыстыка, і стылізацыя дазваляюць вырашаць усе задачы, якія ставяцца перад мастацкай адукацыяй. А па-другое, а можа, нават па-першае, — гэта вельмі даступны від мастацкай творчасці. Тут не патрэбна фізічная сіла, як у разьбярстве, складанае абсталяванне, як у ганчарстве. Нажніцы, папера, фантазія — і вы сваімі мастацкімі творамі парадуеце і сябе, і педагогаў, і ўсё грамадства. Яшчэ нядаўна гэты від мастацкай творчасці быў практычна забыты, і толькі на хвалі нацыянальнага культурнага адра­джэння мы звярнуліся да забытых старонак нашай культуры — і выцінанка адрадзілася і выйшла ў шэраг найбольш папулярных відаў сучаснай мастацкай творчасці. І самае прыемнае, што актыўныя яго прадстаўнікі — якраз школьная дзетвара. Значыць, традыцыя будзе жыць”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.