“Крэдытнае” эсэ

- 14:26Адукацыйная прастора

Вынікі абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці падвялі на Магілёўшчыне.

Як паведаміла метадыст аддзела педагагічных інавацый МДАІРА А.І.Сарвіра, алімпіяда, галоўная мэта якой — павышэнне фінансавай дасведчанасці моладзі, аб’яднала звыш 70 навучэнцаў з розных куткоў вобласці.

— Сёлета алімпіяда ўпершыню праходзіла ў дыстанцыйным фармаце. Але гэты фактар не паўплываў на коль­касць удзельнікаў. Толькі ў першым этапе алімпіяды прымалі ўдзел каля трох тысяч навучэнцаў з больш чым 290 устаноў адукацыі: базавых і сярэдніх школ, вучэбна-педагагічных комплексаў, гімназій, ліцэяў, кадэцкага вучылішча. Раённыя туры аб’ядналі звыш 600 вучняў, — расказала Алена Іванаўна.

Па яе словах, далей прайшлі навучэнцы, якія набралі найбольшую колькасць балаў у адпаведнасці з агульным рэйтынгам. На трэцім, абласным этапе алімпіяды ступень іх падрыхтоўкі правяралася пры дапамозе тэставых заданняў і напісання эсэ. Трыццаць пытанняў тэста закраналі розныя раздзелы эканомікі, асноў спажывецкіх ведаў і фінансавай дасведчанасці. А ў эсэ ўдзельнікам неабходна было прадставіць свае меркаванні наконт таго, на што трэба звяртаць увагу грамадзяніну, перш чым падпісаць з банкам дагавор аб атрыманні крэдыту.

Усе ўдзельнікі добра справіліся з прапанаванымі заданнямі. Сярод канкурсантаў былі нават такія, хто набраў амаль максімальную колькасць балаў.

Што тычыцца пераможцаў, то 3-е месца ўпэўнена заняў вучань сярэдняй школы № 18 Магілёва Данііл Акунёў. Дыплом ІІ ступені па праве дастаўся навучэнцу Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Георгію Пекерту. А лепшым знаўцам фінансаў стаў вучань сярэдняй школы № 1 Круглага Уладзіслаў Каток.

Абсалютна ўсе ўдзельнікі абласнога этапу алімпіяды атрымалі дыпломы і памятныя манеты ад Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. А пераможцы і педагогі, якія іх падрыхтавалі, былі адзначаны яшчэ і каштоўнымі падарункамі ад “Ашчадбанка”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.