Крочыць разам з краінай

Стагоддзе БДУ з’яўляецца гістарычнай падзеяй у жыцці не толькі ВНУ, але і краіны, заявіла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час урачыстага пасяджэння Савета БДУ.

Студэнты фізфака БДУ злева направа: Максім Хільковіч, Марыя Верамейчык, Таццяна Гарадко, Данііл Сідорык.

— Не кожнаму дадзена адзначаць такі юбілей, а мы сёння маем дачыненне да гэтай гістарычнай падзеі ў жыцці не толькі ўніверсітэта, але і нашай краіны. Таму што БДУ — гэта не проста найбуйнейшы навуковы, адукацыйны цэнтр эканомікі. Вы крочыце разам з нашай краінай. Тая немалая гісторыя, якая ёсць ва ўніверсітэта, і тыя слаўныя традыцыі, якія сёння прадоўжаны вамі, а закладзены некалі тымі, хто стаяў ля вытокаў станаўлення ўніверсітэта, далі магчымасць зрабіць усё для таго, каб ВНУ адбылася і была прызнана ва ўсім свеце, — сказала Наталля Качанава.

Старшыня Савета Рэспублікі выказала словы ўдзячнасці за работу па падрыхтоўцы спецыялістаў для ўсіх галін нашай краіны, па выхаванні патрыётаў:

— У Беларусі няма ніводнага прадпрыемства і арганізацыі, дзе б не працавалі вашы выпускнікі. 185 тысяч спецыялістаў падрыхтавана для розных галін нашай краіны. Дзякуй вам вялікі за гэта. Я шчыра хачу пажадаць усяго самага добрага, вядома, далейшага развіцця, станаўлення, росквіту і асабіста кожнаму з вас здароўя.

100-годдзе БДУ ўнесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА, што надзяляе гэтае мерапрыемства міжнародным статусам, пацвярджае значны ўклад беларускай ВНУ ў развіццё сусветнай адукацыі і навукі.

Наталля Качанава падкрэсліла, што БДУ актыўна ўключаецца ў вырашэнне важных для нашай краіны задач:

— Эксперты і вучоныя ўніверсітэта працуюць разам з намі над распрацоўкай заканадаўства, а цяпер мы ўсе разам працуем над Асноўным законам краіны — Канстытуцыяй. Я ўжо ўбачыла распрацоўкі па папярэджванні распаўсюджвання кавід-інфекцыі. Гэта тыя выклікі, якія падносіць нам жыццё, і вы крочыце разам з краінай, а недзе — наперадзе. Мы разумеем, што ўсё гэта няпроста, гэта ўсё вялікая праца. І вы ведаеце, як паважліва Прэзідэнт адносіцца да педагогаў, студэнтаў, да той дзейнасці, якой займаюцца прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу. У гэтай зале нядаўна была сустрэча са студэнтамі — даверлівая і адкрытая размова, а сёння мне выпаў вялікі гонар зачытаць прывітанне Прэзідэнта з нагоды 100-гадовага юбілею.

Старшыня Савета Рэспублікі таксама ўручыла дзяржаўныя ўзнагароды супрацоўнікам БДУ.

Па матэрыялах БелТА.