Крочыць у будучыню з усмешкай

- 10:43Адукацыйная прастора

Першы тур IV Абласнога чэмпіянату школьных каманд КВЗ прайшоў у Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі. У фестывалі прынялі ўдзел 23 каманды з розных гарадоў і раёнаў Паўночнага рэгіёна.

Як праінфармавала загадчык сектара культурна­масавай работы абласнога Палаца дзяцей і моладзі Вольга Бельчанкова, сёлета фармат спаборніцтва ў многім быў зменены. Спачатку кожная каманда прадставіла традыцыйную “Візітную картку”. Па выніках гэтага этапу каманды размеркаваліся ў дзве групы: “А” (з колькасцю балаў ад 4,8 да 5, сюды трапіла 9 каманд) і “В” (з баламі ніжэй за 4,7).

У намінацыі “Лепшы жарт” перамагла каманда “КУБА” Кіраўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна. Лепшую мініяцюру падрыхтавала каманда “Усё па­даросламу” гімназіі № 5 Віцебска. Лепшым акцёрам журы прызнала Ягора Іванова з каманды “Крышка” сярэдняй школы № 3 Оршы. У намінацыі “Лепшая актрыса” інтрыга захоўвалася да апошняга моманту. Было відавочна, што галоўныя прэтэндэнткі на перамогу — Дар’я Заморац, Паліна Карцава і Кацярына Сазон з каманды “Сляпы лось” гімназіі № 8 Віцебска. Рэдкае супадзенне: тройка безумоўных лідараў аказалася з адной каманды, да таго ж дзяўчаты набралі аднолькавую колькасць балаў і ў выніку падзялілі 1­е месца. Плануецца, што наступныя гульні груп “А” і “В” у гэтым сезоне будуць арганізаваны адначасова на пляцоўках у Віцебску, Оршы і Полацку.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі.