Крок да грамадзянскай сталасці

- 16:58Актуально

Новы крок да грамадзянскай сталасці робяць старшакласнікі нашай краіны ў рамках адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. На гэтым тыдні ва ўсіх кутках краіны навучэнцы з педагогамі абмяркоўвалі прыярытэты канфесійнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у рамках тэмы “Гордасць за Беларусь. Мір міжканфесійны, міжнацыянальны мір”.

Па традыцыі да дыялогу на пляцоўках “Школы актыўнага грамадзяніна” далучыліся кампетэнтныя госці. Так, першы намеснік міністра адукацыі Ірына Анатольеўна Старавой­тава сустрэлася з навучэнцамі філіяла БНТУ Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа.

Інфармгадзіну правяла выкладчыца гісторыі і грамадазнаўства Таццяна Рыгораўна Гарошка, а яе ўдзельнікамі сталі першакурснікі каледжа. На сустрэчы абмеркавалі, як у нашай краіне склалася канфесійная разнастайнасць і як атрымліваецца дасягаць адсутнасці канфліктаў на рэлігійнай глебе, як ладзіцца міжканфесійны дыялог і добрасуседства ўсіх рэлігій і як забяспечваецца права на свабоду веравызнання. Таксама гаворка ішла аб знакавых храмах, якія існуюць у нашай краіне, і іх значэнні. Асаблівую ўвагу ўдзя­лілі храму-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі.

Ірына Анатольеўна Старавой­тава падчас адкрытага дыялогу з навучэнцамі адзначыла, што канфесійная палітыка Рэспублікі Беларусь накіравана на падтрыманне і ўмацаванне міжканфесійнага міру, згоды ў беларускім грамадстве, развіццё ўзаемадзеяння з гістарычна традыцыйнымі канфесіямі.

“Мы, беларусы, навучыліся жыць у міры і згодзе адно з адным, нягледзячы на розныя веравызнанні. Для беларускага грамадства характэрны верацярпімасць і адсутнасць канфліктаў на рэлігійнай глебе. На падтрыманне мірнага суіснавання рэлігійных супольнасцей накіраваны палітыка дзяржавы і дзейнасць саміх рэлігійных арганізацый”, — падкрэсліла першы намеснік міністра адукацыі.

І.А.Старавойтава звярнула ўвагу на тое, што адукацыя ў нашай краіне мае свецкі характар, аднак установы адукацыі цесна ўзаемадзейнічаюць з праваслаўнай царквой. Пры гэтым усе сумесныя мерапрыемствы і праекты не носяць выключна рэлігійны характар, а заснаваны на агульначалавечых каштоўнасцях і маральных прынцыпах.

Тым часам намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай завітаў на інфармацыйную га­дзіну ў гімназію № 11 Мінска імя І.Д.Чарняхоўскага.

Мерапрыемства пачалося з наведвання выставы “Мітрапаліт Філарэт. Грані служэння”, якую правёў Святаслаў Рагальскі, святар, старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя Святых Мяфодзія і Кірыла”. Святаслаў Рагальскі — часты госць гімназіі, ён дапамагае настаўнікам у справе маральна-духоўнага выхавання моладзі. Дарэчы, яшчэ ў 2005 го­дзе ў гімназіі быў уведзены факультатыў “Духоўныя асновы культуры”, а з 2007 года распачалася работа над духоўна-адукацыйным праектам “Логас”. Таксама ў гімназіі дзейнічае рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні.

А.В.Кадлубая запрасілі і ў школьны музей “Вызваленне Беларусі”, які мае званне народнага. Навучэнцы гімназіі — удзельнікі савета музея — прадставілі панараму экспазіцый музея: баявы шлях І.Д.Чарняхоўскага, Мінскае падполле, куток памяці загінуўшых воінаў.

Працягам мерапрыемства стала сустрэча за круглым сталом. Яе ўдзельнікамі сталі навучэнцы 9—10 класаў гімназіі, а мадэратарам — настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Павел Уладзіміравіч Жаўрык.  

Размова ішла пра гуманныя адносіны паміж людзьмі незалежна ад іх нацыянальнасці, нацыянальнай самасвядомасці і веравызнання, пра  традыцыі, патрыятызм і  духоўныя каштоўнасці, захаванне гістарычнай і культурнай памяці.

У змястоўнай размове з гімназістамі Аляксандр Кадлубай спыніўся на важным моманце: “У нашай краіне дакладна вызначана дзяржаўна-гістарычная палітыка, накіраваная на захаванне аб’ектыўнай гістарычнай памяці народа, недапушчэнне яе скажэння і фальсіфікацыі”.

Дар’я РЭВА.