Крок за крокам па экалагічнай сцяжыне

Выхаванне асноў экалагічнай культуры ў дзяцей — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай дашкольнай установы. Вывучэнне прыроды выклікае ў малышоў вялікую цікавасць, фарміруе характар, робіць іх чулымі і добрымі.

Каб звесткі пра навакольны свет не абмяжоўваліся наборам асобных ведаў, арганізоўваю работу з улікам адукацыйнага патэнцыялу мясцовасці. На тэрыторыі ўстановы размешчана экалагічная сцяжына, якая знаёміць з некаторымі прыроднымі аб’ектамі і ўяўля­е сабой просты вучэбна-наглядны ком­плекс.

Сцяжына разбіта на тэматычныя станцыі: “Птушыны гарадок”, “Маленькія метэаролагі”, “Зялёная аптэка”, “Ёсць у нас агарод”, “Дрэвы і кусты”, “Кветнік” і “Дзіўная краіна Насякомія”. Праходжанне маршруту залежыць ад узросту выхаванцаў. Так, для старэйшых дашкольнікаў арганізаваны больш поўны агляд прыродных аб’ектаў жывой і нежывой прыроды. Для кожнай узро­ставай групы вызначаны змест адукацыйнай работы на станцыях экалагічнай сцяжыны: мэты, задачы і віды дзейнасці з улікам пары года.

З мэтай азнаямлення дзяцей з прыроднымі аб’ектамі сцяжыны праводжу тэматычныя экскурсіі (заняткі) і назіранні, арганізоўваю элементарную працоўную і пазнавальную практычную дзейнасць, ма­дэлюю сітуацыі актыўных зносін і праблемныя сітуацыі, рухавыя і дыдактычныя гульні і інш.

Падчас назіранняў дзеці знаёмяцца з рознымі аб’ектамі і з’явамі навакольнага свету. Пры гэтым у малышоў развіваюцца ўспрыманне, назіральнасць, мысленне, маўленне і ўвага. У залежнасці ад пазнавальных задач звяртаюся да розных відаў назіранняў: “Расліны-барометры”, “Чаму мёд называецца ліпавым?”, “Чым харчуюцца насякомыя?”, “Што любяць снегіры, сінічкі?” і інш.

Элементарная працоўная дзейнасць у спалучэнні з назіраннямі пашырае веды пра расліны і аб’екты нежывой прыроды, удасканальвае працоўныя навыкі і ўменні дзяцей, выхоўвае працавітасць. Асаблівую ўвагу ўдзя­ляю зімовай падкормцы птушак на станцыі “Птушыны гарадок”. Кармушкі, вырабленыя дзецьмі разам з баць­камі, развешаны па ўсім участку. Выхаванцы з задавальненнем нарыхтоўваюць для крылатых сяброў корм. Зімовая падкормка ўдакладняе ўяўленні дзяцей пра зімуючых птушак, асаблівасці іх жыцця ў халодную пару года. Скіроўваю ўвагу дашкольнікаў на важнасць зімовай падкормкі птушак для выратавання іх ад гібелі.

Сістэматызаваць уяўленні выхаванцаў аб прыро­дзе дапамагаюць сітуацыі актыўных зносін “Верабейчыкі”, “Птушыныя загадкі”, “Пчолы і камары”, “Будзільнік” і іншыя, якія не толькі забяспечваюць высокую інтэлектуальную і маўленчую актыўнасць, але і фарміруюць уласную пазіцыю ў адносінах да свету прыроды.

Вырашаючы праблемныя сітуацыі “Як дапамагчы пажоўклай кветцы?”, “Птушаня вывалілася з гнязда” і іншыя, дзеці прыходзяць да пэўных высноў, абапіраючыся на асабісты жыццёвы вопыт.

Шмат увагі ўдзяляю пазнавальнай практычнай дзейнасці (“З чаго птушкі робяць гнёзды?”, “З чаго можна вырабіць кармушку для птушак?”), знаёмству з нежывой прыродай (глебай, вадой, паветрам).

На станцыі “Маленькія метэаролагі” з дапамогай спецыяльнага прыстасавання развіваю ў выхаванцаў уменне вызначаць напрамак і сілу ветру, тэмпературу паветра, вымяраць колькасць ападкаў (“Дажджамер. Доследы з дажджавой вадой”, “Знаёмства з флюгерам і ветраным рукавом”, “Ці можна пачуць вецер?”).

У дыдактычных гульнях удакладняю, замацоўваю і пашыраю ўяўленні дзяцей аб прадметах і з’явах прыроды, раслінах і жывёлах. Многія гульні падводзяць дзяцей да абагульнення і класіфікацыі, развіваюць увагу, па­мяць і назіральнасць, актывізуюць і абагачаюць слоўнік.

Актыўна выкарыстоўваю на ўсіх станцыях экалагічнай сцяжыны прадметныя гульні з лісцем, насеннем, кветкамі, фруктамі і агароднінай. Звяртаюся да рухавых гульняў прыродазнаўчага характару “Вароны і сабачка”, “Пералёт птушак” і “Кропелькі”, звязаныя з перайманнем, звычкамі жывёл, іх ладам жыцця.

Распрацаваны алгарытм форм і метадаў арганізацыі адукацыйнага працэсу на экалагічнай сцяжыне дапамагае далучаць да грамадска карыснай дзейнасці і прыродаахоўных мерапрыемстваў не толькі дзяцей, але і іх бацькоў, выхоўваць адказнасць за наступствы ад сваіх дзеянняў у адносінах да навакольнага свету.  

Людміла БАНЦЭВІЧ,
выхавальніца Пагост-Загародскага ясляў-сада Пінскага раёна.