Крокі да поспеху

- 9:25Сацыяльны ракурс

У Маскоўскім раёне Брэста падвялі вынікі раённага этапу абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Малады настаўнік Брэстчыны”. Пераможцам спаборніцтва стаў настаўнік кітайскай мовы Дзмітрый Васільевіч Ятчэня з сярэдняй школы № 7.

У конкурсе, які праводзіўся з мэтай выяўлення творчых педагогаў, павышэння іх прафесійнага майстэрства, самарэалізацыі і замацавання ва ўстановах адукацыі, удзельнічалі 29 маладых спецыялістаў са стажам работы да 5 гадоў. Журы парадавала, што сярод іх павялічылася колькасць мужчын, якія свядома выбралі настаўніцкую прафесію.

Крэатыўным падыходам да шляху да поспеху вылучаліся настаўнік пачатковых класаў Вячаслаў Рыгоравіч Керазь з сярэдняй школы № 19 і настаўнік фізічнай культуры і здароўя Дзяніс Анатольевіч Баброўскі з сярэдняй школы № 14 імя Я.М.Фаміна. Канкурсанты падрыхтавалі цікавыя матывацыйныя відэаролікі на тэму “Чаму я вырашыў стаць настаўнікам?” і ўрокі, дзе паказалі розныя метады, прыёмы і формы работы, удалае спалучэнне гульняў і праблемнага навучання ў раскрыцці творчых здольнасцей дзяцей.

Настаўнік кітайскай мовы Д.В.Ятчэня з сярэдняй школы № 7 лічыць, што галоўнае ў педагагічнай рабоце — любіць дзяцей і быць з імі сумленным. Толькі тады можна іх чаму-небудзь навучыць. Не менш важныя для прафесійнага поспеху працавітасць і творчасць.

— Адна з прыярытэтных задач метадычнай работы з маладымі спецыя­лістамі ў нашай школе — павышэнне іх інфармацыйнай, даследчай і рэфлексіўнай кампетэнцый, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 7 І.Л.Сікорская. — Ва ўстанове створана эфектыўная сістэма для замацавання маладых педагогаў, работа з якімі ўлічвае іх каштоўнасныя арыенціры, у тым ліку прафесійнага характару.

Конкурс паказаў, што сучасныя маладыя настаўнікі вылучаюцца добрай эрудыцыяй, творчым пошукам і высокай матывацыяй. Даўно даказана: паспяховы старт у прафесійнай кар’еры пачынаецца менавіта з конкурсаў.

Ніна ДРЫК,
намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста.