Крокі да здароўя

Калі чалавек пакідае ўстанову прафесійнай адукацыі, перад ім паўстаюць дарослыя, няпростыя задачы — прафесійныя і сацыяльныя. Тое, як ён будзе з гэтымі задачамі спраўляцца, залежыць ад шэрага розных фактараў. Адзін з фундаментальных фактараў — здароўе. Яго стан значна ўплывае на тое, як чалавек ідзе да сваёй мэты ў жыцці — бадзёра, павольна або наогул ніяк. Таму зберажэнне здароўя і прывіццё карысных звычак — задачы, над якімі актыўна працуюць у прафліцэях і каледжах. Прыкладам можа служыць Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, дзе распрацавалі сваю сістэму работы ў гэтым кірунку.

Дзень здароўя ў каледжы.

У каледж дзеці трапляюць у даволі няпросты перыяд сталення. Вядома, што падлеткавы ўзрост — гэта час пратэсту і супрацьстаяння літаральна ўсяму. Акрамя таго, апынуўшыся па-за бацькоўскім позіркам і выйшаўшы з-пад іх кантролю, некаторыя пачынаюць выкарыстоўваць атрыманую свабоду не самым лепшым чынам. Калі ў гэты перыяд не дапамагчы маладому чалавеку знайсці правільны шлях, невядома, якую сцяжынку ён выбера. Таму так важна выкарыстоўваць гэты час для выхавання правільнага стаўлення да ўласнага здароўя.

У 2008 годзе, які быў абвешчаны Годам здароўя ў Рэспубліцы Беларусь, у Столінскім аграрна-эканамічным каледжы вакол ідэі здаровага ладу жыцця аб’ядналі намаганні ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу. Сістэма работы па здароўезберажэнні актывізавалася і набыла дакладную структуру, якая знайшла ўвасабленне ў метадычным зборніку “Здароўезберагальныя тэхналогіі ў вучэбна-выхаваўчым працэсе каледжа”. Штогод з’яўляліся новыя напрацоўкі і зборнікі па канкрэтных напрамках, напрыклад “Аб сістэме работы па прафілактыцы СНІДу”, “Адкрыта аб курэнні”, “Праблема і яе вырашэнне”, “Школа “5 крокаў да здароўя”.

Значнай падзеяй стала распрацоўка выхаваўчага праекта “Мой ЗЛЖ”. Праект прадугледжвае вельмі актыўную дзейнасць літаральна з першых дзён навучання ў каледжы. На працу з першакурснікамі робіцца асаблівы ўпор.

— Вялікую ўвагу ўдзяляем пытанням здаровага ладу жыцця на першым курсе. Практыка паказвае, што ў большасці выпадкаў навучэнцы, якія да нас прыходзяць, валодаюць павярхоўнымі ведамі па розных напрамках здароўя, практычна ніхто не ведае, як выбудаваць сваю індывідуальную праграму здароўя. У навучэнцаў недастаткова сфарміравана перакананасць у негатыўным уплыве шкодных звычак на арганізм чалавека, назіраецца недастатковая адказнасць за сваё здароўе сёння і заўтра, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Канстанцін Канстанцінавіч Клімовіч. — Каб ліквідаваць усе сумненні, замацаваць перакананасць у тым, што перш за ўсё кожны адказны за тое, што адбываецца з яго здароўем і здароўем яго блізкіх, і быў створаны праект.

Сустрэча “Тваё жыццё — твой выбар”.

Праект прадугледжвае 8 важных этапаў, якія праходзяць навучэнцы для засваення патрэбных ведаў аб здаровым ла­дзе жыцця і набыцця карысных прывычак. Для іх ладзіцца шэраг тэматычных куратарскіх гадзін, спартыўных і выхаваўчых мерапрыемстваў. Для іх правядзення распрацаваны метадычныя матэрыялы, змешчаныя ў спецыяльным зборніку. Да рэалізацыі праекта далучаецца шэраг спецыялістаў: куратары груп, педагогі-псіхолагі, выхавальнікі інтэрната, педагогі сацыяльныя, кіраўнікі фізвыхавання. Работа пачынаецца са знаёмства з нарматыўна-прававой базай, якая тычыцца здароўя грамадзян нашай краіны.

Наступны этап — вывучэнне правільнай арганізацыі рэжыму працы і адпачынку. Навучэнцы засвойваюць асновы тайм-менеджменту, каб паспяваць рабіць усе справы і пры гэтым мець час на здаровы сон.

Яшчэ адна тэма для абмеркавання і засваення — сацыяльнае здароўе, фактары, якія ўплываюць на здароўе. Вывучаецца і псіхічнае здароўе, роля эмацыянальнай сферы ў захаванні здароўя. Юнакі і дзяўчаты вучацца вырашаць праблемы, спакойна і ўраўнаважана шукаць выйсце са складаных сітуацый. Важны этап праекта — распрацоўка індывідуальнай праграмы здаровага ладу жыцця для кожнага навучэнца. На папярэдніх занятках з дапамогай анкет і тэстаў навучэнцы вызначаюць свае слабыя бакі і складаюць план работы над сабой. Першыя вынікі праекта падводзіць “Дзень здароўя ў нашай групе”. А завяршае праект “Дзень здароўя ў кале­джы” — масавае спартыўнае свята і ўзнагароджванне тых, хто найбольш актыўна праявіў сябе на ўсіх этапах рэалізацыі праекта.

Асаблівыя меры прымаюцца ва ўстанове і для барацьбы з курэннем. Гэтай дрэннай звычкай ахоплены людзі розных узростаў, полу, адукацыі па ўсім свеце. На жаль, і некаторыя навучэнцы каледжа не выключэнне. Для работы ў гэтым кірунку распрацавалі праграму “Школа “5 крокаў да здароўя”. Да навучання ў школе запрашаюцца навучэнцы 1 курса, якія ку­раць. 5 крокаў — гэта 5 мерапрыемстваў і матывацыйных сустрэч з рознымі спецыялістамі, аўтарытэтнымі асобамі.

— Асновай гэтай работы стала фарміраванне каманды аднадумцаў, можна нават сказаць сацыяльных ратавальнікаў, неабыякавых людзей з цвёрдай жыццёвай пазіцыяй. Мы разумеем, што не трэба ваяваць з курцамі, а высту­паць супраць курэння. І галоўнымі сродкамі ў гэтай барацьбе з’яўляюцца сіла пераканання і асабісты прыклад кожнага, — лічыць К.К.Клімовіч.

Крочачы да здароўя, навучэнцы сустракаюцца з урачом-валеолагам Рыгорам Іванавічам Карчэўскім, адказным па справах моладзі Пінскай епархіі Уладзіславам Нячаем. Педагогі каледжа право­дзяць змястоўныя мерапрыемствы, дыскусіі і тэматычныя гульні, апытанні. Падлеткі рыхтуюць тэатралізацыі, ладзяць “Антынікацінавыя танцы”, бяруць удзел у конкурсе-эксперыменце для праверкі і параўнання аб’ёму лёгкіх тых, хто курыць, і тых, хто гэтага не робіць. Многім навучэнцам удаецца па-іншаму паглядзець на шкодную звычку і развітацца з ёй.

Яшчэ ўчора за здароўе і паводзіны навучэнцаў прафліцэяў і каледжаў адказвалі іх баць­кі, а сёння — яны самі. Калі яны добра падрыхтаваны да гэтага — цудоўна, а калі не, то ім патрэбна дапамога, каб яны змаглі стаць свайму здароўю сябрамі, а не ворагамі. Безумоўна, такую дапамогу ў Столінскім аграрна-эканамічным каледжы яны атрымліваюць.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановай адукацыі.