Крокі дарослых да камфорту дзяцей

Днямі ў Санкт-Пецярбургу прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя “Адукацыя як фактар развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу асобы і сучаснага грамадства”. Удзел у ёй прынялі вучоныя і спецыялісты-практыкі з адукацыйных устаноў Беларусі, Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Індыі і Папуа — Новай Гвінеі. Іх вопыт на працягу двух дзён канферэнцыі вывучалі і студэнты Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна — будучыя педагогі і псіхолагі.

Сеткавыя перспектывы

Удзельнікі канферэнцыі ў сваіх выступленнях узнялі актуальныя метадалагічныя і тэарэтычныя пытанні агульнай, прафесійнай і дадатковай адукацыі, прадставілі інавацыйныя ідэі вышэйшай прафесійнай адукацыі. Выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў выказалі свае разважанні па такіх пытаннях, як асаблівасці матывацыі студэнтаў кірунку “педагагічная адукацыя” профілю “пачатковая адукацыя”, эвалюцыя тэксту школьнага падручніка, вэб-квесты як сродак фарміравання чытацкай кампетэнцыі малодшых школьнікаў і інш.
Самыя далёкія ўдзельнікі канферэнцыі засяродзіліся больш на інфармацыйных тэхналогіях. Напрыклад, міжнародная каманда, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Расіі, Індыі, Папуа — Новай Гвінеі і Філіпін, у рэжыме skype-канферэнцыі расказала пра іх узаемадзеянне ў рамках сеткавага міжнароднага аб’яднання і сумесна распрацаваную праграму курса “Воблачныя і вэб-тэхналогіі ў змешаным навучанні” для павышэння кваліфікацыі для прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэтаў.
Ніна Мікалаеўна Захожая, начальнік упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў выхаваўчай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, таксама расказала пра сеткавае педагагічнае супрацоўніцтва, але тэрытарыяльна больш звужанае. У прыватнасці паведаміла пра рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу ў выхаваўчай рабоце праз арганізацыю ўзаемадзеяння сеткавых педагагічных таварыстваў. Так, на сёння ў Мінску ў сеткі аб’ядналіся класныя кіраўнікі, школьныя бібліятэкары, педагогі-псіхолагі, сацыяльныя педагогі, педагогі-арганізатары, намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце. Па словах Ніны Мікалаеўны, і прафесійны рост гэтых педагогаў, і пашырэнне імі межаў выхаваўчай прасторы адбываецца менавіта дзякуючы наладжанаму ўзаемадзеянню паміж гэтымі таварыствамі.
Увогуле, прыярытэтным выхаваўчым аспектам і тэхналогіям падчас мерапрыемства была ўдзелена асаблівая ўвага. Так, Уладзіслаў Валянцінавіч Ганін, прафесар, дырэктар Крымскага філіяла Міжнароднай акадэміі сацыяльных тэхналогій, звярнуўся да віктымалогіі — навукі аб рэальных ці патэнцыяльных ахвярах (злачынцаў, стыхійных бедстваў, катастроф, бежанцаў і інш.) і мерах дапамогі ім. Па словах выступоўцы, на фоне ўзрастання пагрозы міжнароднага тэрарызму, ісламскага экстрэмізму, абвастрэння палітычнай сітуацыі і павелічэння сацыяльных праблем у дзяржавах постсавецкай прасторы (ды і не толькі) віктымізацыя насельніцтва, павелічэнне ступені віктымнасці ахвяр імкліва ўзрастае. І асабліва ўразлівыя ў гэтых адносінах падлеткі і маладыя людзі. У якасці станоўчага прыкладу прывёў вопыт сярэдняй школы № 12 Сімферопаля, дзе, згодна з яго даследаваннем, непаўналетніх з высокай ступенню віктымнасці ўвогуле не выяўлена. Ён, у прыватнасці, зазначыў: “Такі вынік у многім забяспечаны работай педагогаў школы. Нягледзячы на тое, што ў школе часова адсутнічае псіхолаг, настаўнікі як самастойна, так і з прыцягненнем службаў і бацькоў, дастаткова паспяхова праводзяць віктымалагічную прафілактыку. Наладжана цесная сувязь школы з праваахоўнымі органамі горада, якія праводзяць тут заняткі па прафілактыцы правапарушэнняў, па інфармаванні дзяцей аб іх правах і спосабах абароны, праводзяць заняткі па грамадзянскай абароне, ахове ад надзвычайных сітуацый, ДІБДР праводзіць заняткі па правілах дарожнага руху. У школе працуюць тэлефон даверу і прамая пошта даверу дырэктара школы, гурткі і спартыўныя секцыі, створана і дзейнічае школьная служба вырашэння канфліктаў “Згода”. Класныя кіраўнікі праводзяць гутаркі па прафілактыцы траўматызму, экстрэмісцкай дзейнасці сярод непаўналетніх, па папярэджанні распаўсюджвання ў падлеткавым асяроддзі нацыянальнай, расавай, рэлігійнай дыскрымінацыі, па выхаванні талерантнасці, па павышэнні прававой граматнасці. У школе плануецца ўвядзенне курса ювенальнай прыкладной віктымалогіі для старшакласнікаў, распрацоўваецца дарожная карта віктымнай прафілактыкі для навучэнцаў 5—11 класаў”.

Выхоўваючы мілыя сэрцы

Выкладчык Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вікторыя Аляксееўна Гусева прадставіла вопыт сваёй установы па выхаванні міласэрнасці ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту і засяродзіла ўвагу прысутных на тэматычных дыдактычных гульнях для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, распрацаваных сумесна са студэнтамі факультэта адукацыйных тэхналогій і дызайну ў межах спецкурса “Выхаванне ў дзяцей міласэрнасці” і апрабаваных на першай ступені навучання ў адукацыйнай установе.
Напрыклад, у гульні “Лячэбніца” навучэнцам 3—4 класаў прапаноўваецца пабыць у ролі ўрачоў ці пацыентаў, якія маюць сацыяльныя захворванні, напрыклад, нянавісць да жывёл, злараднасць. Пасля прыёму пацыента медкансіліум, карыстаючыся гульнявым тлумачальным слоўнікам, ставіць дыягназ хвораму і назначае меры для лячэння і аднаўлення страчанага здароўя. Напрыклад, хвораму на жорсткасць у дачыненні да жывёл лячэнне такое: “Я рэкамендую вам прымаць па адной таблетцы жаласлівасці і спачування 3 разы на дзень, нашча раніцай і вечарам па 15—20 хвілін — прагляд тэлевізійных праграм на канале “Свет жывёл” і чытанне казак пра жывёл у працэдурным кабінеце — па адной працэдуры нанач штодзень на працягу 2-тыднёвага курса”. Пры злараднасці і такіх сімптомах, як асалода бачыць, як настаўнік ставіць дрэнную адзнаку, пры жаданні паставіць аднакласніцы падножку ці высмеяць яе паўнату, медперсанал разам з загадчыкам аддзялення (настаўнікам) таксама распрацоўвае індывідуальны план лячэння для кожнага пацыента.
У гульні “Міласэрная паліцыя” дзеці выказваюць свае адносіны да розных жыццёвых сітуацый: смех як рэакцыя на падзенне аднакласніцы, растрата сродкаў на мабільную сувязь на карысць фонду для пацярпелых ад наваднення, эканомія на сабе мнагадзетнай сям’і, якая тры разы ў тыдзень гатуе ежу на 100 бяздомных людзей і бясплатна яе раздае, і інш.
Выхаваннем міласэрнасці і ўвогуле маральным выхаваннем актыўна займаюцца педагогі Гомеля, дзе наладжана сістэма духоўна-маральнага выхавання ў рабоце з дзецьмі, бацькамі, педагогамі. У прыватнасці, у якасці прыкладу была прадстаўлена дзейнасць сярэдняй школы № 8 Гомеля, дзе быў створаны комплекс педагагічных умоў развіцця выхаваўчага патэнцыялу сучаснай сям’і. Педагогі спраектавалі і ўкаранілі ў адукацыйную прастору вэб-старонку для бацькоў на сайце школы, школьнае друкаванае выданне “Спазнаю свет”, кіналекторый “Пад сонцам”, інфармацыйны банк электронных матэрыялаў для абмеркавання з бацькамі, медыятэку відэаролікаў па праблемах выхавання, якая ўключыла фільмы-гутаркі з псіхолагамі і супрацоўнікамі царквы “Глабалізацыя супраць сям’і”, “Галодная душа ў супермаркеце свабоды”, “Асцярожна, цывілізацыя!” і інш. Шмат было праведзена мерапрыемстваў, накіраваных на актуалізацыю значнасці сямейных традыцый. У прыватнасці, гэтаму паспрыялі факультатыў “Асновы гендарнай культуры”, сумесныя паломніцкія паездкі, арганізацыя сямейных свят свецкага і царкоўнага календара, работа бацькоўскага лекторыя “Маміна школа” і інш.

Дзіцячы сад: у згодзе з традыцыямі і з прыродай

Выкладчык ЛДУ імя А.С.Пушкіна Марыя Валер’еўна Груздзева прысвяціла сваё выступленне выхаванню цнатлівасці ў дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Засяродзіла ўвагу на тым, што мяжа паміж дабром і злом, дакладная некалі, сёння размываецца, у маладзёжным асяродку стала актуальная фраза “Дабро і зло — паняцці адносныя”.
“Такія неабходныя для развіцця асобы дзіцяці маральныя каштоўнасці, як цнатлівасць, мацярынства, вернасць, якія непасрэдна суадносіліся з рускім характарам, масавая культура часам дае моладзі ў скажоным выглядзе ці ўвогуле дыскрэдытуе, — адзначыла Марыя Валер’еўна. — У прыватнасці, у нізкапробнай мультыплікацыйнай прадукцыі, запазычанай у заходніх вытворцаў, каштоўнасць цнатлівасці можа замяняцца вульгарнасцю і непрыстойнай для айчыннай духоўнай традыцыі разняволенасцю тэлевізійных гераінь, з якіх, на жаль, дзеці-гледачы пачынаюць браць прыклад. І ніхто не папярэджвае іх пра наступствы. Каб не паддацца спакусам цаной у жыццё, не стаць на шлях бесклапотнасці, неабходна навучыць дзяцей арыентавацца ў жыццёвых каштоўнасцях, усвядоміць сутнасць паняццяў гонару, годнасці і цнатлівасці. І тут галоўная роля адводзіцца сям’і і педагогам, прычым вызначальным тут з’яўляюцца не словы, а ўласны прыклад. І пачаць варта, бадай, са знешняга выгляду. Маці ці выхавальніцы садка, якая больш нагадвае ляльку Барбі з такімі яе знешнімі атрыбутамі, як міні-спадніца, глыбокае дэкальтэ і яркі макіяж, а разняволеннем у паводзінах — зорку шоу-бізнесу, выхаваць сціплую дзяўчынку, будучую маці і верную жонку наўрад ці ўдасца”.
Безумоўна, навучанне ў дзіцячым садзе становіцца ўмовай паспяховасці ў школе, бо менавіта тут дзеці вучацца вучыцца. І дашкольны перыяд з’яўляецца падрыхтоўчым этапам да цэласнага спасціжэння свету. Менавіта таму ў адукацыйную праграму дашкольнага аддзялення ліцэя № 273 імя Л.Ю.Гладышавай Колпінскага раёна Санкт-Пецярбурга была ўведзена праграма па фарміраванні экалагічнай культуры дзяцей ад 3 да 7 гадоў “На прыроду ў любое надвор’е”. Яе сутнасць — у інтэграваных занятках з дзецьмі на прыродзе (матэматыка, развіццё маўлення, даследчая, мастацка-творчая дзейнасць, эксперыментаванне і інш.). Педагогі ўстановы пры складанні праграмы заняткаў выкарысталі вопыт прыродных школ і дзіцячых садкоў Швецыі і іх паслядоўнікаў з Расійскай Федэрацыі.
Агульная мэта гэтай праграмы — новы тып адукацыйнага выніку, які не ўкладваецца ў прывычную схему “веды, уменні, навыкі”, а арыентаваны на ўключэнне дзіцяці ў дзейнасць. Гуляючы на прыродзе, дзеці вучацца яе спазнаваць. Натуральным матэрыялам для гульняў служаць каменьчыкі, лісты, шышкі, пянькі. Інфармацыя падаецца ненавязліва, а разняволеная абстаноўка пабуджае, настройвае дзяцей разважаць, аналізаваць, рабіць вывады, абгрунтоўваць свой выбар. Па словах аўтараў, навізна праграмы ў тым, што яна дапамагае суправаджаць працэс пераходу дзіцяці ад гульні як вядучага віду дзейнасці ў дашкольным узросце да навучання як галоўнага віду дзейнасці ў школе. Галоўныя героі — казачныя персанажы, звязаныя з прыродай: жыхары лесу, воднай і паветранай стыхіі — у гульнявой форме дапамагаюць дзецям вывучаць навакольны свет.

Прафесія за школьнай партай

Дэлегацыя з Казахстана пазнаёміла прысутных з задачамі, якія стаяць перад сістэмай адукацыі Рэспублікі Казахстан, сярод якіх асаблівае месца займае пераход на 12-гадовую мадэль навучання, арыентаваную на авалодванне навучэнцамі сукупнасцю кампетэнцый як вынікаў адукацыі з улікам асаблівасцей асобы. У сувязі з гэтым у Казахстане асаблівае гучанне набыла прафарыентацыйная работа са школьнікамі.
“Профільнае навучанне прадугледжвае стварэнне інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя, наяўнасць сучаснай матэрыяльнай базы і педагогаў-прафесіяналаў, але на сёння большасць школ іх не маю ць, — адзначыла Гульфарыда Ергаліеўна Самашова, дацэнт кафедры прафесійнага навучання Карагандзінскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. — Як альтэрнатыва апошнія гады ў нас дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры профільнага навучання, арыентаваныя на дапамогу школьніку выбраць прафесію, і створаныя на іх базе цэнтры прафарыентацыі і прафнавучання. У гэтых цэнтрах наладжаны заняткі ў вучэбных майстэрнях, дзе старшакласнікі паглыбляюцца ў розныя прафесіі, прафарыентацыйныя ўрокі, ходзяць на экскурсіі на прадпрыемствы і ў прафесійныя навучальныя ўстановы, на сустрэчы са спецыялістамі вытворчасці, прымаюць уд зел у днях адкрытых дзвярэй вышэйшых і прафесійна-тэхнічных устаноў, тэматычных вечарынах і вусных журналах аб прафесіях”.
У якасці прыкладу Г.Е.Самашова расказала пра цэнтр, створаны як структурнае падраздзяленне сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 5 Караганды, які ўключыў у сеткавае ўзаемадзеянне 12 школ Паўднёва-Усходняга мікрараёна горада і 1169 іх навучэнцаў. Базавае профільнае навучанне праводзіцца ў кожнай з 12 школ, а прадмет “Тэхналогія” на базе апорнай школы № 5 з прыцягненнем матэрыяльна-тэхнічнай базы і кадраў УВА, прафесійных каледжаў, дадатковых адукацыйных цэнтраў і саміх школ забяспечвае паўнацэнную профільную адукацыю. Пасля заканчэння навучання ў цэнтры з кожным выпускніком прафарыентатары праводзяць субяседаванні, дапамагаюць сарыентавацца ў выбары. Такі механізм, па словах Г.Е.Самашовай, спрыяе падрыхтоўцы канкурэнтаздольнага выпускніка, на выхадзе са школы здольнага паспяхова арыентавацца ў свеце прафесій. Па прадмеце “Тэхналогія” праводзіцца навучанне па 5 кірунках: аўтасправа з падрыхтоўкай вадзіцеляў катэгорыі В, эканоміка і менеджмент, тэхналогія здаровага харчавання, мадэляванне і канструяванне адзення, асновы медыцынскіх ведаў. Згодна са статыстыкай, за апошнія гады са 100 працэнтаў выпускнікоў школ тэхнічныя спецыяльнасці выбіраюць у якасці будучай прафесіі 50— 53 працэнты навучэнцаў, медыцынскія спецыяльнасці — 20 —23 працэнты, гуманітарныя спецыяльнасці — 18—20 працэнтаў, выязджаюць вучыцца ў краіны СНД 3—4 працэнты.

Грамадзянскія аспекты

Прарэктар па навукова-метадычнай рабоце МГІРА Аксана Уладзіміраўна Талкачова падрабязна пазнаёміла ўдзельнікаў канферэнцыі з падыходамі да фарміравання грамадзянскай кампетэнтнасці педагогаў ва ўмовах полікультурнага адукацыйнага асяроддзя, у якое ў Беларусі ўключаны прадстаўнікі 130 нацыянальнасцей. Сістэма работы МГІРА з педагогамі ўключыла тэматычнае павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў, лекцыйныя і практычныя заняткі, тэматычныя кансультацыі, гарадскія мерапрыемствы на базе школ горада, правядзенне адкрытага інтэрнэт-праекта “Мне сняцца сны аб Беларусі…”. Рэалізуецца шмат міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных праграм: “Інтэграцыя бежанцаў у Беларусі, Малдове і Украіне”, “Школа свету”, ажыццяўляецца білінгвальнае выхаванне і навучанне, школы забяспечваюць магчымасць навучэнцам далучацца да нацыянальнай мовы і культуры.
Гэтай жа тэме, толькі больш вузкай — праблеме эфектыўнасці фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці падлеткаў ва ўмовах дзіцячага лагера, прысвяціла сваё выступленне і Ганна Аляксандраўна Катэліна, старшы выкладчык кафедры педагогікі і педагагічных тэхналогій ЛДУ імя А.С.Пушкіна. На яе думку, поспех грамадзянска-патрыятычнага выхавання залежыць ад магчымасці стварыць выхаваўчае асяроддзе, паглыбіўшыся ў якое падлетак прымае яго, практычна “прапітваючыся” яго каштоўнаснымі сэнсамі.
“Ідэя стварэння выхаваўчага асяроддзя была выкарыстана намі пры распрацоўцы і рэалізацыі мадэлі выхаваўчай сістэмы дзіцячага лагера “Штармавы” Усерасійскага дзіцячага цэнтра “Арляня”, — расказвае Г.А.Катэліна, якая да нядаўняга часу працавала ў гэтым лагеры. — З першых гадоў існавання педагагічная сістэма лагера арганічна ўпісалася ў марскі профіль, які забяспечвае выхаванне ў падлетка грамадзянскасці і патрыятызму праз далучэнне да марской справы, гісторыі, традыцый флоту Расіі, імкненне адпавядаць вобразу расіяніна, які адчувае сваю прыналежнасць да лёсу Расіі, адказнасць за яе дабрабыт. Так, стварэнню каштоўнасна насычанага асяроддзя спрыяе само акружэнне: будынак па архітэктуры нагадвае карабель, прадумана марское афармленне лагера, марская тэрміналогія ў назве памяшканняў і прадметаў побыту. Асаблівую нагрузку нясуць музей ваенна-марской славы Расіі, лабараторыя Чорнага мора, марскі клас для заняткаў марской справай і шмат іншага. Сацыяльна-паводзінскае акружэнне ствараецца праз рэжым дня, у які ўваходзіць вячэрняя праверка з рытуаламі падняцця і спуску Дзяржаўнага і Андрэеўскага сцягоў, праз нормы этыкі адносін, праз вывучэнне гісторыі і лепшых традыцый ваенна-марскога флоту Расіі.
Падзейнае акружэнне ўзнікае пры рэалізацыі гульнявой мадэлі змены, якая прадугледжвае адпраўленне ў плаванне, вывучэнне марской справы ў дзіцячай марской акадэміі і “Школе старога боцмана”. На працягу змены экіпажы карабля нясуць вахту, робяць манеўры, на якіх дэманструюць навыкі марской справы, добраўпарадкоўваюць брацкія пахаванні маракоў ваенных гадоў, адпраўляюцца ў паездкі па месцах баявой славы, сустракаюцца з афіцэрамі флоту, летам выходзяць на шлюпках у марскія паходы, спяваюць песні пра мора і арляняцкія песні”.
А.А.Яфімава, старшы метадыст Музея гісторыі дзіцячага руху прафадукацыйнай установы Масквы “Вераб’ёвы горы”, пазнаёміла прысутных са сваім даследаваннем гістарычнага вопыту прымянення ў рабоце з дзецьмі масавых музычных гульняў, закранула і некаторыя аспекты культурна-масавай работы з моладдзю і дарослымі, здзейсніўшы экскурс у часы маршаў і дэманстрацый, вядомых танцаў “Качаняты” і “Мы танцуем бугі-вугі”. Для нагляднасці Алена Аляксееўна правяла для студэнтаў і майстар-клас, дзе тыя як будучыя педагогі і важатыя значна папоўнілі свае музычныя і танцавальныя скарбонкі.
Шмат чаго трапіла ў нататнікі студэнтаў і з агучанага Аксанай Віктараўнай Сікорскай, педагогам-арганізатарам Дома дзіцячай творчасці “Левабярэжны” Неўскага раёна Санкт-Пецярбурга.
“Пытанні інклюзіўнай адукацыі — надзвычай актуальная тэма для нашай краіны, — адзначыла Аксана Віктараўна. — На сёння ў гэтай сферы ёсць мноства нявырашаных праблем і цяжкасцей. Дзеці, якія маю ць асаблівасці ў развіцці і вучацца ў агульнаадукацыйных школах, застаюцца ўбаку, не прымаюць удзел у вучэбна-выхаваўчым працэсе, застаючыся толькі назіральнікамі. Большасць школ не здольны паўнацэнна навучаць і выхоўваць такіх дзяцей, і бацькі аддаюць перавагу спецыялізаваным установам адукацыі, у той час як дзяцей з асаблівасцямі становіцца больш, а пытанне аб інклюзіўнай адукацыі — яшчэ больш вострым”.
Дом дзіцячай творчасці “Левабярэжны” ўжо больш за 20 гадоў супрацоўнічае з карэкцыйнымі ўстановамі Неўскага раёна. Дзякуючы гэтаму дзясяткі дзяцей уключаны ў творчы і адукацыйны працэс. І ўніверсальны метад работы з імі — гульнявая праграма.
Педагогі цэнтра распрацавалі і рэалізуюць цэлы цыкл гульнявых праграм, накіраваных на сацыяльную адаптацыю дзяцей з карэкцыйных школ. Напрыклад, праграмы “Акадэмія пешаходаў “Святлафор” і “Крутыя віражы” дапамагаюць дзецям засвоіць правілы дарожнага руху, праграма “Юныя сябры пажарных” расказвае, як дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях, праграма “У добры шлях” ставіць дзяцей у сітуацыю маральнага выбару паміж жаданнем пагуляць і дапамогай жыхарам далёкай планеты, якія трапілі ў бяду. Адзінае, што гульня праводзіцца не адзін, а некалькі разоў, пакуль не стане засвоенай усімі ўдзельнікамі.
Адна з важнейшых умоў сацыялізацыі дзяцей з абмежаваннямі — сумесная дзейнасць выхаванцаў карэкцыйных школ і навучэнцаў агульнаадукацыйных школ. Гэта мяняе сацыяльную ацэнку асаблівых дзяцей і мяняе адносіны да іх здаровых равеснікаў. Адзін з прыкладаў паспяховасці такога спосабу работы быў прадэманстраваны пры правядзенні пазнавальнай гульнявой праграмы “Я — грамадзянін!”. Праграма разлічана на старшакласнікаў і расказвае ім пра выбарную сістэму дзяржавы, прававыя акты і законы, дае магчымасць выказацца па важных сацыяльных пытаннях. Выхаванцы карэкцыйных школ удзельнічаюць у такіх раённых мерапрыемствах Дома творчасці, як навукова-практычныя канферэнцыі, конкурсы праектаў, тэматычныя творчыя выставы, канцэрты КВЗ, дэманструюць свае калекцыі адзення. На конкурсных праграмах працуе дзіцячае журы з розных, у тым ліку і карэкцыйных, устаноў адукацыі. Апошнія 5 гадоў цэнтр пачаў супрацоўніцтва і з дзіцячым хоспісам для цяжкахворых дзяцей.
“Адукацыйныя тэхналогіі інклюзіўнай адукацыі найбольш удала і эфектыўна могуць укараняцца ў адукацыйную практыку менавіта з сістэмы дадатковай адукацыі, — упэўнена А.В.Сікорская. — І толькі аб’яднаўшы свае намаганні мы, зможам дапамагчы дзецям з абмежаванымі магчымасцямі стаць паўнацэннымі членамі грамадства”.
Тэмы, агучаныя ўдзельнікамі канферэнцыі, сталі не толькі інфармацыйнымі. Відавочна, многія з іх яшчэ будуць абмяркоўвацца педагогамі падчас іх прафесійных зносін, каб была магчымасць больш падрабязна іх вывучыць і рэалізаваць у сябе.

Святлана НІКІФАРАВА.