Кропелькі радасці — у кожным школьным дні

- 15:23Суразмоўца

Паступленне дзіцяці ў школу — вельмі адказны і хвалюючы момант у жыцці як самога першакласніка, так і яго бацькоў. Пра тое, як зматываваць дзіця да школы, псіхалагічна падрыхтаваць яго, зрабіць адаптацыю да новых умоў непрыкметнай і лёгкай, наш карэспандэнт гутарыць з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 4 Мінска Наталляй Мікалаеўнай ЗАЙЦАВАЙ.

— Наталля Мікалаеўна, як праходзіць уступная кампанія ў 1-я класы? Колькі вы набіраеце дзяцей сёлета?

— У сакавіку гэтага года ўнесены дапаўненні і змяненні ў Палажэнне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі. Перанос тэрміну прыёму дакументаў на 10 дзён пазней, на мой погляд, дазваляе арганізаваць работу больш якасна — да 12 чэрвеня скончаны экзамены на ІІ і ІІІ ступенях адукацыі, адшумелі выпускныя балі. Таму кіраўніцтва ўстановы адукацыі можа цалкам сканцэнтраваць увагу на арганізацыі прыёму дакументаў у 1-я класы — падрыхтаваць кабінет, правесці інструктаж з педагогамі, якія будуць ажыццяўляць прыём.

Уступная кампанія ў гэтым годзе праходзіць арганізавана. Упраўленнем па адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска вызначаны адзіны для ўсіх школ і гімназій графік прыёму дакументаў, складзены такім чынам, каб законныя прадстаўнікі маглі падаць дакументы ў любы дзень з панядзелка па пятніцу як у першую, так і ў другую палову дня, у залежнасці ад свайго працоўнага графіка. Калі ж падаць дакументы ў будны дзень усё ж не атрымліваецца, гэта можна зрабіць у суботу. І так на працягу амаль усяго лета, да 28 жніўня.

Фрунзенскі раён Мінска, дзе размяшчаецца наша гімназія, як вядома, самы густанаселены раён сталіцы, у якім пражывае больш за 450 000 чалавек. Ужо на працягу некалькіх гадоў мы паспяхова набіраем па чатыры 1-я класы. Сёлета мы таксама плануем набраць 96 вучняў. І за першыя два дні прыёму дакументаў 96 заяў ужо атрымалі.

— На ваш погляд, на чым бацькам спыніць свой выбар: на школе, пра якую ходзіць добрая слава, ці шукаць цудоўнага настаўніка?

— Такое пытанне для бацькоў паўстае з году ў год. Часта чую парады наконт таго, што ў 1 клас трэба ісці менавіта “да настаўніка”, няважна, дзе знаходзіцца гэтая школа — каля дома ці праз пяць прыпынкаў грамадскага транспарту. Але ж давайце разважаць. Што такое добрая слава школы? Хто яе стварае? Адкуль яна бярэцца? Ствараюць гэтую добрую славу менавіта настаўнікі, якія ў ёй працуюць! Калі адукацыйны працэс арганізаваны эфектыўна, калі ва ўстанове адукацыі працуюць адказныя і неабыякавыя педагогі, якія знаходзяцца ў пошуку новых ідэй, якія імкнуцца быць адзінай камандай, тады і вынікі будуць, і тая добрая слава, пра якую вы гаворыце. І яшчэ: мне не зусім зразумелы тэрмін “цудоўны настаўнік”. У нашых школах працуе шмат таленавітых і высокапрафесійных настаўнікаў, якія маюць сярод сваіх навучэнцаў пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, фестываляў і г.д. Але ж няма ўніверсальнага настаўніка. Для аднаго дзіцяці больш падыдзе настаўнік спакойны, ураўнаважаны, строгі, для другога — эмацыянальны, жвавы, для трэцяга — ласкавы, мяккі і г.д. Акрамя таго, існуе яшчэ шмат фактараў, на якія бацькам трэба звярнуць увагу. Напрыклад, месцазнаходжанне ўстановы адукацыі. Калі школа знаходзіцца ў адным кроку ад дома і для дзіцяці існуе бяспечны маршрут, яно нават у малодшым узросце зможа самастойна і бяспечна хадзіць раніцай на заняткі і вяртацца з іх дадому. Можа, трэба задумацца, ці варта шукаць нешта іншае, установу, куды прыйдзецца вазіць дзіця, забіраць, нават мяняць свой графік работы. На мой погляд, не трэба “шукаць шчасце” недзе далёка ад дома. Калі бацькі турбуюцца аб тым, каб знайсці добрага настаўніка для свайго дзіцяці, я параіла б загадзя прыйсці на прыём да намесніка дырэктара і пагутарыць. Але не трэба забываць, што ні адзін нарматыўны дакумент не прапісвае права выбару настаўніка бацькамі. Так, мы выслухоўваем пажаданні бацькоў і па магчымасці імкнёмся іх улічыць пры фарміраванні класаў. Але не можам гарантаваць, што дзіця трапіць менавіта ў той клас, у які хочуць бацькі.

— Асаблівасць вашай гімназіі ў тым, што яна беларускамоўная. Наколькі ахвотна аддаюць бацькі да вас сваіх дзяцей? Чым установа іх прыцягвае? Як вы інфармавалі бацькоў аб перавагах вашай гімназіі, асаблівасцях прыёму ў 1 клас?

— Так, наша гімназія — адзіная беларускамоўная гімназія ў раёне. Адметнасць яе яшчэ і ў тым, што за нашай установай адукацыі не замацаваны мікрараён па прыёме дзяцей. Выбіраць мову, на якой будзе вучыцца дзіця, — права бацькоў. І таму да нас у гімназію прыводзяць сваіх дзяцей тыя бацькі, якія хочуць, каб дзіця вучылася менавіта на роднай мове. Да нас прыходзяць навучэнцы не толькі з дамоў, якія размяшчаюцца побач з гімназіяй, але і з іншых раёнаў горада, нават з найбліжэйшых ад Мінска пасёлкаў. Але справа не толькі ў мове навучання. Мы прапануем разнастайнае кола заняткаў у другой палове дня. Па-першае, гэта шырокі спектр прадметных факультатываў: беларуская мова, руская мова, матэматыка, у цэнтры замежных моў — англійская, нямецкая, польская мовы, у перспектыве (калі будзе запыт бацькоў) — французская, італьянская, чэшская. Па-другое, нашы навучэнцы маюць магчымасць вучыцца іграць на музычных інструментах — фартэпіяна, скрыпка, цымбалы, баян, займацца сальфеджыа — усё як у музычнай школе. Акрамя таго, у гімназіі створаны і паспяхова дзейнічаюць два ўзорныя калектывы: хор “Сябрына”, якім кіруе Таццяна Эдуардаўна Барташук, і ансамбль танца “Дзянніца” пад кіраўніцтвам Наталлі Фёдараўны і Анатоля Андрэевіча Струевых.

Нашы ўзорныя калектывы выступаюць на гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемствах, штогод удзельнічаюць у міжнародных фестывалях і конкурсах і кожны раз вяртаюцца з узнагародамі. У нас працуюць спартыўныя секцыі па футболе, баскетболе, мастацкай гімнастыцы, таэквандо. Мы ствараем умовы, каб кожнае дзіця раскрыла свой патэнцыял, свае здольнасці.

Каб пазнаёміць бацькоўскую грамадскасць з гімназіяй, ужо другі год запар у маі праводзім дзень адкрытых дзвярэй, які ператвараецца ў сапраўднае свята мікрараёна. Праходзіць свята ўвечары, калі бацькі вяртаюцца з работы. Каля гімназіі і вакол яе разгортваем некалькі пляцовак: спартыўную, музычную, гульнявую, мастацкую і інш. Працуе фотазона, “Горад майстроў”, дзе кожны жадаючы пад кіраўніцтвам нашых педагогаў можа змайстраваць беларускую ляльку, паштоўку, саламяную цацку, паспрабаваць свае сілы ў інтэлектуальнай гульні. Праводзім для бацькоў экскурсію па гімназіі, паказваем кабінеты, сталовую, спартыўныя залы і абавязкова наш музей этнаграфіі і гісторыі Беларусі “Мой родны кут”, а таксама цэнтр нацыянальнай беларускай культуры “Сялянская хатка”. І, зразумела, ладзім канцэрт з удзелам нашых калектываў. Падчас дня адкрытых дзвярэй працуе інфакіёск, дзе бацькі могуць атрымаць усю інфармацыю аб гуртках і факультатывах, а таксама аб асаблівасцях прыёму ў 1 клас.

— Наталля Мікалаеўна, як матываваць дзіця да школы?

— Не трэба палохаць будучага першакласніка вучобай і тымі цяжкасцямі, якія могуць суправаджаць вучобу. Вядома, практычна любому з бацькоў хочацца, каб дзіця атрымлівала “дзясяткі”, але не трэба пастаянна гаварыць яму аб гэтым, паўтараць, што самі бацькі заўсёды вучыліся на “9” і “10” і ўсё ў іх атрымлівалася (нават калі гэта на самай справе так).

Бацькам я пажадала б адэкватна паставіцца да здольнасцей дзіцяці і падумаць аб тым, чаго яны на самай справе хочуць. Школьныя праблемы дзіцяці (паспяховасць, напрыклад) у першую чаргу б’юць па бацькоўскіх амбіцыях, і ў гэтым выпадку фарміруецца знешняя матывацыя: “вучуся, таму што бацькі будуць сварыцца, пакараюць…” і г.д. Знешняя матывацыя не можа “працаваць” доўга. Вынікам можа ста ць неўратычнае засмучэнне (бо атрымліваецца, што дзіця жыве жаданнямі бацькоў, а гэта прамы шлях да неўрозаў). У якасці прыстасавання да такой сітуацыі дзіця нярэдка выбірае хлусню: часам — дома, часам — у школе, а часам — і там, і там. Не па сілах яму аказваецца жыць па чужых матывах.

Менавіта ў 1 класе дзіця пачынае вучыцца самастойнасці. Але ёсць сітуацыі, з якімі самастойна яно яшчэ не можа справіцца. Сумна вучыць літары, ужо ўмеючы чытаць. Цяжка прымусіць сябе пісаць бясконцыя рады палачак і кручкоў, завучваць правілы. Вядома, потым будзе больш цікава, але чакаць не хочацца. І бацькі могуць дапамагчы дзіцяці ў пазнанні новага: назіраць за прыродай, расказваць аб планетах, праводзіць разам нейкія эксперыменты… Мноства адкрыццяў, задавальненне, якое адчувае дзіця ў такія імгненні, дазволяць яму захаваць радасную цікавасць да свету, імкненне даследаваць, эксперыментаваць і назіраць, бо сапраўдная цікавасць заўсёды звязана з яркімі ўражаннямі, а не з ціскам, які паступова выклікае агіду да навучання.

І, нарэшце, трэба заахвочваць дасягненні дзіцяці, умацоўваць яго веру ў сябе. Няўдачы выклікаюць пачуццё бездапаможнасці. Важна прымаць дзіця разам з яго поспехамі і няўдачамі, падтрымліваць яго, навучыць яго параўноўваць сябе не з іншымі, а з самім сабой, заўважаць нават самыя нязначныя дасягненні. Часам, каб адчуваць сябе мацнейшым, дзіцяці дастаткова сказаць сабе: “Хай я павольна лічу, але затое пішу акуратна”. Гэта дапамагае разарваць замкнёны круг непаспяховасці.

Ні настаўнік, ні бацькі не ў сілах прымусіць дзіця адчуваць цікавасць да чаго-небудзь, але менавіта яны могуць дапамагчы знайсці справу па душы, накіраваць энергію на тое, што цікава дзіцяці.

— Ці абавязкова дзіця, якое ідзе ў 1 клас, павінна ўмець пісаць, чытаць і лічыць? Чым займацца з дзіцем, каб падрыхтаваць яго да школы? Ці былі арганізаваны ў гімназіі падрыхтоўчыя курсы?

— Вучэбная праграма для 1-х класаў прадугледжвае навучанне дзяцей чытанню і пісьму, як кажуць, з нуля. Зразумела, што ў першым класе дзеці пачынаюць вучыць літары, потым — зліваць іх у склады, у словы і г.д. Патрабаванняў, што трэба абавязкова ўмець чытаць, лічыць, няма. Ніякіх уступных іспытаў, субяседавання, тэсціравання пры паступленні ў 1 клас таксама не праводзіцца. Таму спецыяльна вучыць чытанню або пісьму не трэба. З іншага боку, мы жывём у ХХІ стагоддзі, у час высокіх тэхналогій і інтэрнэту, дзеці з маленства знаёмы з камп’ютарам, тэлефонам, планшэтам і г.д. Калі дзіця цікавіцца граматай або матэматыкай, з задавальненнем слухае казкі, разглядае кнігі, калі яму цікава, што напісана, і ёсць жаданне навучыцца чытаць, скажам у 4 або 5 гадоў, чаму не навучыць? Гэта ж можна зрабіць цікава і займальна, у форме гульні. І не трэба штучна тармазіць развіццё пазнавальных здольнасцей.

Памылка бацькоў у тым, што яны лічаць уменне чытаць, пісаць, лічыць асноўнымі паказчыкамі гатоўнасці да навучання ў школе. Але гэта далёка не так! Ёсць цудоўнае выказванне знакамітага псіхолага Венгера: “Быць гатовым да школы ўжо сёння — не значыць умець чытаць, пісаць і лічыць. Быць гатовым да школы — значыць быць гатовым усяму гэтаму навучыцца”. Бацькам трэба больш клапаціцца пра развіццё маўлення, кругагляду, эмацыянальна-валявой сферы, сацыяльнай адаптаванасці дзяцей. Ці могуць яны слухаць дарослага, разумець і выконваць заданні, будаваць зносіны з іншымі дзецьмі ў калектыве, сябраваць, ці маю ць элементарныя навыкі самаабслугоўвання — гэта далёка не поўны пералік таго, што значна больш садзейнічае паспяховасці адаптацыі ў школе, чым уменне чытаць або лічыць.

У нашай гімназіі працуе школа ранняга развіцця “Буслік” для дзяцей пяцігадовага ўзросту. Заняткі ў ёй пачынаюцца з верасня і працягваюцца да канца мая. Падобныя школы працуюць амаль у кожнай установе адукацыі, але адметнасць нашага “Бусліка” ў тым, што заняткі праходзяць на беларускай мове. Два разы на тыдзень дзеткі займаюцца ў нашых утульных кабінетах, акунаючыся ў мілагучны свет роднай мовы, знаёмяцца з беларускімі словамі, вучацца размаўляць па-беларуску, атрымліваюць першасныя матэматычныя ўяўленні. Асобныя заняткі накіраваны на развіццё дробнай мускулатуры дзяцей, падрыхтоўку да навучання пісьму. Прапануем таксама заняткі па англійскай мове, музыцы і выяўленчым мастацтве. У мінулым навучальным годзе нашу школу ранняга развіцця наведвалі 60 дзяцей, а гэта больш за палову патэнцыяльных першакласнікаў. Калі яны прыйдуць да нас вучыцца, ім будзе значна лягчэй адаптавацца. Знаёмыя кабінеты, настаўнікі, мова навучання, зразумелыя паняцці “заняткі” і “перапынак” — усё гэта, безумоўна, дапаможа ім хутчэй прызвычаіцца да гімназічнага жыцця.

— Што робіцца ў гімназіі, каб адаптацыя малодшых школьнікаў у 1-х класах прайшла бязбольна?

— Бацькам не трэба чакаць вельмі многа ад дзіцяці. Галоўным павінна стаць тое, што яно можа, а не тое, чаго бацькі хочуць ад яго; што яно ўжо зрабіла, а не тое, чаго ад яго чакаюць. Трэба разумець, што навучанне — новы від дзейнасці для дзіцяці, які з паступленнем у школу павінен дамінаваць. Каб лепш разумець дзіця, яго цяжкасці, раю бацькам з верасня самім заняцца нейкай новай справай: “Пачніце вучыцца вадзіць машыну, вязаць або вывучаць замежную мову. Вы адразу адчуеце, як складана і няпроста даецца справа, якой вы ніколі не займаліся. І зусім не адразу ўсё атрымліваецца. Так і ў дзіцяці. Не трэба чакаць адразу вялікіх дасягненняў, варта набрацца цярплівасці і быць гатовымі пачакаць некаторы час поспехаў”.

Важна стварыць атмасферу поспеху: спачатку дасягненне дзіцяці ў малым, разам з бацькамі, потым паступова ўскладняць заданні, якія дзіця выконвае самастойна. Старацца падбадзёрваць, хваліць за станоўчы вынік. У перыяд адаптацыі значную ролю адыгрывае рэжым дня, чаргаванне навучання і адпачынку, прагулкі на свежым паветры, сон ноччу не менш за 10 гадзін. Бацькі павінны быць сябрамі і памочнікамі, абавязкова цікавіцца (і не фармальна), як прайшоў дзень, што запомнілася, здзівіла, парадавала, самае галоўнае — што новага даведалася дзіця, што яго зацікавіла. Трэба дапамагаць першакласніку знаходзіць гэтыя маленькія штодзённыя кропелькі радасці, каб фарміраваць правільныя адносіны да сябе і да школы.

У нашай гімназіі існуе шмат традыцый, якія дапамагаюць маленькім гімназістам паспяхова адаптавацца. У першыя дні праводзіцца экскурсія па гімназіі з абавязковым наведваннем сталовай і гімназічнай кавярні “Несцерка”, спартыўных залаў, бібліятэкі, музея. Завітваюць першакласнікі і да мяне ў кабінет, і да дырэктара. Кароткая размова, жарт, усмешка, пажаданне поспехаў заўсёды дазваляюць маленькім гімназістам адчуць сябе больш упэўнена. А праз 1—2 тыдні пачынаюцца калектыўныя творчыя справы, якія дапамагаюць хутчэй пазнаёміцца, пасябраваць, паказаць свае здольнасці, як, напрыклад, падрыхтоўка да свята “Залатая восень”, на якое абавязкова запрашаем бацькоў.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.