Згодна з прынятымі на выніковым пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі рашэннямі аб прафесійнай накіраванасці выпускнікоў школ у бок выбару рабочых прафесій, з мэтай актывізацыі прафарыентацыйнай работы сярод навучэнцаў і пашырэння іх кругагляду аб патрэбах эканомікі краіны ў рабочых кадрах у Рэспубліканскім доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі прайшоў семінар-практыкум. У ім прынялі ўдзел педагогі і навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі, работнікі рэгіянальных вучэбна-метадычных цэнтраў, абласных дамоў навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.
У рамках семінара былі разгледжаны пытанні выбару эфектыўных форм і метадаў прафарыентацыйнай работы, стварэння ўмоў для ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння навучэнскай моладзі ў адпаведнасці з патрэбамі сучаснага рынку працы, а таксама вывучаны магчымасці праектнай дзейнасці ў развіцці прафарыентацыі.
— Выбар прафесіі з’яўляецца важным крокам у жыцці кожнага выпускніка, паколькі ён шмат у чым вызначае ўсё яго далейшае жыццё, — адзначае дырэктар Рэспубліканскага дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі С.М.Сачко. — Сёння відавочна, што большасць падлеткаў адчувае істотныя цяжкасці пры выбары будучай прафесіі. І ў асноўным па прычыне няўмення праектаваць свой жыццёвы і прафесійны шлях, правільна ацэньваць свае здольнасці і прафесійныя магчымасці. Як вынік гэтага — маладыя людзі часта робяць выпадковы выбар. Таму наша задача — дапамагчы вызначыцца моладзі ў прафесійным развіцці і паспяхова ўладкавацца ў жыцці.
Але выбар прафесіі — гэта не толькі асабістая справа канкрэтнага чалавека. У кваліфікаваных кадрах канкрэтнага кірунку і неабходнай колькасці зацікаўлена дзяржава. І калі выбраныя выпускнікамі школ прафесіі не ў поўнай меры адпавядаюць патрэбам рынку працы, то непазбежны вынік — перакос у падрыхтоўцы кадраў, пры якім узнікае лішак рабочых кадраў у адных галінах эканамічнага комплексу і дэфіцыт — у іншых. Такі дысбаланс на рынку працы негатыўна ўплывае на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы краіны. Таму для кожнага чалавека неабходны мэтазгодны, усвядомлены выбар прафесіі, які сугучны з патрэбамі рынку працы, з патрабаваннямі канкрэтных прадпрыемстваў і арганізацый, што дазволіць аператыўна, мабільна насычаць сацыяльна-эканамічны комплекс менавіта тымі кадрамі, якія яму неабходны.
Н.А.Шаліма, начальнік аддзела прафілізацыі і прафарыентацыі моладзі Рэспубліканскага дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі, адзначыла, што сёння 4 з 5 вакансій, якія існуюць на рынку працы, адрасаваны рабочым. Чаму так атрымліваецца? У апошнія гады пераважная большасць старшакласнікаў арыентуецца на прэстыжныя спецыяльнасці і імкнецца паступіць ва УВА, прычым незалежна ад сваіх здольнасцей, інтарэсаў, узроўню ведаў. На жаль, сёння пры выбары прафесіі галоўную ролю адыгрывае не запатрабаванасць у ёй на рынку працы, не асабістыя схільнасці маладога чалавека, а нейкі сацыяльны стэрэатып. Пры гэтым уяўленне маладых людзей аб той ці іншай прафесіі часцей не супадае з яе рэальным зместам, попытам на яе ў вытворчасці, умовамі працы і ўзроўнем заробку. Моладзі не хапае ведаў аб рабочых прафесіях, яна не інфармавана аб сітуацыі на рынку працы, у цэлым не ведае, як развіваецца эканоміка краіны і якія яе прыярытэты, і ўвогуле не гатова да канкурэнцыі пры працаўладкаванні.
Такім чынам, неабходнасць аказання дапамогі моладзі ў прафесійным самавызначэнні відавочная. Менавіта гэтую задачу ставілі перад сабой работнікі Рэспубліканскага дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі пры правядзенні семінара, які стаў пачаткам серыі прафарыентацыйных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, забеспячэнне прафесійнага росту маладых людзей, самарэалізацыю асобы, развіццё індывідуальных здольнасцей.
Удзельнікам семінара былі прадстаўлены разнастайныя формы і метады прафарыентацыйнай работы. Гэта сустрэчы з прадстаўнікамі ўстаноў прафесійнай адукацыі і прадпрыемстваў горада, тэматычныя лекцыі, гутаркі, круглыя сталы, прысвечаныя выбару прафесіі, экскурсіі ва ўстановы адукацыі і на прадпрыемствы, традыцыйныя дні адкрытых дзвярэй, дні прафарыентацыі, дні выпускніка, святы прафмайстэрства. Акрамя таго, важна своечасова вывучаць інтарэсы, схільнасці і здольнасці школьнікаў і праводзіць прафдыягностыку задоўга да заканчэння школы. У вывучэнні прафесійных намераў таксама дапаможа анкетаванне, індывідуальныя і групавыя прафесійныя кансультацыі. Пры прафарыентацыі трэба рабіць акцэнт на перспектывах той ці іншай прафесіі, паказваць яе сучасны выгляд, знаёміць з прадпрыемствамі, з магчымасцю павышэння кваліфікацыі, авалодання сумежнымі прафесіямі, удзелу ў рацыяналізатарстве і вынаходніцтве.
Асаблівая ўвага ў гэтай рабоце павінна быць удзелена супрацоўніцтву школы і бацькоў, якія могуць аказаць істотны ўплыў на прафесійны выбар сваіх дзяцей. Трэба шырока выкарыстоўваць такую форму прафарыентацыі, як бацькоўскія сходы прафарыентацыйнай накіраванасці, на якіх выступяць агітбрыгады ўстаноў прафесійнай адукацыі, будуць дэманстравацца рэкламныя прэзентацыі, відэаролікі, выставы вырабаў навучэнцаў прафесійных устаноў.
У рамках семінара быў праведзены прафарыентацыйны марафон, у якім прынялі ўдзел больш за 300 навучэнцаў школ Мінска. Падчас правядзення марафону падлеткі пазнаёміліся з вынікамі раней праведзенага анкетавання “Прафесійныя намеры навучэнцаў”, дзе ўдалося вызначыць прафесійныя схільнасці школьнікаў. У своеасаблівы тэатралізаваны паказ ператварылася знаёмства ўдзельнікаў мерапрыемства з прафесіямі, па якіх рыхтуюць кадры ў Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі, Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы швейнай вытворчасці. Яскравымі, запамінальнымі сталі выступленні агітацыйных брыгад, у склад якіх увайшлі навучэнцы і педагогі гэтых устаноў.
Удзельнікі семінара наведалі выставу “Прафесійная траекторыя. Кропка адліку”, прадстаўленую навучальнымі ўстановамі. Яны таксама мелі магчымасць скарыстацца паслугамі інфармацыйнага кіёска, дзе была сабрана актуальная інфармацыя аб рынку працы, даведачная інфармацыя, неабходная для прафесійнага самавызначэння, дзе можна было пазнаёміцца з кароткімі прафесіяграмамі па найбольш запатрабаваных прафесіях. Усе жадаючыя маглі прайсці прафесійную дыягностыку сваіх інтарэсаў і схільнасцей.
Як адзначыла А.С.Герасімук, намеснік дырэктара Рэспубліканскага дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі, працягваючы пачатую работу, установа прапануе на пастаяннай аснове паслугі па правядзенні групавых прафдыягнастычных кансультацый з выкарыстаннем камп’ютарнага тэсціравання, індывідуальных кансультацый па пабудове асабістай прафесійнай траекторыі і запрашае навучэнцаў школ, маладых людзей, якім неабходна дапамога ў прафесійным самавызначэнні.