Кропка росту для кадраў

- 10:00Адукацыйная прастора

На базе Аршанскага дзяржаўнага аграрнага каледжа адкрыты рэсурсны цэнтр па спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ” і “Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-­будаўнічых і меліярацыйных работ”.

Урачыстая падзея адбылася з удзелам начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыя Хомы, намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Міхаіла Прыдыбайлы, намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама Віктара Калачова.

Як адзначыў кіраўнік сістэмы адукацыі Віцебшчыны, развіццё вытворчасці і новых тэхналогій сёння прад’яўляе асаблівыя патрабаванні да спецыяліста. Работадаўцы ўсё больш зацікаўлены ў высокакваліфікаваных кадрах, для якіх характэрны працоўная мабільнасць, прафесійная самастойнасць і высокі ўзровень ключавых прафесійных кампетэнцый. Новае структурнае пад­раздзяленне каледжа створана ў адпаведнасці з падпраграмай “Якасная адукацыя” Праграмы развіцця Аршанскага раёна на перыяд да 2023 года. У паўночным рэгіёне вядзецца сур’ёзная работа па тэхнічным пераўзбраен­ні прафесійнай адукацыі, павышэнні яе прэстыжу і функцыя­нальнасці. З улікам унікальных і каштоўных рэсурсаў новая адукацыйная платформа на базе кале­джа здольна стаць кропкай росту для сельскагаспадарчай галіны раё­на і ўяўляе значную цікавасць для аграпрамысловага комплексу ўсёй вобласці. Перад цэнтрам пастаўлены задачы па падрыхтоўцы працоўных кадраў, якія валодаюць сучаснымі інавацыйнымі тэхналогіямі, навыкамі работы з энерганасычанай тэхнікай.

Трэндам беларускай сістэмы адукацыі ў стагоддзе лічбавых тэхналогій назваў рэсурсныя цэнтры для падрыхтоўкі кадраў па запатрабаваных спецыяльнасцях Віктар Калачоў. Каледж уваходзіць у лік вядучых устаноў поўначы краіны па падрыхтоўцы кадраў для аграпрама, сёння яго навучэнскі кантынгент складае амаль 600 маладых людзей. Адкрыццё новага структурнага падраздзялення азначае не толькі на парадак вышэйшы ўзровень матэрыяльна-тэхнічнага і вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ў каледжы. На тэрыторыі раёна ў радыусе 20 кіламетраў ад рэсурснага цэнтра знаходзяцца 15 сельскагаспадарчых арганізацый і 36 фермерскіх гаспадарак. Яны маюць патрэбу ў тэхнічным абслугоўванні і рамонце трактароў і самаходных машын.

— У рэсурсным цэнтры будзе ажыццяўляцца навучанне каля 860 чалавек за год.

— У рэсурсным цэнтры бу­дзе ажыццяўляцца навучанне каля 860 чалавек за год, — расказаў Дзмітрый Хома. — Для юнакоў і дзяўчат, якія вучацца па кваліфікацыях “слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання” і “трактарыст-машыніст катэгорыі А, В, D, F”, значна пашырыліся магчымасці ўдасканаліць прафесійныя кампетэнцыі. Яшчэ адзін напрамак дзейнасці — арганізацыя стажыровак педагагічных работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасцях сельскагаспадарчага профілю, а таксама павышэння кваліфікацыі кадраў для сельскагаспадарчай галіны па адукацыйных праграмах дадатковай адукацыі дарослых. Спадзяёмся, гэта будзе паспяхова рэалізавана. Плануем, што на базе рэсурснага цэнтра будуць шліфаваць сваё  майстэрства ўдзель­нікі WorldSkills і праходзіць дапрафесійную падрыхтоўку навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Ужо сёння ў вучэбныя планы і праграмы ўстаноў ПТА ўключаны тэмы па вывучэнні новых тэхнік і тэхналогій сельскагаспадарчых работ у колькасці 72 гадзін у кожнай вучэбнай групе.

У ходзе ўрачыстасці навучэнцы каледжа разам з выкладчыкамі і майстрамі вытворчага навучання правялі для гасцей прэзентацыю вучэбных лабараторый цэнтра. Іх абсталяванне дазваляе якасна выконваць тэхнічнае абслугоўванне, дыягностыку, рэгуляванне, праверку спраўнасці, рамонт трактароў, рухавікоў, вузлоў і агрэгатаў сельскагаспадарчай і самаходнай тэхнікі. У планах на перспектыву — далейшае развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы і функцыянальнага спектра. У прыватнасці, плануецца наладзіць работу з меліярацыйнай і дарожна-будаўнічай тэхнікай.

— Вядомы лозунг “Кадры вырашаюць усё” вельмі актуальны, — акцэнтаваў увагу Міхаіл Прыдыбайла. — Адкрыццё такога рэсурснага цэнтра азначае, што мы ўпэўнена рухаемся па шляху прагрэсу, бо ў сельскагаспадарчай вытворчасці дасягае поспеху толькі той, хто вырабляе канкурэнта­здольную прадукцыю. Без адпаведных тэхналогій і тэхнікі гэта зрабіць немагчыма. Тэхніку трэба абслугоўваць, рамантаваць, наладжваць для таго, каб атры­маць ад яе аддачу па максімуме. А значыць, неабходны спецыялісты высокага ўзроўню і база для іх падрыхтоўкі. Гэта не першы ў вобласці падобны цэнтр. Яны забяспечваюцца найноўшым абсталяваннем, навучэнцы авалодваюць сучаснымі сельскагаспадарчымі тэхналогіямі. Наша адукацыя развіваецца ў правільным кірунку і развіваецца паспяхова.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена
Віцебскім абласным вучэбна-метадычным цэнтрам прафесійнай адукацыі.