Кропля шчасця

- 16:32Нам пішуць

У маладосці мы поўныя сіл і энергіі, і здаецца, што так будзе заўсёды. Толькі час бярэ сваё. Перад гэтай сілай мы ўсе роўныя — і супярэчыць не можам. Таму на праблемы людзей старэйшага пакалення нельга закрываць вочы. Яны заслужылі нашу павагу.

У пасёлку Любча, што ў Навагрудскім раёне, адкрыта бальніца сястрынскага догляду. Там жывуць састарэлыя людзі, 22 чалавекі, якія па волі лёсу засталіся адны. У іх розныя шляхі і прафесіі, але ўсіх аб’ядноўвае адзінота.

Ужо не першы год у нашай установе адукацыі рэалізоўваецца праект “Кропля шчасця”, ініцыятарамі якога сталі вучні. У рамках акцыі “Рабі дабро сярод людзей” школьнікі ладзілі канцэрт у бальніцы сястрынскага догляду. Кожнаму ўдзельніку хацелася падарыць састарэлым кропельку ўвагі, настрою і дабрыні.

Так нарадзілася ідэя праекта. Назва з’явілася сама сабою. Шчасце хоць і мерыцца кроплямі, але патрэбна ўсім, а асабліва тым, хто сёння ўжо не чакае гасцей. Імі вырашылі быць мы — настаўнікі і вучні Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна. Ладзім канцэрты, віншуем са святамі, наведваем з кветкамі. У нашых вучняў з’явіліся “нашы бабулечкі” і “нашы дзядулі”.

Прыемна назіраць за тым, што дзеці, якія прыйшлі з канцэртам, абавязкова дастануць з кішэні цукерку, яблык і пачастуюць састарэлых. Пра гэта не напамінаем і не абавязваем. Добрая справа ідзе ад шчырага сэрца. Радуе, што выхоўваем спагадлівых, шчодрых на пачуцці дзяцей.

На свяце 8 Сакавіка бабулі, матулі, сёстры і сяброўкі атрымалі падарункі. Таксама гэтым днём не засталіся без увагі “нашы бабулечкі”. Песні, вершы, інсцэніроўкі — усё для іх. Як шчыра яны смяюцца, калі “няўдалы ўнук” просіць бабулю дапамагчы з задачай, як ад душы абдымаюць юных артыстаў.

Ні адна кропля шчасця не бывае лішняй, таму ўжо шмат гадоў жыве наша справа, шырыцца наш праект.

Святлана БУШМІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.