Кругавая трэніроўка

Фарміраванню рухальнай актыўнасці на ўроках фізічнай культуры і здароўя быў прысвечаны майстар-клас для настаўнікаў фізкультуры Бераставіцкага раёна, які адбыўся на базе Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы. Правяла майстар-клас Люцына Рукша, настаўніца фізічнай культуры і здароўя вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.

Дырэктар школы Андрэй Шчука пазнаёміў прысутных з рэспубліканскім інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы”, які рэалізоўваецца ва ўстанове адукацыі, акцэнтаваў увагу на выніках першага года рэалізацыі праекта.

Люцына Рукша, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, пазнаёміла ўдзельнікаў майстар-класа з паняццем рухальнай культуры, яе кампанентамі (кагнітыўным, матывацыйна-каштоўнасным, дзейнасным). Яна адзначыла, што ўзровень рухальнай культуры чалавека ў першую чаргу фарміруецца ў сям’і і ўжо потым — у іншых сацыяльных суполках, якія ўплываюць на яго жыццядзейнасць.

У тэарэтычнай частцы быў прадстаўлены вопыт фізкультурна-аздараўленчай работы, які назапашаны ў Канюхоўскім яслях-садзе — сярэдняй школе.

У практычнай частцы майстар-класа з актыўным удзелам настаўнікаў Люцына Казіміраўна паказала розныя формы работы для павышэння матывацыі да ўрокаў фізічнай культуры і здароўя. Гэта кругавая трэніроўка, комплекс практыкаванняў па аэробіцы, рухавыя гульні і шмат іншага. Практычная частка прайшла пазітыўна, усе выдатна справіліся з прапанаванымі заданнямі. Акрамя гэтага, настаўнікам былі прапанаваны практыкаванні з кантрольна-педагагічнага блока інавацыйнага праекта (напрыклад, перадача тэніснага шарыка вакол тулава, перадача алоўка за спінай 10 разоў, для функцыянальнай сілы мышцаў перадплечча працяглы віс на правай, левай руцэ, на сагнутых руках і г.д.).

Удзельнікі майстар-класа ацанілі карысць і актуальнасць работы ўстановы адукацыі, атрымалі таксама зарад бадзёрасці і добрага настрою.

Наталля ШМАРОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна.