Круглы год на свежым паветры

У навучэнцаў Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, улічваючы спецыфіку ўстановы адукацыі (у большай ступені фізіка-матэматычнага напрамку), на заняткі фізічнай культурай і спортам у пазаўрочны перыяд практычна не застаецца часу. А значыць, педагогам трэба прыкласці максімум намаганняў, каб заняткі на ўроку праходзілі з найбольшай рухальнай актыўнасцю, насілі аздараўленчы характар, давалі магчымасць дзецям адарвацца ад свету лічбаў і літар, знімалі напружанне.

На жаль, зала для заняткаў фізічнай культурай у ліцэі невялікая, таму даводзіцца знаходзіць альтэрнатыўныя варыянты для навучання. І калі ў цёплы час года з гэтым праблем не ўзнікае, то з надыходам халадоў трэба ўлічваць шмат фактараў. Заняткі па фізічнай культуры і здароўі са сваімі вучнямі я праводжу на свежым паветры круглы год. Для таго каб камфортна займацца на ўроку, навучэнцы павінны засвоіць шэраг правіл, а настаўніку неабходна памятаць не толькі пра меры бяспекі, але і пра санітарныя нормы.

У першую чаргу неабходна ўлічваць той факт, што загартоўванне, як і любое прывыканне да працэсу, павінна быць паступовым. Навучальны год пачынаецца з камфортнага і цёплага надвор’я ў верасні, якое дазваляе апранаць мінімум адзення, і асаблівых рэкамендацый у сувязі з гэтым у выбары формы няма (павінен улічвацца толькі спартыўны складнік). З паніжэннем тэмпературы паветра колькасць элементаў адзення павялічваецца, а навучэнцам неабходна набыць веды адносна правіл асабістай гігіены. Яны не павінны даваць перагравацца целу празмерна і ў той жа час не павінны знаходзіцца ў ахалоджаным стане на працягу 45 хвілін. Пры гэтым наяўнасць галаўнога ўбору і пальчатак абавязковая.

Марыя ЧЫБІСАВА, вучаніца 10 “Д” класа: “Калі даведалася, што заняткі па фізкультуры будуць праходзіць увесь год на вуліцы, я ўзрадавалася, але і здзівілася: узімку ж будзе холадна! Аднак Андрэй Віктаравіч заўсёды расказваў, як трэба правільна апранацца ў розныя поры года і пры розных умовах надвор’я. На вуліцы было весела: мы не толькі займаліся спортам, але і гулялі. Кожныя заняткі ўнікальныя. Дарэчы, я заўважыла, што стала радзей хварэць”.

Аднак навучэнцы правільна апранацца не хочуць. Ёсць маса прычын для гэтага, у тым ліку жаданне самавызначыцца: “Вам усім холадна, а мне — не!” Самае галоўнае ў гэты момант для педагога — не ўступіць, выкарыстоўваючы разнастайныя спосабы. Я тлумачу дзецям, наколькі важным з’яўляецца правільны выбар адзення для іх здароўя і камфортнага ўдзелу ў вучэбным працэсе. Некаторым даводзіцца тлумачыць не адзін раз і нават падключаць да вырашэння пытання класных кіраўнікоў і бацькоў. Але такія выпадкі ўсё ж рэдкія.

З часам навучэнцы настолькі прывыкаюць да заняткаў на вуліцы, што пачынаюць хваравіта ўспрымаць любы пераход у памяшканне. Але, на жаль, часам нам даводзіцца займацца ў зале, паколькі настаўнік павінен дакладна прытрымлівацца рэкамендацый СанПіНа. Згодна з імі, навучэнцы дапускаюцца да заняткаў па фізічнай культуры і здароўі, да спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў толькі ў спартыўнай вопратцы і абутку. Пры гэтым заняткі на адкрытым паветры не праводзяцца пры тэмпературы ніжэй -15°C і хуткасці ветру больш за 3 м/сек., а таксама ў дажджлівыя дні.

На што настаўнік павінен звярнуць увагу ў першую чаргу? На спартыўную вопратку і абутак, тэмпературу паветра і хуткасць ветру. А вось лёгкага дажджу баяцца не варта. Нанесці сур’ёзнай шкоды ён не можа. Вядома, заняткі пад бесперапынным дажджом ні настаўніку, ні вучням задавальнення не прынясуць. Аднак пры першым з’яўленні дажджавых кропель хавацца ў памяшканні не трэба. Як і пры снезе, які ідзе зімой, ці пры ўтварэнні невялікіх гурбаў.

Ягор БРУСІЛОЎСКІ, вучань 10 “Д” класа: “Калі пераходзіў са школы ў Ліцэй БРУ, у мяне было шмат чаканняў ад профільных прадметаў, але ніяк не ад фізкультуры. Але як жа я быў прыемна здзіўлены, калі ўбачыў, што новы настаўнік не тэарэтык, а самы сапраўдны практык. Андрэй Віктаравіч пачаў паказваць, як трэба праводзіць трэніроўку, і даказаў нам, што турніка і паўгадзіны ў дзень дастаткова, каб прывесці сябе ў выдатную фізічную форму. Таксама на ўроках фізкультуры (а яны праходзяць на вуліцы круглы год) мы спасцігаем асновы забегаў з перашкодамі, працуем над правільнай тэхнікай бегу, удзяляем час гульням. Я значна палепшыў свае бегавыя паказчыкі не толькі за кошт урокаў фізкультуры, але і за кошт дадатковых трэніровак, якія ўвёў у свой расклад у нядзелю ў 6:30 раніцы. Гады тры назад нават уявіць не мог, як можна замяніць канапу і любімы серыял на прабежку”.

Вельмі важна мець пры сабе зменную пару сухіх шкарпэтак. Калі пасля ўрока іх пераапрануць і надзець штодзённы абутак, то можна пазбегнуць прастудных захворванняў. Абутак лепш сушыць пры дапамозе скамечаных газет, але ні ў якім выпадку не на батарэі, паколькі ён засохне і дэфармуецца. Не забывайцеся пра наяўнасць у халодную пару года споднікаў і трох рэчаў верхняй часткі цела.

У канцы адзначу, што большы дыскамфорт заняткі па фізічнай культуры і здароўі могуць прынесці самому настаўніку, бо даводзіцца некалькі разоў на дзень заходзіць і выходзіць з цёплага памяшкання на холад. Аднак правільна падабраная вопратка вырашыць і гэтую праблему.

Андрэй БЯЗЛЕПКІН,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.
Фота аўтара.