Круці педалі

- 14:39Спартыўныя падзеі

Веласіпед — універсальны сродак руху, які падыходзіць амаль кожнаму чалавеку. Ён настолькі шчыльна ўвайшоў у наша жыццё, што ўменне катацца на двухколавым “кані” здаецца адным з патрабаванняў пераходу ў дарослае жыццё. Некаторыя настолькі ўлюбляюцца ў веласіпед, што гатовы аддаць яму значную частку свайго вольнага часу. Пра такіх людзей сёння і пагаворым.

Радасць ад недахопу часу

Андрэй Ліпо ўжо каля 30 гадоў працуе ў Віцебскай абласной СДЮШАР прафсаюзаў па веласпорце. У дзяцінстве ён жыў у Барысаве, займаўся боксам, футболам, паралельна вучыўся іграць на баяне. Калі пры школе адкрылася секцыя па веласпорце, вырашыў паспрабаваць. Праз два гады пачаў паказваць добрыя вынікі і паехаў у Віцебск на спаборніцтвы. Там яго заўважылі прадстаўнікі Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву і паклікалі вучыцца. “Мяне ўзяў заслужаны трэнер Беларусі Андрэй Канстанцінавіч Кузьмін. Сабралася група з 8 чалавек, у ёй быў і чэмпіён свету Ігар Сумнікаў. Калі я скончыў 10 класаў, паступіў у Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, але пасля першага курса пайшоў у армію. Мяне ўзялі ў спартыўную роту, таму займацца я працягнуў. Калі вярнуўся з арміі, перавёўся ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава. Падчас вучобы ўжо працаваў, а потым тут і застаўся”.

Свае заняткі веласпортам Андрэй Віктаравіч прыгадвае з цеплынёй. Кажа, што вольнага часу фактычна не было, але тым і цікавей. Ён не проста бадзяўся па двары, а займаўся справай. Да таго ж дзякуючы спорту шмат дзе пабываў у Беларусі і за яе межамі — у краінах сярэдняй Азіі, Грузіі. Зараз хоча, каб і яго выхаванцы адчулі ўсе гэтыя перавагі.

Спрабаваць усё

У асноўным дзяцей прыводзяць на заняткі ў 10 гадоў, калі тыя ўжо мо­гуць дастаць да педалей. У СДЮШАР яны трэніруюцца да 11 класа. Спачатку дзеці трапляюць у пачатковую групу падрыхтоўкі, потым — у вучэбна-трэніровачную, затым — у групу найвышэйшага спартыўнага майстэрства. З адной у іншую выхаванцы пераходзяць пры выкананні пэўных нарматываў па агульнафізічнай (скачкі, чаўночны бег, падцягванні і г.д.) і спецыяльнай (педаляванне на велатрэнажоры) фізічнай падрыхтоўцы. Зараз у Андрэя Ліпо тры групы. Хлопчыкаў і дзяўчынак там пароўну, хаця ў мінулым годзе, напрыклад, больш было дзяўчынак. Тут не ўгадаеш, хто больш зацікаўлены ў веласпорце, бывае па-рознаму.

Каб падрыхтаваць сябе да трэніровак, у раннім узросце трэба займацца фізкультурай, развіццёвымі практыкаваннямі. А лепш за ўсё, па меркаванні трэнера, паспрабаваць сябе ў розных відах спорту, а потым вызначыцца, што табе падабаецца больш, што лепш атрымліваецца.

У школе рыхтуюць дзяцей па трох відах: шашэйны, трэкавы веласпорт і язда на горным веласіпедзе. Каб паез­дзіць па трэку, выхаванцам трэба трапіць у зборную вобласці і паехаць на рэспубліканскія спаборніцтвы, таму што ў Беларусі ёсць толькі адна арэна для гэтага віду — Мінск-Арэна. А вось з выездам на шашу ці на перасечаную мясцо­васць праблем няма.

“Цяпер у нас сезон, уся нагрузка ідзе на спецыялізацыю. У асноўным гэта выезд на дарогу, на шашу. Мы чаргуем: дзень ездзім на шашы, другі — у лесе на горных веласіпедах. Зімой мы больш увагі ўдзяляем агульнафізічнай падрыхтоўцы: бегаем, гуляем у валейбол, футбол, займаемся на велатрэнажорах. Летам, напрыклад, не пабегаеш, таму што пры яз­дзе і бегу задзейнічаны розныя групы мышцаў, і калі пасля адной нагрузкі сесці на веласіпед, то ехаць будзе непрыемна і цяжка”, — тлумачыць Андрэй Віктаравіч.

Перад заездам дзеці выконва­юць разміначныя практыкаванні, каб ра­загрэць усе групы мышцаў. Гэта нахілы, кручэнні рукамі і корпусам, прысяданні, скачкі, махі нагамі, выпады і г.д. Потым трэнер тлумачыць задачу: з якой хуткасцю і куды трэба ехаць, на якіх адрэзках паскарацца, на якіх запавольвацца, дзе праехаць парай, дзе камандай, дзе індывідуальна. Сам трэнер едзе напера­дзе на аўтамабілі, так ён суправаджае групу і паказвае іншым людзям на дарозе, што за ім веласіпедысты. “Дзеці выязджа­юць парамі, 10 кіламетраў — гэта размінка. Даўжыня дыстанцыі залежыць ад узроўню падрыхтоўкі, — расказвае Андрэй Ліпо. — З пачаткоўцамі ездзім да 30 кіламетраў, старэйшыя пераадольваюць ад 30 да 70 кіламетраў. У лесе вызначаем 1—2 кіламетры, каб былі пад’ёмы і спускі, і вучымся ездзіць. Трэніроўкі ідуць 1,5—2,5 гадзіны і праходзяць тры разы на тыдзень. Апошніх 5 кіламетраў мы коцімся на самых лёгкіх перадачах, каб мышцы аднавіліся. Часам можам зрабіць расцяжку”.

Важны момант на любых занятках — чаргаваць работу і адпачынак. Трэнер павінен пра гэта памятаць і складаць графік “хвалямі”: за пад’ёмам павінен ісці спуск.

Некаторыя віды веласпорту ўнесены ў алімпійскую праграму.

1. Шашэйныя гонкі — гэта класіка. Яны праходзяць на шашэйных веласіпедах па ­асфальтаванай дарозе, па брусчатцы або гравіі. Адлегласць, якую пераадольваюць спартсмены, можа быць ад 50 да 300 км. Спаборніцтвы  могуць  доўжыцца  ад 1 да  21 дня.

2. Трэкавыя гонкі — спаборніцтвы на велатрэку ці веладроме. Яны дзеляцца на спрынтарскія і тэмпавыя ў залежнасці ад колькасці кругоў.

3. Велакрос — гонкі з перашкодамі: трамплінамі, ямамі, выгібамі дарог, карэннем, брудам і г.д. Пакрыццё трас дапускаецца як натуральнае, так і штучнае.

4. Маўнцінбайк, ці гонкі на горных веласіпедах. Такія спаборніцтвы праходзяць на перасечанай мясцовасці з натуральнымі перашкодамі.

5. BMX — назва пайшла ад тыпу веласіпеда. На хуткасць, з перашкодамі. Траса можа быць ад 300 метраў.

Засталіся віды, якія пакуль не ўключаны ў алімпійскую праграму, але сваіх аматараў ужо знайшлі.

1. Сайклінг — кардыятрэніроўкі на велатрэнажоры. Заняткі праходзяць у групах пад кіраўніцтвам інструктараў. Трэніроўкі вядуцца пад рытмічную музыку. У залік ­ідуць хуткасць, якасць выканання практыкаванняў і агульны настрой групы.

2. МТБ-веласпорт — экстрэмальнае катанне на спецыяльных веласіпедах па складаных горных маршрутах, у гарадах — па лесвіцах і парапетах. Сюды дабаўлены скачкі, перавароты і іншыя элементы веласіпеднага фрыстайла.

“Дзеці не выбіраюць, у які від веласпорту пайсці, спрабуюць сябе ўсюды і ўсюды выступаюць. Так атрымліваецца больш практыкі і больш стартаў. Цяжка ска­заць, што дзецям падабаецца больш: шаша, трэк ці выезд на горных веласіпедах. З трэкам, вядома, крыху складаней, бо нячаста можна паездзіць па трэкавым палатне. Але калі ёсць магчымасць, дзеці не адмаўляюцца, хоць спачатку гэта іх палохае”, — кажа трэнер.

Што тычыцца інвентару, то спартыўная школа дае яго толькі часткова, у асноўным дзеці прыходзяць са сваім. Нават калі нешта зламана, супрацоўнікі дапамагаюць адрамантаваць. Для тых, хто далёка жыве, гэта нават зручней: сеў на веласіпед, прыехаў на трэніроўку, пазаймаўся і з’ехаў. Праблема толькі ў тым, што дзіця расце, і з часам жалезнага каня прыходзіцца мя­няць. Уся экіпіроўка (велаштаны, веламайка, велатуфлі) купляецца бацькамі, каскі даюць у школе, але па жаданні можна прыходзіць у сваёй.

Міні-алімпіяда

Звычайна сезон спаборніцтваў у веласпорце пачынаецца ў красавіку, але сёлета з-за каранавіруса ён быў перанесены на ліпень. Зараз усё наганяецца, таму старты праходзяць ледзь не кожныя выхадныя. Хутка выхаванцы Андрэя Віктаравіча паедуць на абласныя спаборніцтвы ў Гарадок, магчыма, прывязуць адтуль новыя перамогі, а пакуль можна прыгадаць вынікі мінулага года. “Летась я і двое маіх выхаванцаў, Ульяна Горава і Канстанцін Навічкоў, былі адабраны на XV Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль у Баку. Беларусь адпраўляла дэлегацыі па 8 відах спорту. Адбор быў сур’ёзны, 13 стартаў, у каманду набіралі 3 хлопчыкаў і 3 дзяўчынак. Па атмасферы ў Баку была сапраўдная алімпіяда, з адкрыццём, закрыццём, сваёй вёскай. Туды прыехалі 48 краін. Ульяна фінішавала 18-й з 70 чалавек у шашэйнай гонцы, гэта паспяховы вынік у Еўропе, Канстанцін выступіў крыху горш. Усё ж вопыту мала, калі б мы часцей выязджалі за мяжу, то разумелі б, з якімі сапернікамі давядзецца змагацца”, – дзеліцца Андрэй Віктаравіч.

Вельмі важна выбраць правільны памер рамы веласіпеда. Гэта ўплывае не толькі на камфорт пры катанні, але і на бяспеку і здароўе. У інтэрнэце ёсць табліцы, дзе суадносяцца рост чалавека і памер рамы. Пры гэтым варта не забываць яшчэ пра некалькі пунктаў.

Па-першае, вызначыцеся са стылем язды. Для актыўнага і экстрэмальнага катання з двух варыянтаў лепш выбраць крыху меншы памер рамы, бо, чым большы запас сантыметраў над рамай, тым больш у вас будзе ўпэўненасці. Для спакойных паездак па горадзе і парках можна выбі­раць крыху большую раму.

Па-другое, улічвайце свой целасклад. Для худога ці стандартнага падыдзе рама крыху большага памеру, для поўнага — меншая, бо ў такім выпадку будзе прасцей садзіцца і злазіць з веласіпеда.


Веласпорт падыходзіць практычна ўсім. Па характары чалавек павінен быць спакойным, мэтанакіраваным, астатнія якасці прыйдуць у працэсе. “Спорт робіць дзяцей добрасумленнымі, самастойнымі, дае ім пуцёўку ў жыццё, упэўненасць, — адзначае Андрэй Віктаравіч. — Я сваіх выхаванцаў пасля перамогі заўсёды прашу ўявіць, колькі дзяўчынак і хлопчыкаў іх узросту ёсць у краіне, а выйграў менавіта ён ці яна, гэта ж нешта значыць”. Выхаванцы на хвіліну задумваюцца, а калі разумеюць, што толькі што зрабілі, на якую вяршыню падняліся, задаволена ўсміхаюцца. Гэтымі эмоцыямі веласпорт і зачароўвае.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.В.Ліпо.