Крыху чараўнік

- 10:35Людзі адукацыі

Выхавальніца Юлія Анатольеўна Савіцкая з Пінкавіцкага ясляў-сада Пінскага раёна любіць сваю прафесію за тое, што яна дазваляе шмат разоў пражываць дзяцінства. Праўда, педагог не адразу знайшла сябе ў прафесійнай дзейнасці, хаця і выбірала яе, як спачатку здавалася, усвядомлена і мэтанакіравана. Але жыццё падкарэкціравала першапачатковыя планы. І даволі ўдала.

Ю.А.Савіцкая родам з Жодзіна. Цікавасць да гуманітарных навук прывяла ўчарашнюю школьніцу на філалагічны факультэт БДПУ імя Максіма Танка. Пасля яго заканчэння Юлія Анатольеўна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў адной з жодзінскіх школ, потым — метадыстам у гарадскім аддзеле адукацыі і ў Жодзінскай жаночай гімназіі. Невядома, як бы склаўся далейшы лёс педагога, калі б 6 гадоў назад яна па сямейных прычынах не апынулася на Піншчыне. Работы па спецыяльнасці там не аказалася. Настаўніцы прапанавалі папрацаваць выхавальніцай у дашкольнай установе, і яна з задавальненнем пагадзілася.

— Шчыра кажучы, пасля 13 гадоў работы настаўніцай і метадыстам хацелася паспрабаваць сябе ў новай ролі, — прызнаецца Ю.А.Савіцкая. — Было б памылкай не выкарыстаць шанс, які падарыў лёс. І я вельмі ўдзячна яму, бо зразумела, што менавіта дашкольная адукацыя — гэта тое, чым насамрэч мне хацелася б займацца. Нездарма кажуць: калі ўдала выбраць працу і ўкласці ў яе сваю душу, то шчасце само вас адшукае. Так і атрымалася. Выхавальнік — цудоўная прафесія! Штодзень ідучы на работу, не ведаеш, кім будзеш сёння: псіхолагам, скульптарам, мастаком, актрысай… Галоўная задача — замяніць на некаторы час маму. А зрабіць гэта вельмі цяжка.

Сучасны свет, як дзеці, увесь час у руху. А сучасны выхавальнік — гэта не звод норм і правіл, а найперш той, хто ўмее бачыць і чуць дзяцей з іх жаданнямі і патрэбамі, не баіцца пастаянна вучыцца. За час работы ў яслях-садзе Юлія Анатольеўна ўдзельнічала ў розных конкурсах, выставах і педканферэнцыях, прайшла перападрыхтоўку ў АПА па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і курсы па навучанні дзяцей англійскай мове. Ю.А.Савіцкая — фіналіст раённых педчытанняў і адна з пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года — 2020”.

— У дзецях падабаюцца адкрытасць і цікаўнасць, — гаворыць Юлія Анатольеўна. — Абавязкова ўлічваю гэта ў сваёй рабоце. Так, вялікую ўвагу ўдзяляю экалагічнай адукацыі. Пад маім кіраўніцтвам малышы выконваюць экалагічныя праекты па раздзельным зборы смецця, энергазберажэнні, беражлівых адносінах да прыроды. Не абыходжу ўвагай здаровы лад жыцця і фізічнае выхаванне. Галоўнае ў гэтым — уласны прыклад. Заняткі фітнесам сталі добрай сямейнай традыцыяй.

Педагагічнае крэда Ю.А.Савіцкай: “Кожны выхавальнік крыху чараўнік”. І гэта цалкам заканамерна. Раскрываць таленты дзяцей, развіваць іх пазнавальную актыўнасць і, самае важнае, любіць і прымаць выхаванцаў такімі, якія яны ёсць. Сапраўднае чараўніцтва!

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.