Крылатая кампанія

- 11:15Адукацыйная прастора

Амаль завяршыўся год, які для арнітолагаў Беларусі праходзіў пад эгідай аховы глушца. Хутка мы будзем сустракаць новы: птушкай года — 2021 выбраны ляляк звычайны. У чым поспех гэтай нацыянальнай кампаніі? Якімі ж былі галоўныя вынікі сёлетняй? Чым удалося дапамагчы глушцу і што можам зрабіць для леляка ў новым годзе? Пра гэта наша гутарка.

Жыві, глушэц!

Птушкай года традыцыйна становіцца адзін з уразлівых відаў птушак, і людзі аб’ядноўваюць свае намаганні, каб прынесці ім карысць.

Галоўныя вынікі мінулых гадоў падводзіць спецыяліст ГА Ахова птушак Бацькаўшчыны” па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы: “Здаралася, што мы засяроджвалі сваю ўвагу не на відзе птушак у цэлым, а нават на канкрэтных асобінах на пэўнай тэрыторыі. Так, калі птушкай года была пустальга звычайная, мы аднавілі існаванне заказніка “Сакаліны” ў Мачулішчах, што пад Мінскам. Хоць там гнездаваліся больш за дзясятак пар пустальгі, заказнік там быў ліквідаваны, а дрэвы, якія былі дамамі птушак, высякаліся. Калі птушкай года быў чорны стрыж, то мы асаб­ліва многа працавалі ў Мінску, дзе праводзілі рамонт будынкаў, і пераконвалі будаўнічыя кампаніі, каб яны не рабілі рамонту дахаў, у якіх гнездаваліся чорныя стрыжы, у перыяд іх гнездавання. Гэта дало магчы­масць дзясятку пар вывесці сваё патомства. Калі гаварыць пра вялікага падорліка, то і ў мінулым, і ў гэтым годзе мы право­дзілі рэвізію ўсіх перада­дзеных пад ахову дакументаў, неабходных для захавання гнёздаў і месцаў пражывання гэтага віду, і там, дзе ў нас былі прабелы, мы іх запоўнілі. Цяпер у нас каля ста пар маюць “дакументы на жытло”, якія забара­няюць там праводзіць высечку. Улічваючы, што ўсяго ў Беларусі іх каля 120—150 асобін, то большая частка папуляцыі беларускага падорліка, дзякуючы мерапрыемствам кампаніі, была ўзята пад ахову.

Самым важным крокам гэтага года стала захаванне жыцця глушцу. У Беларусі ёсць два падвіды глушца — заходнееўрапейскі і сярэднярускі. Прадстаўнікоў першага падвіду ў нас засталося вельмі мала — менш за 500 асобін. І ў гэтым годзе мы падрыхтавалі і ўзгаднілі ўсе неабходныя дакументы, каб увесці мараторый на паляванне на гэты падвід глушца ў краіне. Бо від адзін і адносіцца да паляўнічых відаў, таму ўнесці яго цалкам у Чырвоную кнігу Беларусі было вельмі складана. Таму тое, што нам удалося дамовіцца з усімі зацікаўленымі структурамі, — гэта поспех”.


Мастацкая арніталогія

Хоць намаганні арнітолагаў-прафесіяналаў вельмі значныя, усё ж не менш важная і дапамога іх юных калег са школ і нават дзіцячых садкоў краіны. Пра асноўныя яе кірункі расказвае Наталля Саракавік, спецыяліст АПБ па акцыях і кампаніях: “Год быў насычаны цікавымі падзеямі, нягледзячы на вымушаныя акалічнасці. Хоць мы імкнёмся нашымі мерапрыемствамі аб’ядноўваць людзей, сёлета з-за пандэміі мы перахо­дзілі на дыстанцыйны варыянт. Глушэц павінен быў вытрымаць чэлендж і зрабіць так, каб дзеці і дарослыя прымалі па-ранейшаму актыўны ўдзел у нашых конкурсах, але каб гэта было для іх зручна, камфортна і бяспечна. Адзін з такіх конкурсаў — “Птушка-арт”. Звычайна ён накіраваны на тое, каб далу­чаць да ўдзель­нікаў нашых клубаў “Крылаты дазор” іншых дзяцей, каб яны змаг­лі пазнаёміцца з птушкай, аб’ядналіся, выстраіліся і разам утварылі сілуэт гэтай птушкі. Таму ў новым фармаце мы прапанавалі, не губляючы ідэі, скласці сілуэт птушкі, выкладваючы яго з любых падручных матэрыялаў. Прыемна ўразіла колькасць дзяцей, якія да нас далучыліся. Матэрыяламі для іх творчасці сталі кавалачкі тканіны, элементы адзен­ня, кухоннае начынне, крупы, насенне, садавіна, гузікі, накрыўкі. У ход пайшлі драўніна, шышкі, лісце, лапкі елак, сухія галінкі і нават каменьчыкі — ад зін з пачастункаў глушца. Некаторыя дзеці вырашылі самі замаскіравацца пад глушцоў, і ім гэта ўдалося. Дзеці рабілі фота сваіх выкладзеных сілуэтаў птушак, абменьваліся адно з адным у класе, абмяркоўвалі ідэі. Педагогі адзначылі, што гэта стала цікавай знаходкай у існуючых умовах.


Сёлета ўпершыню замест традыцыйнага конкурсу малюнкаў мы прапанавалі дзецям стварыць паштоўкі з падзякамі для тых лясгасаў, якія падтрымалі забарону на паляванне на заходнееўрапейскі падвід глушца. Паштоўкі атрымаліся не толькі маляўнічымі: яны неслі сваю місію. Любая забарона мае свой тэрмін, таму дзеці прапанавалі супрацоўнікам лясгасаў зрабіць забарону на паляванне на ўразлівую птушку пастаяннай.

У гэтым годзе мы апрабавалі фармат дыджытал-конкурсу. Мы разумеем, што дзеці больш пагружаюцца ў лічбавае асяроддзе, таму прапанавалі ім стварыць мемы, абапіраючыся на адзін з дзесяці асноўных фактаў пра глушца. Юныя блогеры размяшчалі свае мемы ва “УКантакце”, спаборнічалі ў колькасці лайкаў і тым самым у нязмушанай форме знаёмілі сваіх падпісчыкаў з глушцом”.

Вадзіцель дасведчаны —ляляк выратаваны

У наступным годзе наша агульная ўвага пераключыцца на леляка — начную птушку памерам з голуба, але з больш доўгімі крыламі і хвастом, з кароткай дзюбай, вялікімі вачамі і такім жа вялікім ротам. У межах краіны птушыны марафон заўсёды праходзіць з дзейснай падтрымкай вучняў гарадскіх і сельскіх школ, студэнтаў і настаўнікаў біялогіі, валанцёраў. Ужо сёння яны вывучаюць птушку-незнаёмку, каб прадумаць план яе падтрымкі.
Як расказалі спецыялісты АПБ, убачыць леляка ў дзікай прыродзе — вялікая ўдача. І не толькі таму, што ён актыўны толькі ў прыцемках і ноччу. Гэтая птушка — майстар маскіроўкі, яго стракатае шаравата-бурае пер’е практычна зліваецца з колерам лясной падсцілкі і кары дрэў. Калі леляка гэта добра ратуе ад крылатага ворага, то ад аўтамабільных колаў яму часта не ўдаецца схавацца. Бяда ж птушкі ў тым, што яе кароткія пальцы не прыстасаваны для абхоплівання галін. Гэта, напэўна, адзіны від у нас, які садзіцца ўздоўж галінкі. З-за гэтага яму і зручней сядзець на зямлі: на бярозавых пералесках, на полі, каля жылля.

Сямён Левы гаворыць: “Нельга сказаць, што леляку пагражае знікненне, але ў нас ёсць толькі ацэнка колькасці ў Беларусі 1997 года: 35—50 тысяч пар. Але тым не менш для яго тэма гібелі на аўтадарогах у гнездавы перыяд, у час злёткаў стаіць востра. Гэтай праблемай мы хацелі б заняцца ў наступным годзе: у першую чаргу хочам на гэта звярнуць увагу людзей. Бацькі і педагогі нашых юных памочнікаў—школьнікаў таксама з’яўляюцца вадзіцелямі, і калі дзеці будуць ведаць пра гэты факт, то і бацькам лішні раз нагадаюць знізіць хуткасць на дарозе. Акрамя таго, як і ўсе птушкі, якія гняздуюцца на зямлі, ляляк пакутуе ад спусташэння гнёздаў наземнымі драпежнікамі”.


Свае сумесныя акцыі разам з педагогамі сельскіх школ ужо прадумвае Наталля Саракавік: “Ляляк гняздуецца на зямлі і часта непадалёк лясных дарог. Птушкі вылятаюць цэлымі чародкамі і ся­даюць на дарогу, не паспяваючы зрэагаваць на аўтамабіль, і таму часта гінуць пад калёсамі. Тым больш што ляляк палюе ўвечары, што яшчэ больш пагаршае сітуацыю. Мы хочам звярнуць увагу вадзіцеляў на выкананне хуткаснага рэжыму, асабліва на лясных дарогах. У прыватнасці, хочам ра­зам са школьнікамі правесці ўлік леляка, вызначыць участкі дарог, дзе найбольш верагодна сустрэць гэтых птушак, і правесці інфармацыйную кампанію, у межах якой дзеці — удзельнікі клубаў “Крылаты дазор” — будуць расказваць вадзіцелям пра леляка на дарогах і пра тое, як вадзіцель можа прадухіліць яго гібель. Асабліва гэта будзе актуальна ў тых населеных пунктах, дзе побач шмат лясных дарог”, — дзеліцца планамі Наталля Саракавік. — Ёсць яшчэ ідэя прапрацаваць са службай ДАІ ўстаноўку знакаў “Асцярожна, птушкі” (па аналогіі са знакам, які папярэджвае пра небяспеку выхаду на дарогу дзікіх жывёл) ці хаця б дадаткова абмежаваць на пэўных участках дарог дазволеную хуткасць”.


Святлана НІКІФАРАВА.