Крылатая прыгажуня з Чорнай кнігі

- 13:00Навука і інавацыі

На выгляд гэта бяскрыўдны прыгожы матылёк серабрыста-белага колеру. А насамрэч — адзін з “насельнікаў” другога выдання “Чорнай кнігі інвазійных відаў жывёл Беларусі” — самшытавая агнёўка. Пра тое, як маленькае насякомае можа зрабіць вялікую шкоду, расказвае даследчык інвазійнага шкодніка старшы выкладчык кафедры заалогіі біялагічнага факультэта БДУ Алег Сінчук. 

Даследаванні раслін па выяўленні самшытавай агнёўкі ў Беларусі вядуцца з 2017 года. Для гэтага вучоныя назіраюць за насаджэннямі самшыта ў розных абласцях. Упершыню на тэрыторыі краіны насякомае было знойдзена ў гарадскім парку Брэста. Алег і Надзея Сінчук знайшлі вусеняў і матылькоў агнёўкі, а таксама тыповыя пашкоджанні раслін.

— Да нядаўняга часу самшыт у беларускіх умовах быў адной з самых непераборлівых і ўстойлівых дэкаратыўных парод. Гэта абумоўлівалася амаль поўнай адсутнасцю шкоднікаў, хвароб і тым, што расліна добра расце ў цені і не баіцца прамых сонечных прамянёў. Самшыт выкарыстоўваецца ў нізкіх жывых агароджах, дэкаратыўных газонах і зялёных скульптурах, — тлумачыць Алег Сінчук. — Самшытавая агнёўка — вялікі матылёк серабрыста-белага колеру з карычневата-чорнай аблямоўкай па краях крылаў. Вусені (памер старэйшых асобін дасягае 30—40 мм) харчуюцца сцяблінамі і лісткамі самшыта, што прыводзіць да адмоўных наступстваў для расліны. Радзімай агнёўкі лічаць Усходнюю Азію (Далёкі Усход Расіі, Японія, Кітай, Карэя, Індыя). Адтуль разам з пасадачным матэрыялам яна трапіла ў Еўропу. У 2006 годзе шкодніка знайшлі ў Германіі, і ён хутка распаўсюдзіўся. У 2012 годзе пры падрыхтоўцы да зімніх Алімпійскіх гульняў у Сочы спецыялісты назіралі другі ачаг нашэсця матылька: тады з Італіі ў Расію завезлі заражаны пасадачны матэрыял. У выніку за некалькі гадоў практычна зніклі рэліктавыя бары самшыта. А многія з раслін мелі ўзрост, які набліжаўся да дзвюх тысяч гадоў!

Навуковыя пошукі ў Брэсце і Брэсцкай вобласці вучоны праводзіць разам з начальнікам Цэнтра экалогіі БрДУ імя А.С.Пушкіна Аляксандрам Колбасам. Іх работа накіравана на прымяненне статыстычных метадаў у біялогіі і вывучэнне шкоднікаў, якія паразітуюць на насаджэннях. Алег Віктаравіч займаецца ідэнтыфікацыяй насякомых, а Аляксандр Пятровіч адказвае за батаніка-экалагічны напрамак. 

Акадэмічныя інтарэсы Алега Віктаравіча звязаны з біялагічнай разнастайнасцю жывёл. Ён даследуе грамадскіх насякомых і чужаземных насякомых-шкоднікаў, якія прыносяць шкоду драўнінным і травяністым раслінам. Сярод іх таксама мурашы, пільшчыкі, молі-стракаткі, галубянкі, багоўкі іншыя насякомыя. 

— Сёння ў сувязі з інтэнсіўнасцю транспартных плыней у свеце ўсё больш жывых арганізмаў трапляюць за межы сваіх натуральных зон пражывання. Гэта прыводзіць да сур’ёзных экалагічных і эканамічных наступстваў. Увогуле, біялагічная інвазія — адна з глабальных экалагічных праблем чалавецтва. Даследаванні ў гэтай галіне практыка-арыентаваныя і карысныя для народнай гаспадаркі, — расказвае навуковец. 

Вучоныя лічаць, што ў нашу краіну самшытавая агнёўка перабралася з Люблінскага ваяводства Польшчы. Ва ўмовах Еўропы іншыя віды раслін не церпяць ад матылька. Аднак ва Усходняй Азіі шкодніка можна сустрэць на брызглінах і падубах. Па словах даследчыка, для нашай краіны праблема распаўсюджвання самшытавай агнёўкі заключаецца ў тым, што на тэрыторыі Беларусі няма натуральных ворагаў раслін і хвароб  агнёўкі, ад якіх фітафаг можа загінуць. Падточаныя агнёўкай расліны не аднаўляюцца, а паступова засыхаюць, таму вучоны хоча папярэдзіць эканамічныя наступствы для краіны. 

Калі гаспадар заўважыць шкодніка на ўласным участку, першае, на што ён павінен звярнуць увагу, — якая стадыя развіцця насякомага (кукалка, вусень ці дарослы матылёк). Гэта важна, бо, калі выяўлены толькі кукалкі і матылькі, апрацоўваць расліны спецыяльнымі прэпаратамі не мае сэнсу. Прасцей сабраць кукалкі і закапаць ці спаліць іх або адлавіць матылькоў, каб зменшыць кладку шкодніка на самшыт.

— У 2018 годзе шкоднік трапіў у Канаду, у сувязі з чым вучоныя з ЗША вырашылі падлічыць шкоду для арганізацый, што займаюцца вырошчваннем самшыта. У гэтай краіне ён быў лідарам сярод пасадачнага матэрыялу і займаў другое месца па продажы сярод драўнінных дэкаратыўных раслін. Шкоду ацанілі ў 170 мільёнаў долараў штогод. І гэта без уліку раслін, якія ўжо выкарыстоўваліся ў насаджэннях! З падобнымі праблемамі можам сутыкнуцца і мы, — гаворыць Алег Віктаравіч. — Напрыклад, у Брэсце самшыт выкарыстоўваецца для фарміравання зялёных загарадзей. Узрост многіх раслін перавышае стагоддзе! Калі насаджэнні загінуць, мы пацерпім каласальныя страты. 

У Брэсце ў межах горада ўжо можна ўбачыць матылька, які выйшаў з кокана ў канцы красавіка. Вусені будуць з’яўляцца да другой паловы мая. Ключавымі прыметамі прысутнасці агнёўкі з’яўляецца наяўнасць на галінах і лістоце вялікай колькасці цёмна-зялёных і жаўтавата-зялёных цёмнагаловых вусеняў. Лісты і парасткі самшыта пакрываюцца тонкай павуцінай, і насаджэнне, губляючы лістоту, засыхае.

— Сёння для барацьбы са шкоднікам вучоныя рэкамендуюць выкарыстоўваць спецыяльныя прэпараты. Трэба адзначыць, што яны маюць высокую таксічнасць для чалавека, таму пры рабоце з імі трэба быць вельмі асцярожнымі. Такія прэпараты ўздзейнічаюць толькі на вусеняў, — падагульняе Алег Сінчук. — Улічваючы тое, што ў беларускіх умовах могуць фарміравацца не менш за тры пакаленні шкодніка за год, апрацоўваць расліны прыйдзецца як мінімум 2—3 разы, чаргуючы сістэмныя і кантактныя прэпараты. Таксама плануецца выкарыстанне біялагічных прэпаратаў, якія змяшчаюць бактэрыі, што выступаюць у якасці натуральных паразітаў для вусеняў, выклікаючы спыненне іх харчавання і правакуючы гібель.

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва А.В.Сінчука.