Крылы мацнеюць у палёце, ці Як навучыць школьнікаў тварыць

- 10:40Якасць адукацыі

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Азярцоўскай сярэдняй школы Мінскага раёна Ірына Іванаўна Мятліцкая на сваіх уроках імкнецца развіваць у вучняў творчыя навыкі. Для гэтага ў яе педагагічнай скарбонцы сабрана шмат розных метадаў і прыёмаў. 

Прыклад творчага настаўніка

Заходзім ва ўтульны, прывабны кабінет рускай мовы і літаратуры Азярцоўскай сярэдняй школы. Адну яго сцяну, цэнтральную, упрыгожваюць партрэты пісьменнікаў, на другой — фотаздымкі дзяцей. Ірына Іванаўна адзначае: “Гэта мой дом”. У яе вачах чытаецца пацвярджэнне гэтым словам, любоў да свайго прадмета і вучняў. 

У сям’і Ірыны Іванаўны педагогаў не было. І сёння яна памятае, якое незабыўнае, яркае ўражаннне ў яе, вясковай дзяўчынкі з Валожынскага раёна, пакінула першая настаўніца. Яна была вельмі прыгожая і гаварыла так, што хацелася слухаць яе бясконца. Ужо тады ўзнікла жаданне ў будучыні стаць такой жа адукаванай, ветлівай, заўсёды з густам апранутай. 

— Як і марыла, я паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, — адзначае Ірына Іванаўна. — Пасля абароны дыпломнай работы атрымала прапанову працаваць у Інстытуце фальклору і этнаграфіі Нацыянальнай акадэміі навук, аднак без усякіх сумненняў адказала: “Я хачу ў школу”. 

Толькі сістэмнае выкарыстанне сучасных тэхналогій і метадаў навучання можа даць стабільна высокі вынік, будзе спрыяць усебаковаму развіццю эрудзіраванай, духоўна багатай асобы.

Па сваім вопыце Ірына Іванаўна ведае: важна, каб у лёсавызначальныя моманты побач былі людзі, якія падтрымаюць і тым самым нібы падораць крылы. І сёння яна ўдзячна тым, хто адыграў у яе жыцці такую ролю. Так, дырэктар Буцавіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Галіна Канстанцінаўна Зудзіна адразу падбадзёрыла маладую настаўніцу. Наведаўшы адзін з першых яе ўрокаў, яна са шчырай усмешкай сказала: “У вас усё атрымалася добра. Толькі, відаць, ад хвалявання няправільна быў пастаўлены націск у адным слове. Але гэта дробязь, усе памыляюцца. Адназначна, з вас атрымаецца сапраўдны настаўнік”. Тады гэтыя словы літаральна акрылілі пачынаючага педагога. Хацелася як мага хутчэй падзяліцца навіной з роднымі, а галоўнае —  і далей расці прафесійна. 

Адклаўся ў памяці і яшчэ адзін яркі эпізод старту прафесійнай дзейнасці. Ірына Іванаўна на ўроку выразна чытала вучням “Казку аб мёртвай царэўне і сямі волатах”. Варта адзначыць, што дэкламуе настаўніца вельмі прыгожа, па-майстэрску. Таму я з лёгкасцю ўяўвіла, як уважліва вучні слухалі тады казку ў яе выкананні…

— Пасля таго як урок закончыўся і я выйшла ў калідор, тэхнічныя работнікі мне прызналіся, што стаялі пад дзвярамі класа і таксама ўважліва слухалі казку, — расказвае настаўніца. — Гэтае прызнанне дарагога варта. Я адчула, што мне зноў падарылі крылы, каб тварыць у гэтым кірунку. З таго часу педагагічная дзейнасць усё цясней перапляталася з творчасцю. Пачаць я вырашыла з сябе. Бо калі дзеці бачаць перад сабой прыклад настаўніка, які працуе творча, то і самі пераймаюць такі падыход, вучацца творчасці і з часам ужо не ўяўляюць свайго жыцця без такога віду дзейнасці. 

Падыход сучасны і індывідуальны

Безумоўна, увагу сучасных вучняў, якія не ўяўляюць жыцця без гаджэтаў, надоўга не ўтрымаць выразным чытаннем. Аднак Ірына Іванаўна з самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці ўзяла за правіла імкнуцца рабіць усё з душой, творча. На сваіх уроках яна робіць стаўку на дыферэнцыраваную работу, каб кожны вучань быў заняты і выконваў заданні адпаведна свайму ўзроўню ведаў. 

Ірына Іванаўна пераканана: толькі сістэмнае выкарыстанне сучасных тэхналогій і метадаў навучання можа даць стабільна высокі вынік, будзе спрыяць усебаковаму развіццю эрудзіраванай, духоўна багатай асобы. За гады работы яна сфармулявала для сябе правілы, якіх строга прытрымліваецца ў адносінах з вучнямі. Па яе меркаванні, абавязкова трэба заахвочваць разумны пошук і сумненні, а таксама творчыя ідэі і вынікі творчай дзейнасці школьнікаў, стымуляваць далейшае развіццё, дазваляць рабіць памылкі, рыхтаваць да перашкод. Гэтыя правілы накіраваны на тое, каб дзіця адчувала сябе на ўроку камфортна, не баялася выказвацца і абараняць свой пункт гледжання.

Неабходна заахвочваць разумны пошук і сумненні, творчыя ідэі і вынікі творчай дзейнасці, стымуляваць далейшае развіццё, дазваляць рабіць памылкі, рыхтаваць школьнікаў да перашкод.

Значнае месца ў выкладанні мовы і літаратуры ў Ірыны Іванаўны займаюць творчыя заданні. Яны павышаюць цікавасць дзяцей да вучобы, развіваюць у іх назіральнасць, вучаць самастойна вырашаць пастаўленыя задачы. Важна і тое, што ў творчых пісьмовых работах праяўляюцца індывідуальныя якасці вучняў і асаблівасці іх маўлення. Для гэтага
настаўніца выкарыстоўвае розныя формы работы, такія як вучэбнае даследаванне, творчыя практыкумы, лінгвістычныя і літаратурныя канферэнцыі і дыспуты; разнастайныя формы самастойнай работы з падручнікам, дадатковай літаратурай, літаратурна-крытычнымі артыкуламі; абмеркаванне пытанняў праблемнага характару; праектная дзейнасць; парная і групавая работа. 

— Стараюся, каб урокі мовы і літаратуры былі максімальна ўзаемазвязаны паміж сабой, лагічна працягвалі адзін аднаго, — дадае Ірына Іванаўна. — Гэта дае магчымасць больш грунтоўна адпрацаваць тэмы, паглыбіцца ў пэўную лексіку і лепш зразумець яе. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе я доўга думала, як лепш падаць дзецям апавяданне К.Г.Паўстоўскага “Тэлеграма”. У ім закранаецца вельмі важная тэма — адносін да бацькоў, таму хацелася, каб твор нікога не пакінуў абыякавым, дакрануўся да душы кожнага сямікласніка. У выніку папярэдняя работа па падрыхтоўцы дзяцей пачалася яшчэ на ўроку мовы. Я прапанавала напісаць сачыненне па фотаздымку, на якім быў адлюстраваны адзінокі ліст клёна. 

У цэнтры ўвагі — слова, думка і творчасць

Для напісання сачынення спачатку вучні падбіралі дзеясловы дзеянняў, каб адказаць на пытанне “Што робіць ліст?” (хістаецца, дрыжыць, баіцца, сумуе, плача…). Затым настаўніца прапанавала задумацца над тым, чаму гэта адбываецца з лістом. (“Чаму ён дрыжыць і баіцца?”) Гучалі такія адказы: “плача ад адзіноты”, “сумуе па леце і цяпле”, “баіцца невядомасці”… Такім чынам ад паўтарэння дзеяслова вучні перайшлі да дзеяслоўнага словазлучэння. Далей стаўка была зроблена на адзін з любімых прыёмаў творчай Ірыны Іванаўны — пераўвасабленне. Кожны вучань паспрабаваў уявіць сябе лісцікам з фотаздымка і ад яго імя скласці аповед. Пры гэтым усе маглі выказаць свае ўяўленні. Такім чынам, дзеці працавалі на ўроку рускай мовы з лексікай, якая спатрэбілася ім потым на літаратуры.

На ўроку літаратуры да фотаздымка адзінокага ліста далучыліся іншыя выявы: адзінокай бабулі ля дрэва, дома-інтэрната. Такім чынам лагічна была працягнута тэма адзіноты нават у тых выпадках, калі ёсць сваякі. Дзеці былі ўжо эмацыянальна падрыхтаваныя. Яны пісалі кранальныя пісьмы галоўнай гераіні апавядання “Тэлеграма” Кацярыне Пятроўне, пра якую забылася родная дачка, абуральныя — дачцэ Насці, размаўлялі са сваім сумленнем… У канцы вывучэння твора хлопчыкі і дзяўчынкі склалі тэксты тэлеграм для сваіх матуль. Яны пранікліся зместам твора да глыбіні душы. Пра гэта красамоўна сведчылі радкі: “Мамачка, дзякуй, што ты побач”, “Ты ў мяне самая любімая”, “Я заўсёды буду побач”, “Я ніколі не пакрыўджу цябе, мая родная”…

— На жаль, дзеці сёння мысляць кліпава і ім цяжка выказваць свае меркаванні. Важна навучыць іх гаварыць свабодна, арганізаваць максімальныя ўмовы для развіцця маўлення. Я заўсёды імкнуся стварыць такую сітуацыю, каб дзеці прапускалі тэму праз сябе, глыбока асэнсоўвалі яе і хацелі выказацца, — акцэнтуе ўвагу І.І.Мятліцкая. — Слова разам з думкай і творчасцю — гэта самае каштоўнае, што ёсць у чалавека. Дэталёвая, штодзённая работа над  словам неабходна на кожным уроку. Вялікае значэнне мае кожнае сказанае слова, таму так важна падабраць яго ўдала. Адпаведны прыём называецца “Прымерай слова”. Такая работа становіцца выдатнай асновай для наступнай рознабаковай творчай дзейнасці, якая адбываецца на ўроку. 

Да арганізацыі парнай і групавой работы важна падыходзіць дыферэнцыравана. Максімальны вынік дасягаецца, калі ў пары і групе працуюць вучні прыкладна аднолькавага ўзроўню ведаў, каб заданні ўсім былі па сілах і ніхто не адчуваў сябе незапатрабаваным.

Для развіцця творчых здольнасцей вучняў Ірына Іванаўна нярэдка прымяняе такі прыём, як “Лаві вобраз”. Можа быць выкарыстана любая тэматыка, напрыклад, прыродныя з’явы. Вынікам сумеснай творчасці становяцца пробы пяра, якія дапамагаюць вучням паверыць у сябе. 

Яшчэ адзін цікавы прыём — тэатралізацыя. Вучні ахвотна ўключаюцца ў творчы працэс, рыхтуюць афішы, рэпеціруюць і пасля дэманструюць урыўкі з розных твораў.  

Творчыя заданні Ірына Іванаўна дае вучням дыферэнцыравана. Напрыклад, ілюстраванне, падбор малюнкаў да пэўных фрагментаў тэксту прапаноўвае вучням з нізкай матывацыяй. Больш складаныя заданні, якія патрабуюць аналітычнай дзейнасці, выконваюць высокаматываваныя дзеці. Акрамя таго, яны рыхтуюць паведамленні з выкарыстаннем дадатковай лінгвістычнай літаратуры, шукаюць нестандартныя лінгвістычныя задачы, складаюць крыжаванкі. Да арганізацыі парнай і групавой работы педагог таксама падыходзіць толькі
дыферэнцыравана. У яе выпрацавалася правіла: у пары і групе працуюць толькі вучні прыкладна аднолькавага ўзроўню ведаў, каб заданні ўсім былі па сілах і ніхто не адчуваў сябе незапатрабаваным. 

У ходзе вучэбных заняткаў і пазаўрочнай дзейнасці настаўніца дэманструе вучням сваю адкрытасць да зносін, стараецца матываваць школьнікаў быць актыўнымі і ўпэўненымі ў сабе. Ёй радасна бачыць, як у адказ дзеці далучаюцца да размоў, вылучаюць уласныя прапановы, становяцца актыўнымі творцамі. 

Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара.