Крыніца ідэй і натхнення

- 11:01"Настаўніцкай газеце" — 75

Дзмітрый ХОМА, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама

Сёння ролю сродкаў масавай інфармацыі ў жыцці кожнага чалавека і грамадства ў цэлым складана пераацаніць. Выключна важна, каб матэрыялы, якія прапануюцца чытачам, адпавядалі іх запытам, былі разнастайнымі, цікавымі, карыснымі, своечасовымі і дакладнымі. Менавіта такой мы бачым “Настаўніцкую газету”. Час патрабуе ад нас несупыннага развіцця, змяненняў — і выданне таксама пастаянна ўдасканальваецца, прапануе новыя праекты і рубрыкі, асвойвае інтэрнэт-прастору, у тым ліку ў фармаце Telegram-канала. Як вынік, у мінулым годзе выданне аб’яднала пад сваім дахам сем сродкаў масавай інфармацыі і вырасла ў Выдавецкі дом “Педагагічная прэса”. Але разам з тым “Настаўніцкая” не здраджвае сабе ў галоўным: яе характэрнымі рысамі заўсёды былі і застаюцца далучанасць да найважнейшых падзей у грамадстве і сістэме адукацыі краіны, увага да чытача, аб’ектыўнасць, высокі прафесіяналізм. На працягу дзесяцігоддзяў яна застаецца паважаным, аўтарытэтным выданнем. Падтрымка чытацкай аўдыторыі, узаем ны давер, грамадская значнасць — плён сур’ёзнай працы, найвышэйшая ацэнка дзейнасці калектыву.

Наша супрацоўніцтва з газетай ажыццяўляецца згодна з двухбаковым пагадненнем, і я думаю, гэтая работа праводзіцца на даволі высокім узроўні. Нават чалавеку далёкаму ад сферы адукацыі,

каб вызначыць асноўныя тэндэнцыі яе развіцця, дастаткова дэталёва прааналізаваць падборку з некалькіх нумароў. “Настаўніцкая” з’яўляецца адкрытай пляцоўкай для абмену вопытам і меркаваннямі, свое асаблівай школай прафесійнага росту для некалькіх пакаленняў педагогаў. На старонках выдання аператыўна і дакладна асвятляюцца актуальныя пытанні прафесійнай дзейнасці настаўніцкай супольнасці Віцебшчыны. Сумесны праект дазваляе практычна ў рэжыме рэальнага часу адлюстроўваць усе значныя падзеі і дасягненні, паказваць праблемы і шляхі іх вырашэння, знаёміць з аўтарскімі методыкамі і значнымі вынікамі прафесійнага пошуку, эфектыўна трансліраваць перадавы вопыт на ўзроўні рэспублікі. Мне імпануе адметны творчы почырк журналістаў, глыбіня ў падачы аналітычных матэрыялаў і ўзважанасць ацэнак, ініцыятыўнасць, уменне эфектыўна працаваць аўтаномна і адначасова ў камандзе. Колькасць падпісчыкаў “Настаўніцкай” у рэгіёне таксама гаворыць аб тым, што газету чытаюць, яна цікавая і запатрабаваная, сведчыць пра тое, што яна ў трэндзе. “Настаўніцкая газета” крочыць у нагу з часам ужо на працягу 75 гадоў. Шчыра жадаю паважанаму юбіляру захаваць усё тое станоўчае і каштоўнае, што назапашана калектывам, натхнення і росквіту, новых поспехаў, ідэй, невычэрпнай энергіі, далейшага творчага росту!

Вольга ЛУКША, настаўніца англійскай мовы Браслаўскай гімназіі

Паважаны калек тыў “Настаўніцкай газеты”, ад усёй ду шы віншую вас са знамянальнай датай! Дзякуючы прафесіяналізму, творчаму падыходу да падачы інфармацыі ваша выданне заслужыла аўтарытэт не толькі сярод педагогаў, але і сярод навучэнцаў і іх бацькоў. На працягу многіх гадоў я з’яўляюся падпісчыкам “Настаўніцкай” і хачу адзначыць, што на яе старонках заўсёды можна знайсці артыкулы пра цікавыя навінкі ў галіне педагогікі, даведацца аб эфектыўным вопыце выкладання, пазнаёміцца з выдатнымі настаўнікамі нашай краіны, а таксама прачытаць пра падзеі, якія адбываюцца за мяжой. “Настаўнiцкая газета” ўжо даўно заваявала аўтарытэт як аб’ектыўны сродак масавай інфармацыі, які кампетэнтна асвятляе дасягненні, праблемы і перспектывы сістэмы адукацыі. Газета стала важнай пляцоўкай для раскрыцця творчага патэнцыялу педагогаў, іх прафесійнага росту, абмеркавання актуальных задач сучаснай школы.

Памятаю хваляванне і гонар, калі ўпершыню на старонках “Настаўніцкай” быў надрукаваны артыкул пра мяне. Пасля гэтага я стала больш адказна ставіцца да ўсяго, што раблю ў жыцці. Таму адназначна магу заявіць: газета выхоўвае чалавека. Чытаючы пра калег, мне самой захацелася расказаць падпісчыкам пра ўласную дзейнасць, і я пачала адпраўляць у рэдакцыю нататкі пра Браслаўскую гімназію, у якой працую больш за 11 гадоў, пра сваіх навучэнцаў, ідэі і вопыт работы.

Я вельмі ўдзячна калектыву рэдакцыі за падтрымку і ўвагу да маіх матэрыялаў. Калектыў газеты заўсёды гатовы да супрацоўніцтва, з радасцю прымае новых настаўнікаў у кола пазаштатных аўтараў.

Вядома, я не знаўца ўсіх тонкасцей стварэння газеты, але, зразумела, кожны выпуск “Настаўніцкай” — прадукт дзейнасці ўсяго калектыву. І ад кожнага з вас залежыць, ці будзе нумар цікавым, актуальным.

Колькі нябачнай, руціннай працы трэба зрабіць усім супрацоўнікам рэдакцыі, каб штораз у аўторак, чацвер і субо ту ў руках чытачоў быў свежы нумар! Вельмі важна і тое, што газета расказвае пра лёсы канкрэтных людзей у сістэме адукацыі, іх праблемы і знаходкі, развіваецца ў сферы дызайну і актыўна асвойвае інтэрнэт-прастору. Вы дапамагаеце нам вучыцца і разам з навучэнцамі адкрываць новы свет, пазнаваць кожнае бясцэннае імгненне нашага жыцця. Пакуль будуць у нашай краіне настаўнікі (а яны будуць заўсёды), наша выданне, несумненна, будзе і надалей нас радаваць. Жадаю далейшых перамог і здзяйсненняў, прафесійных поспехаў і ўдзячных чытачоў!

Вольга ЖЫТКАЯ, настаўнік-метадыст, настаўніца біялогіі Ушацкай сярэдняй школы

“Настаўніцкую” выпісваю з першых дзён работы ў школе, куды прыйшла працаваць пасля заканчэння біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта  1 верасня 1994 года. Мне больш падабаецца чытаць папяровы варыянт газеты, яму часцей аддаю перавагу, хаця ўважліва праглядаю і інтэрнэт-рэсурсы.

Як педагога-пачаткоўца ў свой час мяне зацікавіла рубрыка, дзе публікаваліся ўрокі — прычым не толькі па біялогіі, але і па іншых прадметах. Старалася ў кожным знайсці іскрынку, каб пакласці ў сваю педагагічную скарбонку. З задавальненнем і зараз вывучаю ўрокі, якія друкуюць у газеце члены клуба “Крыштальны журавель”. Але ўжо больш зважаю на метадычную частку ўрока, лагічную сувязь паміж яго этапамі, дыдактычны складнік. Спрабую ўбачыць ва ўроку часцінку поспеху, што прывяла педагога да перамогі ў прафесійным конкурсе педагагічнага майстэрства “Настаўнік года”. Заўсёды з алоўкам вывучаю публікацыі майстар-класаў педагогаў. Гэтая форма метадычнай работы таксама ўключана ў праграму конкурсу прафесійнага майстэрства. Адна справа — правесці майстар-клас з калегамі і падзяліцца сваім вопытам, і зусім іншая — правесці яго як конкурснае мерапрыемства, якое ацэньвае журы.

Таксама ўвагу прыцягваюць публікацыі пра цікавых, паспяховых педагогаў, пераможцаў прафесійных конкурсаў: такія публікацыі матывуюць і натхняюць. Упершыню пра Ірыну Клявец, пераможцу конкурсу “Настаўнік года —2006”, я даведалася з “Настаўніцкай газеты” і зацікавілася інтэрактыўнымі прыёмамі і метадамі, якія яна прымяняла ў сваёй педагагічнай дзейнасці. Наведвала яе майстар-класы, дзе пазнаёмілася з яшчэ адным таленавітым, твор чым і проста вельмі добрым чалавекам — Аленай Гарбар. Яна таксама дзялілася вопытам выкарыстання інтэрактыўных прыёмаў і метадаў.

Так “Настаўніцкая” паспрыяла як знаёмству з выдатнымі людзьмі, так і папаўненню ўласнай педагагічнай скарбонкі інтэрактыўнымі прыёмамі. А матэрыял артыкула пра пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2017” Віктара Жука я выкарыстала для правядзення факультатыўных заняткаў “Уво дзіны ў педагагічную прафесію”.

У маім прыярытэце чытання газеты стаяць публікацыі педагогаў-наватараў Мікалая Запрудскага, Галіны Сухавай, Алены Ананчыкавай, Элы Якубоўскай, Вольгі Счасновіч, якія ўзнімаюць актуальныя пытанні сучаснай педагогікі, знаёмяць з новымі прыёмамі, формамі і педагагічнымі тэхналогіямі. Вялікі стаж педагагічнай работы, удзел у педагагічных фестывалях, метадычным летніку М.І.Запрудскага пашырыў кола знаёмстваў з педагогамі Беларусі. Затым паспрабавала сама адпраўляць матэрыялы ў газету. Вельмі хвалявалася, надрукуюць ці не, ці будуць яны цікавымі і актуальнымі для педагогаў. З нецярпеннем чакала выхаду публікацый і радавалася, калі яны выходзілі. Значыць, матэрыял актуальны! Лічу, што шматгадовае супрацоўніцтва з газетай вылілася для мяне ў маленькія і вялікія педагагічныя перамогі. Матэрыялы, якія публікавала газета, дапамаглі мне ў развіцці ўласнай педагагічнай траекторыі. Я стала лаўрэатам абласнога этапу конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года — 2014”, у 2018 годзе здала кваліфікацыйны экзамен на настаўніка-метадыста. Цяпер дапамагаю калегам рыхтавацца да конкурсу педагагічнага майстэрства, здачы кваліфікацыйнага экзамену. І зноў ідэі і натхненне чэрпаю з матэрыялаў педагогаў, якія публікуе “Настаўніцкая газета”, за што хачу сказаць вялікі дзякуй!

Наталля ЛОГВІНАВА, Ірына ШЫБЕКА, Юлія НАТАЛЕВІЧ,Ганна ДАВІДЗЕНКА, намеснікі дырэктара; Ніна ЛАУТА, Галіна ЕФАНЕНКАВА, Віктар ЖУКОЎСКІ, настаўнікі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы No 2 Оршы

З юбілеем, любімая газета!

Шмат гадоў настаўнікі сярэдняй школы No 2 Оршы выпісваюць і чытаюць “Настаўнiцкую газету”. Існуе меркаванне, што газета жыве толькі адзін дзень. Для многіх перыядычных выданняў, можа, яно і так.

Аднак, калі газету выпускаюць прафесійныя журналісты, артыкулы выкладаюцца зразумела і лагічна, матэрыялы карысныя, змястоўныя і цікавыя, то газета не проста запатрабаваная — некаторыя нататкі хочацца не толькі прачытаць, але і перачытаць, і не адзін раз.

Гэта ўсё пра “Настаўнiцкую газету”, якая на працягу трох чвэрцей стагоддзя асвятляе пытанні адукацыі ў нашай краіне для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. У любым нумары работнікі дашкольных устаноў, настаўнікі і педагогі дадатковай адукацыі, выкладчыкі каледжаў і ўніверсітэтаў знойдуць для сябе што-небудзь адметнае і патрэбнае, што можна выкарыс таць у сваёй прафесійнай дзейнасці і ў вольны час.

Матэрыялы, як правіла, рознабаковыя і аб’ектыўныя, няма аднастайнасці, адчуваецца, што газета паважае і шануе свайго чытача. Удумлівы чытач атрымлівае адказы на пэўныя жыццёвыя пытанні, многія матэрыялы расказваюць пра няпростую працу педагогаў, можна прасачыць новыя тэндэнцыі, ініцыятывы і напрамкі ў розных адукацыйных галінах не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. У цэлым газета стварае пазітыўны настрой, з якім нам, чытачам і пазаштатным аўтарам, хочацца працаваць яшчэ лепш і якасней. Такія рубрыкі, як “Адукацыя ў асобах”, “Падзеi.Факты. Людзi”, спецпраекты, матэрыялы ў дадатках да “Настаўнiцкай газеты”, з нядаўняга часу і Telegram-канал спрыяюць таму, што педагогі нашай школы ўвесь час у курсе падзей жыцця педагагічнай грамадскасці. У выданні няма негатыву ў сэнсе “жоўтых” навін і крытыкі дзеля крытыкі і вельмі мала рэкламы. Гэта проста выдатна. Прыем на, што на старонках газеты знаходзіцца месца і для артыкулаў настаўнікаў нашай школы. Калектыву газеты хочацца пажадаць творчага даўгалецця, не спыняцца на дасягнутым, самаўдасканальвацца, асвятляць актуальныя тэмы і заўсёды быць у трэндзе!