Крыніца натхнення

- 11:21Суразмоўца

Заўтра, 28 чэрвеня, адзначаецца Дзень моладзі, самай актыўнай часткі грамадства, з якой мы звязваем будучыню нашай краіны. Маладосць — гэта не толькі выдатны ўзрост, але і асаблівы душэўны стан, калі хочацца ахапіць неабсяжнае, заняцца пошукам новага, нязведанага,  генерыраваць ідэі і рабіць адкрыцці. Аб некаторых напрамках  маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне расказвае Таццяна Анатольеўна СІМАНОЎСКАЯ, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі.

— Таццяна Анатольеўна, перш-наперш хачу вас павіншаваць са святам — Днём моладзі. Выхаванне маладога пакалення краіны — галоўная задача нацыянальнай сістэмы адукацыі. Раскажыце, калі ласка, аб фарміраванні маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне, якая заканадаўчая і нарматыўная прававая база з’яўляецца яе асновай.

— Вялікі дзякуй за віншаванні. Кіраўніком дзяржавы, урадам, органамі дзяржаўнага кіравання ўсіх узроўняў удзяляецца вялікая ўвага правядзенню эфектыўнай маладзёжнай палітыкі для развіцця патэнцыялу маладых грамадзян, стварэнню ўмоў для іх самаарганізацыі, актыўнага і эфектыўнага развіцця і ўдзелу ў жыцці грамадства. Асаблівы акцэнт зроблены на неабходнасці падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Адкрыты шляхі для развіцця ініцыятывы і творчасці, актыўнасці, прадпрымальніцтва, патрыятызму і фарміравання грамадзянскай пазіцыі нашай моладзі.

Сёння рэалізацыя маладзёжнай палітыкі рэгулюецца шэрагам нарматыўных прававых актаў, якія замацоўваюць механізмы дзяржаўнай падтрымкі маладых грамадзян, што дасягнулі поспехаў у вучэбнай і навукова-даследчай дзейнасці, творчасці і спорце, адукацыі маладых грамадзян на кожным яе ўзроўні, замацаваны асноўныя кірункі і прыярытэты дзейнасці рэспубліканскіх органаў кіравання і іншых арганізацый па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі і маладзёжнай палітыкі.

Разам з шэрагам існуючых адпаведных дакументаў распрацаваны і прайшоў шырокае грамадскае абмеркаванне ў студэнцкім і маладзёжным асяроддзі, з маладзёжнымі грамадскімі арганізацыямі праект Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь на перыяд да 2030 года. На аснове стратэгіі вядзецца распрацоўка праекта падпраграмы “Маладзёжная палітыка” Дзяржаўнай праграмы  “Адукацыя і маладзёжная  палітыка” на 2021 — 2025 гады. Акцэнт у ёй зроблены на ўкараненне эфектыўных форм і метадаў работы па фарміраванні грамадзянскіх і патрыятычных якасцей маладых людзей з улікам інтарэсаў, імкненняў і жыццёвых установак самой моладзі пры цесным узаемадзеянні з маладзёжнымі і дзіцячымі грамадскімі аб’яднаннямі.

— Маладзёжнаму руху ў нашай краіне характэрны шматлікія мерапрыемствы, якія аб’ядноўваюць усё больш і больш маладых людзей. Прываблівае моладзь і рэспубліканскі конкурс “Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь”, які праводзіцца ў нашай краіне 5 гадоў, але цікавасць да яго не змяншаецца.

— Ідэя гэтага конкурсу зарадзілася ў самой моладзі яшчэ ў 2015 годзе (гэты год быў аб’яўлены Годам моладзі). Маладыя людзі выказалі ініцыятыву рэалізаваць праект, накіраваны на стварэнне камфортнага асяроддзя для сваёй самарэалізацыі, выяўлення новых ідэй, маладзёжных  ініцыятыў, рэалізацыі інавацыйных праграм, садзейнічання развіццю маладзёжных арганізацый і сацыяльнай інфраструктуры ў рэгіёнах, развіцця ўзаемавыгадных адносін паміж гарадамі абласнога, раённага падпарадкавання.

Згодна з мэтай праекта, абласны або раённы горад становіцца маладзёжнай сталіцай толькі на адзін год, але ўвесь гэты тэрмін ён з’яўляецца творчай пляцоўкай для маладых людзей, дзе рэалізуюцца новыя ідэі, інавацыйныя праекты, абмяркоўваюцца актуальныя пытанні, адбываюцца сустрэчы з цікавымі асобамі. Пяці гарадам пашанцавала стаць маладзёжнай сталіцай: гэта Баранавічы, Магілёў, Полацк, Орша і Пінск, які стаў маладзёжнай сталіцай у гэтым годзе. Традыцыйна маладзёжная сталіца адкрываецца вялікім форумам, пад эгідай якога праводзяцца творчыя конкурсы, адкрытыя дыялогі, спартыўныя спаборніцтвы, інтэрактыўныя пляцоўкі. Кожны раз пры адкрыцці маладзёжнай сталіцы наша моладзь сустракаецца з міністрам адукацыі І.В.Карпенкам.

— Своеасаблівым брэндам інавацыйнай дзейнасці нашай моладзі, развіцця яе творчага, вынаходніцкага патэнцыялу з’яўляецца праект “100 ідэй для Беларусі”. Раскажыце пра яго больш падрабязна.

— Рэспубліканскі маладзёжны інавацыйны праект “100 ідэй для Беларусі” з’яўляецца своеасаблівай творчай пляцоўкай, дзе можна рэалізоўваць свае навуковыя, вынаходніцкія ідэі, якія потым з’явяцца ў рэальнай вытворчасці. Міністэрства адукацыі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, БРСМ на працягу 8 гадоў выступаюць арганізатарамі гэтага маладзёжнага інавацыйнага праекта. Яго мэтай з’яўляецца пашырэнне маштабаў прыцягнення моладзі ў сферу вынаходніцтва і навукова-тэхнічнай творчасці, укараненне маладзёжных інавацыйных распрацовак, якія ўяўляюць практычную цікавасць і маюць значнасць для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, непасрэдна для рэальнага сектара эканомікі.

У 2019 годзе акцэнт у рабоце з удзельнікамі і пераможцамі праекта зроблены на навучанне маладых распрацоўшчыкаў. З гэтай мэтай сістэматычна праводзяцца адукацыйныя семінары для ўдзельнікаў, дзе спікерамі выступаюць спецыялісты з бізнес-абласцей, IT-сферы, навукова-акадэмічнай грамадскасці, пераможцы праекта. 140 удзельнікаў рэспубліканскага мала­дзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі” сезона 2019 года прынялі ўдзел у X Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў, арганізатарам якога выступіў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле Беларускага інавацыйнага фонду, дзе пераможцам прадастаўляюцца сродкі для распрацоўкі бізнес-планаў. Таксама 10 аўтараў праектаў-пераможцаў конкурсу ў намінацыі “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект” атрымалі фінансаванне на складанне бізнес-планаў. Па выніках конкурсу з 6 магчымых прызавых месцаў у гэтай намінацыі 4 прызавыя месцы атрымалі фіналісты праекта “100 ідэй для Беларусі”.

За гады рэалізацыі праект дазволіў не толькі аб’яднаць моладзь і актывізаваць яе навуковую, вынаходніцкую і інавацыйную дзейнасць, але і стварыць своеасаблівую скарбонку канкрэтных ідэй і перспектыўных навукова-тэхнічных маладзёжных распрацовак, якія могуць прынесці карысць як асобным галінам, так і ўвогуле ўсёй эканоміцы і сацыяльнай сферы нашай краіны. Гэты конкурс дазваляе выявіць таленавітую навуковую моладзь (вынаходнікаў, наватараў) і з’яўляецца своеасаблівым акселератарам маладзёжнай ініцыятывы працаваць на карысць краіны і ў самой краіне, у тым ліку праз пэўную падтрымку, у першую чаргу, з боку дзяржавы.

— Хацелася б пагаварыць аб дзейнасці маладзёжных грамадскіх арганізацый, якія, па сутнасці, з’яўляюцца вашымі партнёрамі ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі.

— Нашымі партнёрамі і аднадумцамі выступаюць больш за 400 дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый. Сфарміраваны Беларускі нацыянальны камітэт маладзёжных арганізацый, які з’яўляецца каардынатарам узаемадзеяння паміж імі. Арганізацыі ініцыіруюць шматлікія праекты, мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне ў моладзі патрыятызму, нацыянальнай свядомасці, захавання гістарычнай спадчыны і нацыянальнай культуры.

У авангардзе маладзёжных арганізацый стаіць Беларускі рэспубліканскі саюз мола­дзі, які з’яўляецца пачынальнікам шматлікіх кірункаў у маладзёжным руху. Найбольш буйныя з праектаў БРСМ — Усебеларуская акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!”, праекты “Беларусь памятае”, “Беларусь — крыніца натхнення”, “Уладар сяла”, вынікі якога бу­дуць падведзены амаль гэтымі днямі. Згодна з праектам “Беларусь памятае”, моладзь нашай краіны на адным палотнішчы сабрала імёны каля 500 герояў Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета ў год святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі гэты праект акумулюе шматлікія мала­дзёжныя ініцыятывы: па ўсёй краіне прайшлі адкрытыя дыялогі, інтэрнэт-конкурсы, чэленджы, тэматычныя фотапраекты, дабрачынныя акцыі, віншаванні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, тэрытарыяльныя і абласныя тэматычныя мерапрыемствы.

2020 год у маладзёжнай палітыцы нашай краіны адзна­чаны знакавай падзеяй — 100-годдзем з дня стварэння Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі. З гэтай нагоды запланаваны рэспубліканскія мерапрыемствы: навукова-практычная канферэнцыя “Роля ЛКСМБ у гісторыі краіны”, рэалізацыя анлайн-праекта “100 асоб ЛКСМБ”, правядзенне дыялогаў пакаленняў, творчых акцый, выстаў у рамках эстафеты пакаленняў “100 гадоў — 100 дат”, рэалізацыя фотапраекта “Гісторыя краіны — гісторыя камсамола”, правядзенне суботнікаў па ўладкаванні памятных для гісторыі камсамольскага руху месцаў Беларусі і інш.

Моладзь нашай краіны прыме самы актыўны ўдзел у свяце, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

—  Традыцыйнымі напрамкамі мала­дзёжнай палітыкі з’яўляюцца развіццё валанцёрства і дзейнасці студэнцкіх атрадаў. Што характэрна для гэтай работы?

— Гэтыя напрамкі ахопліваюць тысячы маладых людзей. Напрыклад, валанцёрскі рух аб’ядноўвае больш за 45 тысяч чалавек. Для работы з валанцёрамі Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр, які вя­дзе базу валанцёраў, аказвае садзейнічанне ў правядзенні рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў валанцёраў, у тым ліку і ІІ Еўрапейскіх  гульняў. У перыяд няпростай  эпідэмічнай сітуацыі Рэспубліканскім валанцёрскім цэнтрам арганізавана перадача неабходных ахоўных сродкаў, лекаў, гарачага харчавання ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.

Забяспечана каардынацыя дзейнасці студэнцкіх атрадаў. Сучасная моладзь ахвотна імкнецца да працоўнай занятасці, асабліва ў летні час. І такую магчы­масць прадастаўляюць студэнцкія атрады. Толькі ў мінулым годзе ў складзе 2023 атрадаў было працаўладкавана амаль 30 тысяч чалавек. Сярод іх — каля 13 тысяч непаўналетніх, што складае 46,4 працэнта ад агульнай колькасці працаўладкаваных. З іх 825 чалавек, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і 244 чалавекі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Студэнцкія атрады ажыццяўляюць дзейнасць у галіне будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, адукацыі, аховы навакольнага асяроддзя, аховы здароўя, у сферы вытворчасці тавараў і аказання паслуг. Для максімальнага ахопу навучэнцаў працоўнай дзейнасцю ва ўстановах адукацыі запланавана работа вытворчых брыгад па рамонце школьнай мэблі, прывядзенні ў парадак падручнікаў, добраўпарадкаванні тэрыторый і інш. Таксама навучэнцы ў летні перыяд прыцягваюцца ў якасці памочнікаў выхавальнікаў у лагерах з дзённым знахо­джаннем на базе ўстаноў адукацыі. Рознымі відамі індывідуальнай занятасці плануецца ў гэты  летні перыяд ахапіць каля 40 тысяч маладых грамадзян.

— Адной з каштоўнасцей маладзёжнага руху з’яўляецца выхаванне лідарскіх якасцей  маладых людзей.

— Мы гэтаму кірунку надаём вялікую значнасць і ствараем  усе ўмовы для фарміравання лідарскіх якасцей у нашых маладых людзей, якія могуць у далейшым працаваць у маладзёжных калектывах, узначаліць маладзёжныя арганізацыі.

У працэсе рэалізацыі маладзёжнай палітыкі расце колькасць маладых людзей, далучаных да дзейнасці па развіцці мала­дзёжнага самакіравання. На сёння актыўна дзейнічае  Грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет, Рэспубліканскі савет працоўнай моладзі, Савет маладых вучоных, маладзёжныя парламенты. У перыяд мінулага навучальнага года праводзіліся сустрэчы з вядомымі дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі, дэпутатамі, спартсменамі, дзеячамі культуры па пытаннях сацыяльна-эканамічнага, культурнага развіцця краіны, знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы. Работа па фарміраванні лідарскіх якасцей вядзецца ў спляценні з маладзёжным рухам і набывае з кожным разам усё новыя адценні, сугучныя з патрабаваннямі часу.

Гэтым летам Міністэрствам адукацыі і Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі будзе дадзены старт Рэспубліканскаму маладзёжнаму цягніку “# Беларусь. Моладзь. Натхненне”. У ходзе праекта яго ўдзельнікі на цягніку наведаюць абласныя і раённыя цэнтры краіны, азнаёмяцца з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёнаў, пазнаёмяцца са знакавымі і значнымі для нашага народа аб’ектамі, створанымі ў эпоху незалежнай Беларусі, аддадуць даніну памяці героям Вялікай Айчыннай вайны, прымуць удзе­л у рэалізацыі маладзёжных праграм і тым самым прадэманструюць краіне сваё адзін­ства, мэтанакіраванасць і паспяховасць.

— Таццяна Анатольеўна, якія задачы вы ставіце на найбліжэйшы час па рэалізацыі маладзёжнай  палітыкі ў нашай краіне?

— Асноўная работа ў маладзёжнай палітыцы будзе сканцэнтравана на тых прыярытэтных кроках, якія скіраваны на развіццё актыўнасці і ініцыятывы, прафесійнай самарэалізацыі, на кар’ерны рост, мала­дзёжнае прадпрымальніцтва, сямейныя каштоўнасці, здаровы лад жыцця, занятасць. Асобны акцэнт будзе зроблены на аказанне ўсебаковай падтрымкі эфектыўнай сацыялізацыі маладых лю­дзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Прынятыя дадатковыя меры са­дзейнічання маладзёжнай занятасці і маладзёжнаму прадпрымальніцтву паўплываюць на скарачэнне адтоку маладых людзей (спецыялістаў) за межы краіны, павялічыцца колькасць зарэгістраваных у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Сёння патрабуецца ўдасканаленне сістэмы падтрымкі таленавітай і адоранай мола­дзі. Захаваецца сістэма падтрымкі маладых спецыялістаў і распрацоўваюцца дадатковыя меры па паспяховай адаптацыі маладых спецыялістаў на працоўных месцах. Бу­дуць выкарыстоўвацца эфектыўныя формы і метады работы з моладдзю ў адпаведнасці з яе інтарэсамі і патрэбамі і накіраваныя на яе грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, фарміраванне і развіццё духоўна-маральных каштоўнасцей. Атрымае далейшае развіццё работа органаў маладзёжнага  самакіравання, дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, маладзёжных саветаў і парламентаў. Пашырыцца магчымасць удзелу маладых лю­дзей у культурным жыцці краіны незалежна ад рэгіёна пражывання, што будзе спрыяць папулярызацыі беларускай культуры, мастацтва і мовы ў маладзёжным асяроддзі.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.