“Крыніца” натхнення

Узорная студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крыніца” ўжо больш за 20 гадоў з’яўляецца гонарам Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. З першага дня і да сённяшняга ёй кіруе Сяргей Іванавіч Азараў. Да яго ў студыю выстройваюцца чэргі, яго заняткі ніхто не пакідае сярод года, а магчымасць займацца ў студыі атрымліваюць штогод 80 мэтанакіраваных дзяцей.

“Пачыналі мы некалі з дзецьмі з гуртка па стварэнні вырабаў з прыродных матэрыялаў, а праз некалькі гадоў нам гэтага ўжо было мала: хацелася шырэй ахопліваць творчасць. Таму мы і адкрылі сваю студыю, а з ёй такія кірункі, як асновы жывапісу, кампазіцыі, дэкаратыўна-прыкладныя віды творчасці: мастацкая кераміка, ювелірныя тэхналогіі, работа з паперай і інш., — дзеліцца педагог і дадае: — Усе новыя кірункі ідуць не ад маёй прапановы, а ад попыту, бо студыя разраслася ад 1 да 11 класа, а ў старэйшых дзяцей з узростам з’яўляюцца новыя патрэбы, інтарэсы. Калі мы з пленэру прыносім не толькі палотны, але яшчэ і каменьчыкі, карчы, то можам сабе дазволіць ненадоўга адхіліцца ад тэмы і стварыць нешта прыгожае з нашых знаходак.

Часам дзеці прыходзяць з ідэяй асвоіць нейкую новую справу, скажам, лозапляценне. Ну, як гэта можна пакінуць без увагі? Няхай мы не асвоім увесь тэхналагічны працэс, не хопіць часу на вымочванне, на акорванне лазы, але мы можам зразумець сутнасць і паспрабаваць сплесці кошык з неакоранага прута. А калі нехта прыкіпае, пачынае глыбей гэтым цікавіцца, мы абавязкова ідзём далей і ў дасканаласці вывучаем з ім лозапляценне. Ні адзін кірунак не зацікавіць адразу ўсіх, таму для нас прывычна, што кожны займаецца тым, што цікава менавіта яму”.

Апошнім часам у студыйцаў з’явілася неабходнасць ісці ў бок не толькі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і ў політэхнічным кірунку, бо якраз політэхнічную адукацыю выбірае большасць выпускнікоў студыі. У прыватнасці, старшакласнікі пад кіраўніцтвам Сяргея Іванавіча асвойваюць архітэктурнае праектаванне, паліганальнае макетаванне. Гэта пераўтварэнне плоскасці ў аб’ёмныя выявы, ажно да скульптурных вобразатвораў жывёл, чалавека. Дарэчы, гэта тое, з чаго пачынаецца архітэктура ва ўніверсітэце. А цяпер гэтую тэхніку студыйцы ўжо развіваюць шырэй і пераносяць на бляшанкі з-пад напіткаў. Так атрымліваюцца ўжо не папяровыя, а металічныя скульптуры: насякомыя, птушкі, звяры.

Так, у адным з мастацкіх праектаў пад назвай “Анімалістыка hand-made”, які навучэнцы студыі “Крыніца” стваралі для Рэспубліканскай выставы-конкурсу дзіцячых мастацкіх праектаў “Спрадвечнае заўтра”, спалучыліся традыцыйная гліна з другаснымі матэрыяламі — бляшанкамі, засцёжкамі-маланкамі, дапоўненыя фетрам, дротам і і іншымі матэрыяламі. Яны пераўтварыліся ў арыгінальных матылькоў і багамолаў, насарога і сініцу, шэршняў і стракоз. Гэты праект высока ацанілі члены журы конкурсу. Увогуле, на рахунку навучэнцаў “Крыніцы” перамог шмат. Найперш у штогадовым Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. Не абыходзіцца без іх удзелу ні адна “Калядная зорка” — за апошнія гадоў дзесяць без дыпломаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню выставы-конкурсу навучэнцы Сяргея Азарава яшчэ ні разу не заставаліся. Не менш паспяховы ўдзел у “АрхНавацыі” і іншых конкурсах.

Дарэчы, Сяргей Іванавіч хоць і дае сваім навучэнцам складаныя мастацкія тэхнікі і прыёмы, нараўне з традыцыйнымі сістэматычна ўкараняе ў заняткі актуальныя інавацыйныя кампаненты, але ніколі не ставіць мэтай рыхтаваць дзяцей да мастацкіх прафесій. Перагародачныя эмалі, пацініраванне металаў, камбінаторна-модульныя кампазіцыі, стылізацыя крывалінейных форм, складаныя аб’ёмна-прасторавыя формы, шлікернае ліццё — асваенне гэтых тэхналогій не планка, не мэта, а ўсяго толькі дапамога ў падтрыманні цікавасці навучэнцаў да заняткаў.

“Сваім дзецям гавару: “Я не збіраюся з вас рабіць мастакоў. Калі ў вас ёсць талент, калі вас вабіць гэтая сфера, вы і самі імі станеце. Але нават калі гэтага ў вас няма, не бяда: затое ў вас будзе цудоўна развіта вобразнае мысленне, пра­сторавае, канструктыўнае, — што неабходна інжынеру, будаўніку. Вось мая галоўная задача”, — тлумачыць педагог сваю пазіцыю.

Для Сяргея Азарава выяўленчае мастацтва — гэта інструмент, з дапамогай якога педагог імкнецца сфарміраваць у сваіх навучэнцаў вобразнае прасторавае мысленне, развіць бачанне формы, а не навучыць рабіць цацку ці сувенір. Менавіта такі падыход дапамагае не змяншацца колькасці навучэнцаў “Крыніцы”. Падабаецца гэта і бацькам.

“Я не набіраю дзяцей у студыю, пакуль не пазнаёмлюся з іх бацькамі. На сустрэчах я расказваю ім пра праграму, якую мы будзем асвойваць, чаму мы будзем вучыцца, і абавязкова стаўлю свае ўмовы. Па-першае, мая праграма адукацыйная і дзеці ў мяне вучацца. А калі бацькі адносяцца да педагога як да спецыялі­ста, які накіраваны на вынік і развіццё новых уменняў у іх дзяцей, яны становяцца яму памочнікамі. Па-другое, бацькі павінны адсочваць поспехі сваіх дзяцей, падтрымліваць іх. Толькі так, разам, мы і дасягаем выніку”, — дзеліцца педагог.

Святлана НІКІФАРАВА.