Крыніца, з якой пачынаецца дарослае жыццё

Гэта аповед пра траіх. Ветэранаў працы Мінскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа Валянціну Вальковіч і Ірыну Лугавую, а таксама праекта іх жыцця — музей гісторыі ўстановы. Аповед, які нельга ўявіць хаця б без аднаго з іх.

Ірына Лугавая і Валянціна Вальковіч.

Музейны пакой быў адкрыты 6 гадоў назад, да 60-годдзя каледжа: гэтаму папярэднічала некалькі гадоў падрыхтоўчай працы. Але большасць матэрыялаў і фотаздымкаў збіралася захавальніцамі музея задоўга да яго з’яўлення.

— Мы захоўвалі фотаздымкі, журналы з адзнакамі нашых куратарскіх груп і лісты дзяцей без думкі пра тое, што калі-небудзь яны стануць экспанатамі. Збіралі ў прэпаратарскай, як плюшкіны, бо гэта наша жыццё, — гаворыць Валянціна Яўгеньеўна. — І калі б тады мне сказалі, што я буду займацца музеем, не паверыла б, бо заўсёды хацелася дынамічнасці, работы з людзьмі. І ў нас тут не заседзішся: пастаянны рух, мноства народу.

Сёння музей — своеасаблівая арт-прастора ўстановы: тут адбываюцца сустрэчы, экскурсіі і нават уручэнні дыпломаў. Атмасфера гэтых мерапрыемстваў адлюстроўваецца на старонках гасцявой кнігі. Але тут яна не падобна да афіцыйных кніг іншых музеяў. Гэта, хутчэй, нефармальны асабісты архіў: такія запісы можна пакінуць толькі па-сапраўднаму дарагім людзям. Добрыя словы чаргуюцца з фоталетапісам сустрэч з выпускнікамі (геаграфія былых навучэнцаў — 25 краін свету — ад Манголіі — да Кубы). А госці-выпускнікі не рэдкасць у музеі і ў звычайныя дні: гаспадыні прызнаюцца, што не праходзіць і тыдня, каб нехта не завітаў. Ды і звычайны наведвальнік, як толькі пераступае парог каледжа, у хуткім часе апынаецца тут. Частыя госці нават жартуюць, што ўсе дарогі вядуць у музей.

— Бываюць музеі прыгожыя, добра аформленыя, але нежывыя, халодныя. Яны і парадныя, і вык­лючна арганізаваныя, але далёкія ад наведвальнікаў. У нас усё проста: калі ёсць жаданне — можаш памацаць тое, што спадабалася, — расказвае Валянціна Вальковіч.

Калі заходзіш у музейны пакой, цяжка спыніць вока на нечым адным. Тут прадстаўлены макет каледжа, мікраскопы, наводдаль — альбомы з фотаздымкамі і армейскай перапіскай куратарскіх груп педагогаў. У цэнтры пакоя размясцілася гордасць стваральніц — дрэва жыцця са здымкамі педагогаў, што ў розны час выкладалі ва ўстанове. На некаторых фатаграфіях віднеюцца наклейкі-жалуды, яны знаёмяць наведвальнікаў з выпускнікамі, якія вярнуліся ў каледж у якасці выкладчыкаў (а іх — каля 50). Некалі дрэва было самаробным, і дзеці, якія дапамагалі яго распісваць, калі іх пыталі, дзе яны, адказвалі: “На дрэве”.

У гэтым музеі я ўпершыню пачула словазлучэнне “работа ўглы­б і ўшыр” (ушыр — па пошуку новых звестак, углыб — па дапаўненні тых, што ўжо знойдзены). Архіву, сабранаму па такім прынцыпе, можна пазайздросціць: тут знахо­дзяцца асабістыя справы і адрасы выпускнікоў, іх прафесійныя і жыццёвыя гісторыі. Нямала і крыніц інфармацыі: архівы, старыя запісныя кнігі, адрасы бацькоў і інтэрнэт. Але вельмі часта звесткі, часам самыя каштоўныя, прыносяць самі выпускнікі.

Прыкласці руку да стварэння музея змог кожны: і выкладчыкі, і навучэнцы, і нават родныя Ірыны Міхайлаўны і Валянціны Яў­геньеўны. Адміністрацыя са­дзейнічала адкрыццю, а выпускнікі паспрыялі са стэндамі і вырабам мэблі.

— Спачатку здавалася: няўжо мы гэта зробім? А на адкрыцці ўжо смяяліся: няўжо мы гэта зрабілі! Вядома, удзвюх не асілілі б. Шмат часу праводзілі тут — і як нас цярпелі нашы блізкія! — усміхаецца Ірына Лугавая. — Дзейнасць музея — гэта зладжаная работа ўсіх, хто мае дачыненне да каледжа.

Зараз у музеі не спыняецца работа аб’яднання па інтарэсах “Летапісцы”. Дзеці прагляда­юць архівы, шукаюць і апрацоўваюць фотаздымкі, арганізоўваюць сустрэчы з ветэранамі працы і выбітнымі выпускнікамі каледжа, ствара­юць фільмы.

Пра каго ні спытай, Ірына Міхайлаўна і Валянціна Яўгеньеўна раскажуць, як пра самых блізкіх людзей. Калі ўспамінаюць пра страты — дрыжыць голас, калі пра радасныя моманты — ззяюць вочы. У аповедзе педагогаў няма сухіх дат: кожная група малюецца з яе адметнымі асаблівасцямі і звычкамі — усё быццам на далоні. Кожны асобны чалавек ператвараецца ў сусвет: “марскі д’ябал” Генадзь Лучына, 14-разовы чэмпіён Беларусі па біятлоне Мікалай Карлоўскі, дзяўчына, якая на конкурсе прафмайстэрства стала першай сярод хлопцаў, Раіса Рамановіч…

Надоўга спыняешся ля бессмяротнага палка каледжа: медсяст­ра Марыя Іванова, што выносіла параненых, перакладчык ваеннай разведкі Раіса Хаскіна, якая дапрош­вала першага збітага нямецкага лётчыка, франтавік Уладзімір Падгорны, што дапамагаў будаваць другі корпус каледжа… Пасля ўвагай завалодваюць дынастыі — Ганчаровых, Карнеевых, Навумовічаў (усяго іх больш за 100) — і стэнд, прысвечаны тым, хто атрымліваў спецыяльныя стыпендыі.

— Калі думалі аформіць стэнд з выдатнікамі, вырашылі, што ў музеі не хопіць сцен. Таму змясцілі толькі тых, хто вучыўся на адны “пяцёркі”. Вось, напрыклад, залікоўка Сяргея Канапліцкага. Тут не ўбачыце ніводнай “чацвёркі”. Дзеці любяць яе, часта просяць за яе патрымацца, — тлумачыць Ірына Міхайлаўна.

Ірына Лугавая і Валянціна Вальковіч штотыдзень праводзяць класныя гадзіны для навучэнцаў. Многія мяняюць сваё меркаванне пра музей, пачынаюць больш уважліва адносіцца да гісторыі МДМК, хоць першапачаткова маглі быць настроены скептычна.

— Аднойчы прыйшоў хлопец і кажа: “Ай, сумна”. Кажу яму: “Давайце вернемся да гэтага пытання ў канцы экскурсіі”. І ўсю сутрэчу ён сваім выглядам паказвае, што яму нецікава, але бачна, што ўслухоўваецца. Ён трымаў марку да канца заняткаў і сышоў. Але цяпер, як толькі бачыць нас у калідоры, усмі­хаецца, вітаецца. Здаецца, гэтае наведванне музея не прайшло дарма, — гаворыць Валянціна Вальковіч. — Бывае, што падчас экскурсій заходзяць выпуск­нікі — лепшага эфекту для дзяцей не прыдумаеш. Так яны разумеюць, што музей — гэта не выдумка і з людзьмі на фотаздымках можна пагаварыць.

У дзень нашай размовы на агеньчык таксама завітала група, якая выпусцілася 52 гады назад. Яе гаспадыні музея называ­юць унікальнай (з 30 чалавек 19 сталі дырэктарамі заводаў, намеснікамі, галоўнымі інжынерамі).

Колькі ні расказвай пра музей, нельга не звяртацца да саміх яго захавальніц, якіх аб’ядноўвае не толькі агульная справа, але і праверанае гадамі сяброўства. Часам здаецца, што нават думкі ў іх адны на дваіх: калі адна гаво­рыць, другая з лёгкасцю падхоплівае. Калі пытаеш, у чым сакрэт іх дуэта, педагогі адказваюць вядомай песняй: “Пусть говорят, что дружбы женской не бывает”. І здаецца дзіўным, што некалі малады спецыяліст Валянціна Вальковіч гля­дзела на старэйшую калегу з захапленнем і пра сяброўства не магла і марыць.

Дрэва жыцця.

Ірына Лугавая працавала ў МДМК з 1967 года, куды прый­шла пасля заканчэння інстытута. Некалі яна хацела звязаць жыццё з хіміяй, але ў апошні дзень падачы дакументаў тата паказаў дзяўчыне аб’яву аб наборы на спецыяльнасць “Інжынер-педагог” у БНТУ (раней — БПІ). Дзяўчына змяніла сваё рашэнне. Праз 5 гадоў, падчас апошняй практыкі, пазнаёмілася з тэхнікумам і засталася там. Зараз Ірына Міхайлаўна на пенсіі і прыходзіць сюды раз на тыдзень: многія без “мамы Іры” (так педагога празвалі былыя выпускнікі) і цяпер як без рук.

Валянціна Вальковіч скончыла філалагічны факультэт БДУ, пасля некаторы час працавала ў Інстытуце мовазнаўства НАН. Папрацаваўшы над укладаннем слоўніка, спецыяліст зразумела, што яе больш не цягне ў бібліятэку: хочацца дзейнічаць. Так у 1973 годзе яна прыйшла ў каледж, дзе сышлася з Ірынай Міхайлаўнай.

— Мы любілі ўдзельнічаць у самадзейнасці: калі нашы групы арганізоўвалі мерапрыемствы, у гэтым удзельнічалі і нашы сем’і. Прападалі на працы дзень і ноч. Ірына Міхайлаўна — чалавек кампанейскі: мне без яе заў­сёды ніякавата, хоць праца ёсць пастаянна, — адзначае Валянціна Яўгеньеўна. — Хоць я філолаг, а яна спецыяліст у тэхнічнай сферы, тэхнар сярод нас усё ж я (калі трэба нешта адрамантаваць, гэта да мяне). А Ірына Міхайлаўна — лірык: яна і вершы піша, і песні спявае. Мы можам сказаць адна адной што заўгодна, але гэта толькі пойдзе на карысць. У нас шмат у чым аднолькавыя погляды. Нешта робіш і тэлефануеш: “Я прачытаю, а ты скажы, ці правільна я думаю”. Пачынаеш гаварыць, а Ірына Міхайлаўна заканчвае гэтак жа, як у мяне было задумана.

Ірына Лугавая цалкам згодна з калегай:

— Я жыву на Сухарава (каледж знаходзіцца на станцыі метро “Трактарны завод”. — Заўв. І.І.), і многія кажуць: чаго ты туды ездзі­ш — далёка ж? Ды і навошта? Але музей, зносіны з Валянцінай Яўгеньеўнай і навучэнцамі — такая ж патрэба, як паветра. Прылятаю сюды як на крылах. Разумееце, мы з ёй жывём гэтым! І ў нас толькі адна праблема: каму гэта перадаць?


Гартаю альбомы з запісамі выпускнікоў: увагу прываблівае запіс 2015 года. “Вялікае пачуццё ўдзячнасці за тое, што дазволілі нам на некалькі імгненняў вярнуцца ў наша юнацтва, да той крыніцы, з якой пачыналася наша дарослае жыццё. “Гвардзейская” 65 Д група” (гэтым выпускнікам павінна быць прыблізна па 70 гадоў). Затым спыняюся на паведамленні 2016 года ад старасты групы 541 Д (зараз яму, ма­быць, каля 23): “Эх, цікава будзе прые­хаць праз 20 гадоў і пагля­дзець на тых, хто нічога не ўмеў, але нечага дасягнуў. Калі гэта прачытае нехта з іншых груп, цаніце тое, што маеце, бо ніхто не ведае, калі гэтага можа не стаць. Усім прывітанне з мінулага”. Такіх запісаў ад розных пакаленняў каледжаўцаў тут безліч, але толькі па іх пачуццёвасці і настроі можна ацаніць значнасць работы Ірыны Міхайлаўны і Валянціны Яўгеньеўны.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.