Крыніцы святла і натхнення

- 10:15Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Кожны год выпускнікі Аксаны Ларчанка, настаўніцы фізікі сярэдняй школы № 1 Хоцімска, паступаюць у прэстыжныя УВА Мінска, многія выбіраюць інжынерныя спецыяльнасці. Па выніках здачы ЦТ па фізіцы яны атрымліваюць балы вышэйшыя за сярэднія ў вобласці і рэспубліцы.

Не па накіраванні, а па каханні 

Педагог ганарыцца і сваімі пераможцамі алімпіяд, конкурсаў даследчых работ і тэхнічнай творчасці. Ды і сама Аксана Мікалаеўна станавілася лепшай па прафесіі ў раёне і пераможцай конкурсу “Настаўнік года”.

— Фізічны факультэт БДУ скончыла 30 гадоў назад па спецыялізацыі “Фізіка цвёрдага цела”, — расказала Аксана Мікалаеўна. — Лёс склаўся так, што, будучы мінчанкай, апынулася ў самым усходнім пункце Беларусі — Хоцімску. Не па накіраванні, а па каханні: выйшла замуж і паехала ў глыбінку. Цягу да новага, нязведанага ў навуцы педагог адчувае на працягу ўсяго жыцця. Ёй цікава рэалізоўваць з вучнямі праекты, право­дзіць даследаванні, эксперыменты, доследы. Здольных дзяцей Аксана Мікалаеўна шукае з 7 класа, калі пачынаецца курс фізікі. Арыенцірам для яе служаць адзна­кі па матэматыцы. Педагог запрашае вучняў у гурткі, а з 8 класа — на факультатывы. Далей ідзе адбор у профільныя фізіка-матэматычныя класы. Працаваць у профільным класе, па прызнанні Аксаны Мікалаеўны, складана, але цікава, паколькі пры гэтым не толькі інтэлектуальна развіваецца вучань, але і расце прафесійны ўзровень настаўніка. 

У кабінеце фізікі сярэдняй школы № 1 Хоцімска прыемна працаваць. Тут ёсць усё неабходнае абсталяванне і матэрыялы для выканання практычных заданняў, камп’ютар, інтэрактыўная дошка, выхад у інтэрнэт. Дзяцей часам не выправіць дадому са школы, просяць Аксану Мікалаеўну яшчэ пазаймацца, бо наперадзе ЦТ ці алімпіяда. Выпускнікі Аксаны Ларчанка ў сярэднім атрымліваюць на ЦТ 80 балаў (самы высокі вынік — 87). 

— Найбольшую ўвагу ўдзяляю вучням, якія хочуць сур’ёзна займацца фізікай. Калі бачу патэнцыял у дзіцяці, адчуваю, што яно можа больш, але лянуецца, магу дзесьці і “гайку падкру­ціць”, — гаво­рыць педагог. — Адны дзеці — тэарэтыкі, патэнцыяльныя алімпіяднікі, а іншыя — практыкі або даследчыкі. Калі для алімпіяднікаў умовы задачы пастаўлены першапачаткова, то ў даследчыкаў няма прамой устаноўкі, яны не ведаюць канчатковага выніку сваёй работы і павінны яго атры­маць. У розных інтэлектуальных спаборніцтвах мае вучні ўдзельнічаюць з 7—8 класа і рэгулярна перамагаюць. Сярод значных дасягненняў — перамогі на абласных алімпіядах і рэспубліканскіх конкурсах, а таксама на алімпіядах універсітэтаў.  

Сёлета адзі­н мой вучань ездзіў на абласную алімпіяду па фізіцы, але дыплома не атрымаў. Рукі не апусціў — наадварот, з яшчэ з большай упартасцю ўзяўся рашаць задачы, каб перамагчы ў наступным годзе. Ёсць у мяне вучань, які тры гады запар мэтанакіравана ездзіў на абласныя алімпіяды і ў выніку атрымаў запаветны дыплом. 

Фізікі і лірыкі

Вынікі любой даследчай работы, праве­дзенай з вучнямі, Аксана Мікалаеўна выкарыстоўвае на ўроках пры тлумачэнні новай тэмы. Вырасцілі крышталі, вывучылі ўплыў мабільных тэлефонаў на арганізм чалавека, навучыліся правільна выбіраць батарэйкі і рацыянальна іх выкарыстоў­ваць, правялі дослед па атрыманні неньютанаўскай вадкасці, вызначылі правілы паводзін падчас навальніцы — пра ўсё гэта даведаецца кожны вучань Аксаны Мікалаеўны. Калі ў 8 класе дзеці вывучаюць светлавыя з’явы і крыніцы святла, педагог пры тлумачэнні выкарыстоўвае даследаванне Іны Шобік і Паўла Пагуляева — паэтычны паказ “Свет светлавых з’яў”, з якім яны перамаглі ў конкурсе прэзентацый навучэнцаў “Навука і яе творцы” Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. У рабоце прадстаўлены вершы, а да іх падабраны карціны вядомых мастакоў. Вучні разглядаюць розныя крыніцы святла ў якасці крыніцы натхнення для творчых асоб. Гля­дзіш, як мастак, паэт адлюстроўвае Сонца або Месяц, перадае свае пачуцці праз гульню колераў і ценяў, і ўзнікае цікавасць да тэмы. У гэтай прэзентацыі звяртае на сябе ўвагу карціна Алега Шупляка “Ньютан у садзе ідэй”, а побач радкі А.Таркоўскага: “Я человек, я посредине мира, // За мною мириады инфузорий, // Передо мной мириады звезд. // Я между ними лег во весь свой рост — // Два берега связующее море, // Два космоса соединивший мост”. 

 — Задача творцы — расказаць пра тую ці іншую з’яву вельмі дакладна, — гаворыць педагог. — Мастак не можа зра­біць праўдзіва сваю работу, не разумеючы законаў з’яў, якія ён адлюстроўвае. У прэзентацыі ёсць вершы пра хуткасць святла і хут­касць гуку Леаніда Мартынава: “Это — // Почти неподвижности мука — // Мчаться куда-то со скоростью звука, // Зная прекрасно, что есть уже // где-то // Некто, // Летящий, // Со скоростью света!”. Але часам у творах сустракаюцца фізічныя памылкі. У 8 класе, калі расказваю пра цеплавыя з’явы, зачытваю чатырохрадкоўе пра кропельку: “Она жила и по стеклу текла, // Но вдруг её морозом оковало, // И неподвижной льдинкой капля стала, // И в мире поубавилось тепла”. Але ж, калі цела замярзае, яно вылучае цеплыню. 

Каб перамагчы на спаборніцтвах або паспяхова здаць ЦТ, трэба шмат працаваць, перш за ўсё вучню. Ён сам павінен быць зацікаўлены ў поспеху і ў той жа час умець перажываць няўдачы.

Вучні Іна Шобік і Павел Пагуляеў атрымалі дыпломы і на абласным конкурсе школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання”, а таксама на абласным конкурсе даследчых работ за праект аб энергазберагальных і святлодыёдных лямпачках. На гэтых жа конкурсах перамаглі Раман Напрэеў і Максім Свірылін з работай аб асаблівасцях выкарыстання газавага і электраацяплення ў прыватным доме. Вядома, што спажыванне электраэнергіі ў свеце пастаянна расце, а значыць, павялічваецца ўтрыманне ў атмасферы вуглякіслага газу. Выйсце — выкарыстоўваць энергаэфектыўнае абсталяванне, якое дазволіць экано­міць электрычнасць і паліва, неабходнае для яго атрымання: каменны вугаль, мазут, прыродны газ. Як працяг тэмы — стварэнне сонечнай печы — прылады для выкарыстання энергіі сонечнага святла для гатавання ежы  без выкарыстання паліва або электраэнергіі. Такую печ педагог зрабіла на дадатковых занятках ра­зам з вучнямі 7 класа. Падаграваць ежу ў печы (і гатаваць) можна летам на вуліцы, тым самым эканомячы грошы на аплату за электрычнасць і газ. Зрабіць такую печ нескладана: бяром кардонную каробку, з усіх бакоў унутры выкладваем пенапласт і фольгу. Замест накрыўкі выкарыстоўваем шкло. Печ ставім на сонца.

Надзея ЦЕРАХАВА.