Крыніцы зямлі беларускай: «Уселюбская»

- 16:24Новости

Крыніца “Уселюбская” знаходзіцца ў Навагрудскім раёне.

14 жніўня 2011 года крыніца з капліцай былі асвечаны ў гонар святых мучанікаў Макавейскіх, а купель — у гонар Жыватворнага крыжа ­Гасподняга, аб чым свед­чыць памятны надпіс на сцяне купелі. Кап­ліца і купель былі пабудаваны на ахвяраванні Людмілы і Уладзіміра Максімчыкавых.

Жыхары вёскі Уселюб шануюць і лю­бяць святую крыніцу. Прыходзяць да яе папіць вады, набраць з сабой, умыцца і акунуцца ў купелі.

“Ад розных хвароб і немачы дапамагае святая вадзіца”, — расказала адна з мясцовых жыхарак.

Крыніца знаходзіц­ца ў распараджэнні мясцовага праваслаўнага храма ў гонар св. Архістратыга Міхаіла. Ён будаваўся з 1833 па 1840 год на ахвяраванні прыхаджан на месцы згарэлай драўлянай царквы — каменна-самана-глінабітны, пабудаваны ў форме карабля з паўкруг­лым апсідным алтаром, двума купаламі. Таксама на сродкі прыха­джан была ўзведзена двух’ярусная каменная званіца з трыма званамі.

У вёсцы Уселюб знаходзіцца адзін з найстаражытнейшых касцёлаў Беларусі, які вя­дзе сваю гісторыю з 1433 года. Паводле некаторых крыніц, ён быў узведзены князем Андрэем Уселюбскім. Згодна з іншай версіяй, касцёл быў пабудаваны на сродкі стайніка Вялікага Княства Літоўскага Яна Няміры. Асвечаны быў як касцёл св. Іаана Хрысціцеля. У ХХ стагоддзі касцёл спрабавалі разбурыць, доўгі час ён знаходзіўся ў запусценні. Быў адрэстаўрыраваны ў 1988—1991 гадах і 14 верасня 1991 года асвечаны ў гонар св. Казіміра.

Славіцца Уселюб і сядзібна-паркавым комплексам XVIII—XX стст. Яго гісторыя звязана з лёсам графаў О’Руркаў. Яны з’яўляліся прадстаўнікамі арыстакратычнага дваранскага роду ірландскага паходжання і паступілі на службу да імператрыцы Лізаветы Пятроўны ў XVIII стагоддзі. Генерал Іосіф О’Рурк, апошні ўладальнік маёнтка, праславіўся ў руска-турэцкай вайне, а ў вайне з Напалеонам у 1812 годзе разграміў авангард-генерала Мора, праследуючы французаў уздоўж Буга да самага Брэста.

Сёння ў вёсцы Уселюб можна ўбачыць родавы магільны склеп О’Руркаў і маляўнічы парк, які спалучае рысы французскага і англійскага ландшафтнага мастацтва.

Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара