У Беларусі ёсць куткі неверагоднай прыгажосці, якія валодаюць асаблівай прыцягальнай сілай, — крыніцы, што выносяць на паверхню з нетраў зямлі сцюдзёную жыватворную вільгаць грунтавых і падземных вод, утвараючы ўнікальныя натуральныя вадаёмы.

Ні ў людных месцах, ні ў лясным гушчары крыніца не застаецца незаўважанай, да яе заўсёды вядзе сцежка, яна патрэбна не толькі людзям, але і звярам, птушкам.
Крыніцы — гэта не толькі асобная экасістэма, але і навакольнае духоўнае асяроддзе, што мае сваю гісторыю, сваё сакраментальнае святло. Яшчэ на заранку сваёй гісторыі чалавек заўважыў, што вада з’яўляецца адным з асноўных элементаў пабудовы свету. Стварэнне Богам нашага свету пачалося з аддзялення вады ад зямлі. У Бібліі пра гэта сказана так: “І сказаў Бог: няхай будзе зямля пасярод вады…”. (Кніга Быццё, р.1, в.6).
Для старажытных людзей крыніцы як элемент ландшафту былі з’явамі даволі загадкавымі. У той час складана было растлумачыць, якім цудоўным чынам яны з’яўляюцца з-пад зямлі і чаму невычэрпны іх паток; чаму ў іх такая выдатная вада; чаму летам яна халаднаватая, а зімой рэдка калі замярзае; чаму пры працяглым захоўванні ў пасудзінах такая вада не мутнее, не страчвае смакавых якасцей, не выпадае ў асадак, часам цудоўным чынам дапамагае пры некаторых захворваннях. Яшчэ ў глыбокай старажытнасці людзі заўважылі: вада шэрага крыніц дапамагае ў першую чаргу ад хвароб вачэй і страўніка, ад галаўнога болю і іншых хвароб. У тыя ж часы было заўважана, што крыніцы даюць пачатак як малым, так і магутным рэкам. Усё гэта абуджала цікавасць да крыніц, прыцягвала да іх людзей, якія часта сяліліся вакол іх, добраўпарадкоўвалі крыніцы і сумежную тэрыторыю.
Сіла крынічнай праўды
Пасля прыняцця хрысціянства царква ўзяла пад апеку большасць крыніц. На такіх крыніцах узводзіліся капліцы, што ўяўляюць сабой гістарычную і культурную каштоўнасць, будаваліся купелі, устанаўліваліся крыжы, засноўваліся манастыры. Там сталі праводзіцца рэлігійныя святочныя богаслужэнні, якія суправаджаліся хрэсным ходам. Кожная крыніца збірала значную колькасць паломнікаў у “свае дні”, звязаныя з якой-небудзь цудоўнай з’явай. Большасць крыніц мела свой “прыход”, што складаўся з насельніцтва найбліжэйшых населеных пунктаў. А хтосьці прыязджаў з іншых, часам далёкіх месцаў, не толькі каб выпіць і набраць найчысцейшай вады, зрабіць абмыванне з верай на вылячэнне, але і каб атрымаць душэўнае заспакаенне і прымірэнне.
Існуюць у народзе і розныя павер’і. Кажуць, калі юнак назначыць каханай спатканне каля крыніцы, што б’е побач з вёскай Пеніца Калінкавіцкага раёна, то чакаць неўзабаве вяселля. А пра крыніцу ля сяла Пудзішча Чачэрскага раёна гавораць: калі да яе падыдзе нядобры чалавек, вада ў ёй становіцца белай, як малако, і яшчэ суткі кіпіць.
Кажуць, што крынічная вада ратуе ад хвароб. Напрыклад, тая, што б’е побач з вёскай Свержань Рагачоўскага раёна, лечыць спалох, вада з крыніцы ля вёскі Чорная Рэчыцкага раёна — п’янства і наркаманію, а бясплоднасць — тая, што ля вёскі Пясчаная Рудня Светлагорскага раёна…
Крыніцы — прыродны, гістарычны і культурны здабытак нашай краіны. Лічыцца, што на водных прасторах жывуць душы нашых продкаў. Невыпадкова крыніцы, што б’юць з-пад зямлі, сталі патэнцыяльнымі аб’ектамі міжнароднага экалагічнага турызму і палігонам міжнародных даследаванняў па экалогіі і не толькі. Толькі спазнаўшы значнасць, прыгажосць і сілу крынічнай праўды, можна даведацца пра карані і сілу непакорнага духу беларускага народа.
Па святую ваду ў любы час
Наш праект “Крыніцы зямлі беларускай” пачнём з аповеду пра крыніцу “Беларусь праваслаўная”. Яна знаходзіцца на тэрыторыі сацыяльна-рэабілітацыйнага комплексу ў Мінску, на вул. Францыска Скарыны, 11. У народзе яго называюць Дом Міласэрнасці. Асвячэнне крыніцы адбылося ў 2004 годзе на Вадохрышча 19 студзеня. Крытая крыніца дазваляе прыходзіць па святую ваду ў любую пару года. Па словах паломнікаў, вада ў крыніцы вельмі чыстая, смачная і валодае гаючымі ўласцівасцямі.

Побач з крынічнай кампазіцыяй знаходзіцца будынак Дома Міласэрнасці, у якім размешчана дамавая царква ў гонар святога Іова Шматпакутнага. Будынак у плане ўяўляе сабой шасціканцовы крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай. Узведзены ён быў з захаваннем старых праваслаўных традыцый.
26 чэрвеня 1993 года быў закладзены першы камень у падмурак будучага комплексу, а 19 мая 2002 года адбылося асвячэнне Дома Міласэрнасці.
Гэта першы шматфункцыянальны сацыяльны аб’ект Беларускай Праваслаўнай Царквы. Ён з’яўляецца духоўным цэнтрам, які прызначаны аб’ядноўваць тых, хто прыходзіць сюды па дапамогу, і тых, хто імкнецца рэалізаваць свой інтэлектуальны і духоўны патэнцыял, хто здольны паслужыць Богу і блізкім.
Алена ХАРАШЭВІЧ.






