“Крыштальны журавель” завітаў на Воранаўшчыну

На пачатку красавіка 11 “жураўлёў”, 11 апантаных педагогаў, завіталі на воранаўскую зямлю. Кожны з іх падзяліўся сваім вопытам правядзення ўрокаў у незнаёмым класе, методыкай, уменнем ствараць і эксперыментаваць. Ужо 11 гадоў клуб “Крыштальны журавель” аб’ядноўвае ўдзельнікаў і арганізатараў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” розных гадоў. Члены клуба праводзяць кансультацыі, семінары, творчыя майстэрні, майстар-класы. І кожны раз — у новай аўдыторыі з рознымі калектывамі.

Сярод іх былі настаўніца рускай мовы і літаратуры Раманавіцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Святлана Германовіч, настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Вілейкі Таццяна Жук, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Ваўкавыска Людміла Заяц, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 3 Оршы Андрэй Іваноў, настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні Ірына Клявец, настаўнік хіміі сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Сяргей Абярган, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра Яўген Есіс, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 3 Барысава Юлія Сцяпанава, настаўніца інфарматыкі Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Вольга Счасновіч, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Драгічына Алена Пратасевіч. А ўзначальваў дэлегацыю начальнік Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Іван Фёдараў.

Сустрэча членаў клуба распачалася ў актавай зале Воранаўскай сярэдняй школы, дзе педагогі прадставілі сябе. Прычым знаёмства праходзіла настолькі пазітыўна і лёгка, што ва ўсіх прысутных быў прыўзняты настрой.

Якімі ж атрымаюцца ўрокі? Як успрымуць дзеці новых настаўнікаў? Якія ўзаемаадносіны ўсталююцца паміж імі? Гэтыя і іншыя пытанні цікавілі ўсіх. Напрыклад, настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Фёдараўна Германовіч, якая праводзіла ўрок у 5 класе, адразу знайшла падыход да дзяцей. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Яўген Валер’евіч Есіс удала прымяніў карткі-сімвалы для вырашэння задач урока роднай літаратуры ў 7 класе. На ўроку гісторыі ў 5 класе, які правёў Андрэй Міхайлавіч Іваноў, вучні працавалі старанна і актыўна, абгрунтоўваючы свае меркаванні.

Пасля члены клуба “Крыштальны журавель” далі майстар-класы для воранаўскіх калег, абмяняліся думкамі, падзяліліся напрацоўкамі. Заключным этапам сустрэчы стаў семінар “Выхаваўчы патэнцыял урока”, які можна было назваць рэфлексіяй усяго ўбачанага і пачутага. Настаўнікі Воранаўшчыны выказалі свае меркаванні па праблемах выхавання, азнаёміліся з новымі падыходамі ў выкарыстанні выхаваўчага патэнцыялу ўрока. У сваю чаргу педагогі раёна арганізавалі экскурсію для гасцей па музеях і знакамітых месцах Воранаўшчыны. Дзякуй вам, “жураўлі”! Прылятайце да нас яшчэ!

Юлія АНДРУКОНІС,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.