Крышталёвы зубр — наш!

- 11:34Адукацыйная прастора

Каманда аб’яднання па інтарэсах “Школьнае радыё” сярэдняй школы № 1 Салігорска стала пераможцай XVI Рэспубліканскага фестывалю дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі “Свежы вецер” у напрамку “Радыёпраграмы” і атрымала дыплом І ступені, а таксама крышталёвага зубра — сімвала НДЦ “Зубраня”, дзе і праходзіў фінальны этап фестывалю.

Змена “Прэс-перспектыва” сабрала самых таленавітых юных журналістаў краіны, якія ў сваіх школах ствараюць газеты, часопісы, радыё- і відэапраграмы. У іх дзеці выказваюць сваё меркаванне, спрачаюцца, дзеляцца інфармацыяй і фотаздымкамі, публікуюць свае першыя вершы і празаічныя творы. Навін у школьным жыцці заўсёды дастаткова, ну а што тычыцца творчасці, то дзецям яе не займаць. З першых дзён нашы юнкары вызначыліся імкненнем да перамогі. Былі актыўныя ў творчых конкурсах і не раз ­адзначаліся журы. Так, Настасся Валынец стала фіналістам конкурсу “Чэмпіянат акул пяра”, іншыя хлопцы і дзяўчаты таксама прывезлі дыпломы ў розных намінацыях. Усе яны з 8 “В”.

У аб’яднанні па інтарэсах “Школьнае радыё” мы займаемся эфірам. Наша радыёпраграма называецца “Вялікі перапынак”. Пра назву доўга не думалі, разважалі так: калі нашу праграму ўключаюць на вялікіх перапынках, значыць, так трэба яе і назваць. “Вялікаму перапынку” ўжо 9 гадоў. За гэты час нашы радыёперадачы не раз перамагалі на раённых і абласных конкурсах, былі лепшымі і ў рэспубліцы. Мы спрабуем розныя жанры і формы падачы матэрыялу, бо радыё — гэта велізарны свет, які мы ствараем самі. У нашым багажы — рэпартажы і нататкі аб школьным жыцці, партрэт сябра, інтэрв’ю з дырэктарам, адкрытыя дыялогі. Паспрабавалі запісваць і радыёспектаклі. Дзякуючы захопленасці дзяцей, атрымалася цікава. Запісалі радыёспектакль “Тэлефон” па казках К.Чукоўскага, “Рэвізор” М.Гогаля. Узялі з гэтага твора самыя цікавыя сцэны. Дарэчы, у гэты ж час дзеці вывучалі творчасць пісьменніка па праграме. Слухалі радыёспектакль усім класам. А яшчэ падрыхтавалі некалькі аўдыяпраграм на англійскай мове пра творчасць Марка Шагала, на беларускай — пра жыццёвы шлях Максіма Багдановіча і інш. Тэмы ўзгадняем з настаўнікамі, пішам сцэнарыі, размяркоўваем ролі і запісваем усё на дыктафон. Але гэта яшчэ не канчатковы вынік нашай работы. Далей ідзе камп’ютарная апрацоўка матэрыялу, напаўненне яго музычнымі застаўкамі, а калі трэба, то і спецыяльнымі эфектамі.

Дзеці ставяцца да падрыхтоўкі выпускаў школьнага радыё вельмі сур’ёзна. Таму і вынікі нашы лепшыя. Сёння мы працуем над чарговымі выпускамі радыё і абмяркоўваем сюжэт навагодняга радыёспектакля.

Таццяна МАРОЗАВА,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Школьнае радыё”сярэдняй школы № 1 Салігорска.