Крыжаванка для будучых настаўнікаў

Каманда “Настаўніцкі дэсант” ліцэя № 1 Гродна стала пераможцай Абласной навуковай алімпіяды па педагогіцы, якая праводзілася Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі ў рамках абласной педагагіяды “Дыялог вопыту і маладосці, навукі і практыкі”.

У алімпіядзе ўдзельнічалі навучэнцы профільных класаў педагагічнай накіраванасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гродзенскай вобласці. Удзел у мерапрыемстве прынялі 25 каманд, у склад кожнай уваходзілі пяць навучэнцаў і настаўнік, які выкладае факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Упершыню абласная навуковая алімпіяда па педагогіцы праводзілася ў дыстанцыйным рэжыме.

— Пры выбары конкурсных заданняў у гэтым годзе арганізатары адмовіліся ад традыцыйных псіхолага-педагагічных конкурсаў па аналізе канкрэтных педагагічных сітуацый і стварэнні праектаў “Школа будучыні”. Конкурсныя заданні мелі навуковы характар, у іх выкарыстоўваліся інавацыйныя метады работы з навучэнцамі, — расказвае дацэнт кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі ГрАІРА кандыдат педагагічных навук Галіна Якаўлеўна Бархерыт.

Удзельнікам каманд прапаноўваліся для выканання тры заданні: інтэлектуальны конкурс прадугледжваў рашэнне крыжаванкі на веданне розных тэрмінаў педагогікі. У другім заданні на аснове матэрыялаў тэматычнага модуля № 1 “У свеце педагагічнай прафесіі” праграмы факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію” прапаноўвалася распрацаваць праграму канферэнцыі. У трэцім заданні ўдзельнікам алімпіяды неабходна было ахарактарызаваць сутнасць педагагічнай тэхналогіі “Праблемнае навучанне”, яе мэты, псіхолага-педагагічныя ўмовы паспяховага прымянення, вызначыць перавагі гэтай тэхналогіі і яе недахопы. Другая частка задання прадугледжвала распрацоўку фрагмента ўрока з выкарыстаннем названай тэхналогіі.

Кожная каманда атрымала лагін і пароль для доступу да заданняў. На іх выкананне адводзілася 60 мінут, заданні былі даступныя на працягу дзвюх гадзін.

Высокія вынікі прадэманстравалі навучэнцы Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна, Бердаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лідскага раёна, Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С.В.Прытыцкага Бераставіцкага раёна, сярэдніх школ № 3 Дзятлава, № 1 Смаргоні, № 3 Ашмян, гімназіі № 9 Гродна.

Каманда ліцэя № 1 Гродна “Настаўніцкі дэсант” у складзе навучэнцаў 10 класа Вадзіма Янчанкі, Эмы Швалюк, Арсенія Камарова, Аляксея Зайко і Дзмітрыя Пазняка пад кіраўніцтвам дырэктара ліцэя Ігара Сяргеевіча Маслава прадэман­стравала высокія вынікі ва ўсіх конкурсах і была прызнана лепшай па выніках іспытаў.

— Удзел у педагагічнай алімпіядзе стаў для нашых ліцэістаў сапраўднай падзеяй, — расказвае дырэктар ліцэя № 1 Гродна І.С.Маслаў. — Да алімпіяды пачалі рыхтавацца загадзя, паўтаралі матэрыял факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, прадумвалі стратэгію выканання заданняў і тактыку работы ў камандзе, паколькі ўдзел у мерапрыемстве быў у дыстанцыйнай форме. Цікавым, але ў той жа час і цяжкім было заданне, звязанае са складаннем праграмы канферэнцыі. Ліцэісты адразу вызначыліся з выбарам яе тэмы — “Партрэт педагога ў школе будучыні”. Думаю, што ў перспектыве можна прапанаваць удзельнікам алімпіяды эўрыстычныя заданні адкрытага тыпу. Гэта дапаможа правесці камандны мазгавы штурм і прыйсці да рашэння, якое не мае адзінага магчымага адказу.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны ВЕРАЦІЛА.