Расія: крызіс старэйшага ўзросту

- 12:19Паралелі, Рознае

Законапраект, унесены Урадам Расійскай Федэрацыі ў Дзярждуму ў пачатку чэрвеня, устанаўлівае 65 гадоў у якасці гранiчнага ўзросту для кіраўнікоў навуковых арганізацый і іх намеснікаў. Пасля дасягнення гэтага ўзросту кіраўнікам павінны прапанаваць іншую пасаду ў адпаведнасці з іх кваліфікацыяй. У асобных выпадках, па хадайніцтве навуковай арганізацыі, ім могуць падоўжыць тэрмін знаходжання на сваёй пасадзе да таго часу, пакуль ім не споўніцца 70 гадоў. Праект паправак у Працоўны кодэкс, якія ўстанаўліваюць узроставую столь для кіраўнікоў навуковых арганізацый, выклікаў актыўную дыскусію сярод вучоных. Пра асобныя меркаванні распавядае РІА Навіны.

Тэзіс аб гранічным узросце выклікаў спрэчкі ў навуковых колах. Ці можа ўзрост быць адназначным крытэрыем эфектыўнасці кіраўніка навуковага калектыву?
Для навукоўца галоўнае не ўзрост, а галава, лічыць дырэктар кірунку “Маладыя прафесіяналы” Агенцтва стратэгічных ініцыятыў Дзмітрый Мікалаевіч Пяскоў.
“Калі ў яго галава светлая да 90 гадоў, ён павінен працаваць да 90 гадоў. Менавіта таму ва ўсіх краінах, у якіх дзяржава займаецца рэгуляваннем навуковай дзейнасці і яе падтрымкай, існуе вялікая праблема з фарміраваннем сістэмы крытэрыяў у гэтай сферы”, — расказаў ён РІА Навіны. Іншага пункту гледжання прытрымліваецца кіраўнік лабараторыі біяфармацэўтыкі Інстытута біяарганічнай хіміі імя М.М.Шамякіна і Ю.А.Аўчыннікава РАН Уладзіслаў Дзейгін. На яго думку, кіраўнік пасля 70 гадоў павінен саступаць дарогу маладым, паколькі адміністрацыйная праца патрабуе значных выдаткаў энергіі.
“Мне самому 62 гады, і я ведаю, што нельга пераседжваць на кіруючай пасадзе. У свой час я быў намеснікам міністра аховы здароўя, дарэчы, самым маладым у гэтым ведамстве. І я адчуваў, што супрацоўнікі міністэрства ва ўзросце каля 60 гадоў працуюць не так інтэнсіўна”, — адзначыў ён.
Для таго каб была ратацыя кіраўнікоў у навуковым асяроддзі, неабходны стабільны прыток маладых кадраў, адзначаюць эксперты. На жаль, айчынная навука ў апошнія два дзесяцігоддзі не маладзела. Пасля маштабнай уцечкі мазгоў за мяжу ў 90-х кадравыя страты атрымалася аднавіць далёка не ўсім навуковым арганізацыям. Сёння ў іх працуюць у асноўным навукоўцы ва ўзросце за 50 і аспіранты, якія рэдка затрымліваюцца там пасля абароны дысертацыі.
Заробкі навуковых работнікаў, нягледзячы на распачатую рэформу Расійскай акадэміі навук, застаюцца неканкурэнтаздольнымі на фоне заробкаў у камерцыйных арганізацыях, і гэта замінае даследчыцкім інстытутам прыцягваць і ўтрымліваць моладзь.
Выканаць узроставыя абмежаванні будзе асабліва складана на многіх тэарэтычных кафедрах, куды моладзь апошнія 20 гадоў практычна не ідзе, сказаў у інтэрв’ю РІА Навіны рэктар Расійскага нацыянальнага даследчыцкага медыцынскага ўніверсітэта імя М.І.Пірагова Андрэй Камкін. “Веды, вопыт, жыццёвая філасофія людзей старэйшага ўзросту, часта так неабходныя пры падрыхтоўцы маладога спецыяліста, павінны быць выкарыстаны. Аднак справядліва і, я лічу, неабходна даваць дарогу моладзі. Мне здаецца, сімбіёз гэтых шляхоў магчымы”, — зазначыў ён.
На думку А.Камкіна, гранічны ўзрост для дырэктараў навуковых арганізацый варта было б устанавіць у 65 гадоў і без працягу, як у Еўропе. Але так, каб 65-гадовы кіраўнік мог прадоўжыць працу прафесарам-кансультантам з захаваннем заработнай платы па дагаворы з магчымасцю штогадовага працягу па выніках сваёй дзейнасці.
Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, выступаючы 11 лютага 2014 года на цырымоніі ўручэння прэзідэнцкіх прэмій у галіне навукі і інавацый для маладых навукоўцаў, паведаміў, што ўстанаўленне гранiчнага ўзросту дапаможа даць шанс кар’ернага росту маладым навукоўцам, смялей вылучаць іх на ключавыя пасады ў навуцы.
Наколькі гэтая праблема сёння востра стаіць для маладых навукоўцаў? На думку экспертаў, само паняцце кар’ернага росту ў навуцы можна ўспрымаць па-рознаму.
Першы від кар’еры — гэта ператварэнне маладога даследчыка ў сапраўднага вучонага, мяркуе Уладзіслаў Дзейгін. Яно цалкам не звязана з фармальным статусам: навуковец, які ўносіць уклад у навуку, можа быць і старшым навуковым супрацоўнікам, і вядучым навуковым супрацоўнікам, і кіраўніком лабараторыі.
“У навуковых арганізацыях я прайшоў усе кар’ерныя прыступкі — ад стажора-даследчыка да кіраўніка лабараторыі, кіраўніка навуковага цэнтра і намесніка міністра. І я ведаю, што любая адміністрацыйная дзейнасць адцягвае ад навуковых заняткаў у лабараторыі. Гэтая дыспрапорцыя ў размеркаванні часу паступова нарастае. Чым старэйшы становіцца чалавек, тым большая доля часу ў яго затрачваецца на адміністраванне. Таму кар’ерны рост навуковага работніка як вучонага не абавязкова звязаны з ростам яго пасады”, — растлумачыў эксперт.
На думку У.Дзейгіна, другі від кар’еры ў навуцы — кар’ера адміністрацыйная — падыходзіць тым супрацоўнікам, якія любяць больш кіраваць, чым займацца навуковай дзейнасцю. “Такія спецыялісты, вядома, таксама патрэбныя, і калі ў людзей ёсць “ген лідарства”, то яму трэба даць развіцца. Але для адміністратара існуе вялікая небяспека ператварыцца ў дыктатара, засядзецца на месцы або страціць тонкую нітку, якая звязвае даследчыка з “кіпячым пластом навукі”, — растлумачыў ён.
Зняць гэтую супярэчнасць, на погляд эксперта, дапамагла б абавязковая ратацыя кадраў на адміністрацыйнай рабоце.
Зрэшты, маладым навукоўцам сёння нярэдка даводзіцца займацца адміністраваннем уласнай дзейнасці нехаця, ва ўрон навуцы, адзначае Дзмітрый Пяскоў.
“У чым галоўная задача маладога вучонага? У тым, каб напісаць шмат добрых заявак на атрыманне грантаў, ці ў тым, каб дасягаць навуковых вынікаў? У Расіі занадта шмат структур, якія займаюцца рэгуляваннем навуковай дзейнасці. Маладыя навукоўцы непрапарцыянальна шмат часу ўдзяляюць напісанню разнастайных заявак. У выніку кар’еру робяць хутчэй маладыя адміністратары ад навукі, чым уласна маладыя вучоныя. Гэтая праблема застаецца нявырашанай”, — падкрэсліў ён.
Праект паправак у Працоўны кодэкс устанаўлівае адзіны падыход да атэстацыі навуковых работнікаў, ацэнкі выніковасці іх працы і замяшчэння пасад навуковых работнікаў. Паводле задумкі распрацоўшчыкаў дакумента, новыя правілы дапамогуць стымуляваць мабільнасць навуковых работнікаў паміж рознымі навуковымі і адукацыйнымі арганізацыямі. Эксперты, апытаныя РІА Навіны, скептычна ацэньваюць магчымы эфект гэтай меры.
“Хто паедзе з Масквы ў Цвер або ў Хабараўск для таго, каб хутчэй працаваць або лепш публікавацца? У нас няма інфраструктуры, якая дазволіла б мабільна змяніць працу і жыллё, захаваўшы той жа ўзровень якасці. Нават у Маскве навуковыя інстытуты адрозніваюцца адзін ад аднаго ў дзясяткі разоў. У Маскве і Санкт-Пецярбургу рэдка можна знайсці раўнацэнныя лабараторыі. А пра іншыя гарады я ўжо не кажу”, — адзначыў Уладзіслаў Дзейгін.
Андрэй Камкін згодны з калегам. Паводле яго слоў, на Захадзе мабільнасць навукоўцаў існуе ў выглядзе жорстка прапісанага заканадаўства. Навуковы супрацоўнік мае права адпрацаваць у сваёй краіне толькі пяць гадоў. Далей ён можа сам выбіраць, дзе яму працаваць.
“У Англіі ці Германіі навукоўцы працуюць год-два, потым з’язджаюць у іншую краіну, там працуюць пяць гадоў, у трэцюю краіну — там пяць гадоў і г.д. Гадоў у 40 чалавек вяртаецца да сябе ў краіну, у яго застаецца два гады, і, калі ён перад гэтым чагосьці дасягнуў, у яго ёсць шанс стаць дырэктарам інстытута або атрымаць пастаянны прафесарскі статус”, — патлумачыў рэктар медыцынскага ўніверсітэта імя Н.І.Пірагова.
Для таго каб такое зрабіць у Расіі, патрэбна велізарная падрыхтоўчая работа, якая зойме не адзін год, лічаць эксперты.