“Крызіс вымусіў нас хутка вучыцца, і мы гэта робім”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чакае сур’ёзную дыскусію па праблемных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на Усебеларускім народным сходзе, які мае адбыцца. Аб гэтым ён заявіў у час размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ЗАТ “Амкадор-Пінск”.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, мерапрыемства, якое мае адбыцца, перш за ўсё важнае для кіраўнікоў рознага ўзроўню. “Яны павінны пачуць і бачыць, у якім напрамку будзе развівацца краіна, — адзначыў прэзідэнт. — Будзе сур’ёзная дыскусія па праблемных пытаннях. Гэта няпростыя пытанні. Яны перш за ўсё адчуюць на сабе той груз задач, якія будуць пастаўлены, і будуць прымаць удзел у выпрацоўцы гэтага курсу”.

На Усебеларускім народным сходзе таксама будуць прадстаўлены перадавыя рабочыя, працаўнікі АПК і іншых галін, якія выступяць ад імя сваіх працоўных калектываў.

“Усебеларускі народны сход выпрацоўвае перспектыву. Ён будзе глядзець у цэлым на прамысловасць, як будзем развівацца, якімі тэмпамі, на сельскую гаспадарку, транспарт, будаўніцтва і г.д.”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на праведзенай напярэдадні нарадзе былі абазначаны асноўныя тры прыярытэты праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку — гэта прыцягненне эфектыўных інвестыцый, стварэнне рабочых месцаў і развіццё экспарту. “Я папрасіў, каб мы паглядзелі больш шырока. Можа, у нас будзе 5 прыярытэтаў”, — адзначыў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што на Усебеларускім народным сходзе будуць абмяркоўвацца і розныя палітычныя пытанні. “Але галоўны блок — гэта эканоміка. Усе астатнія напрамкі мы прапрацавалі. А па эканоміцы вельмі шмат спрэчак, нават рознагалоссяў. Таму я даручыў на працягу дзесяці дзён дапрацаваць гэтую праграму”, — сказаў прэзідэнт.

На думку прэзідэнта, па праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку, якая будзе вынесена на абмеркаванне ў час Усебеларускага народнага сходу, павінны быць прапісаны даволі сур’ёзныя і напружаныя заданні для ўрада. “Мы павінны за пяцігодку, я так думаю, прырасці хаця б на 12 працэнтаў па ВУП. Урад прапануе пакуль 10,1 працэнта”, — сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, цяпер міжведамасная рабочая група дапрацоўвае прагнозныя параметры і будзе ўносіць адпаведныя прапановы кіраўніку дзяржавы. “А прэзідэнт даручыць ураду выконваць гэтую праграму. Ураду сказана: хочаце, можаце — выконвайце; не можаце — ідзіце, будуць выконваць іншыя”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт у час размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву заявіў, што бачыць магчымасці для пераадолення крызісных з’яў у эканоміцы і выхаду на ўстойлівае развіццё з акцэнтам на экспарце.
“Трэба гэты час перажыць. І калі мы апусцім рукі і пачнём, як кажуць у народзе, ныць і стагнаць, будзем скардзіцца, што крызіс, то пахаваем самі сябе зажыва. Гэта не наш шлях. Крызіс перш за ўсё ў галовах”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў прэзідэнта, беларуская прадукцыя сёння запатрабавана ў многіх краінах. “Трэба знаходзіць дзяржавы, якія купяць нашу прадукцыю, і навучыцца яе прадаваць. Гэты крызіс вымусіў нас хутка вучыцца, і мы гэта робім”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *