Крызіс “я сам”, ці крызіс трох гадоў

Большасць маладых сем’яў, у якіх нараджаецца першае дзіця, сутыкаюцца з сур’ёзнымі цяжкасцямі, абумоўленымі пастаяннымі пратэснымі рэакцыямі дзяцей пры ўзаемадзеянні з бацькамі. Між іншым бацькі не заўсёды правільна разумеюць сапраўдныя незадаволенасці свайго дзіцяці і тым самым пагаршаюць узаемаадносіны з ім. Таму на чарговы бацькоўскі сход у нашай установе мы вынеслі тэму крызісу выдзялення свайго “Я”, ці крызісу трох гадоў.

Фота да матырыяла: Крызіс “я сам”, ці крызіс трох гадоў.Пачынаю наш бацькоўскі сход з гульні, якая дэманструе, што розныя бацькі сутыкаюцца з падобнымі сітуацыямі, праблемамі, клапоцяцца пра падобныя рэчы, мараць пра аднолькавыя вынікі выхавання. Дзялюся з бацькамі сваім асабістым бацькоўскім вопытам. Прапаную бацькам: “Няхай устануць тыя, хто часта сутыкаецца з упартасцю і капрызамі свайго дзіцяці”, “Хто чуе ад свайго дзіцяці сцвяр­джэнне “Я сам!”. Педагог-псіхолаг, які прысутнічае на бацькоўскім сходзе, нагадвае бацькам, што малыш, якому хутка споўніцца тры гады, з кожным днём становіцца ўсё больш самастойным.

— Я сам! — гаворыць карапуз. І вы нецярпліва чакаеце, пакуль непаслухмяныя дзіцячыя пальчыкі зашпільваюць абутак.

— Я сам! — і малыш упэўнена караскаецца на горку, а яна такая высокая.

— Я сам! — і маміна сэрца замірае зноў і зноў.

Але бывае і так, што на пытанне “Хто ж разбіў вазу?” атрымліваюць сумленны адказ: “Я сам!” Ці, напрыклад: “Хто гэта намаляваў?” Горды адказ: “Я сам!” Часта можна пачуць і такое: “Я не буду прыбі­раць свае цацкі! Я не буду чысціць зубы! Не хачу спаць!” Усё гэта адбываецца з абсалютнай большасцю трохгадовых дзяцей. Ёсць нават навуковае азначэнне гэтых паводзін — “крызіс трох гадоў”, ці крызіс “я сам”. Крызіс трох гадоў — мяжа паміж раннім і школьным дзяцінствам — адзін з найбольш цяжкіх момантаў у жыцці дзіцяці. Гэта крызіс сацыяльны, гэта разбурэнне старой сістэмы сацыяльных адносін. І яго мэтай з’яўляецца перабудова адносін з навакольным, заваяванне свайго сацыяльнага статусу, крызіс выдзялення свайго “Я”. Бацькам можа здавацца, што дзіця стала капрызным, сварлівым, упартым. Усмешка замілавання на тварах бацькоў змяняецца выразам заклапочанасці, разгубленасці і некаторага раздражнення.

Дарослыя хочуць быць здаровымі — фізічна, псіхічна, духоўна. Хочуць адчуваць задавальненне, шчасце і радасць. Гэтыя ж пачуцці хочуць адчуваць і нашы, здавалася б, зусім яшчэ маленькія дзеці. У жыцці мы трапляем у сітуацыі, якія прымушаюць нас перажываць розныя эмацыянальныя станы: няўпэўненасць, страх, віну, пратэст. Любы чалавек, можна сказаць, ужо з пялёнак, праяўляе пратэст.

Я прапаную бацькам адказаць на пытанне “Што такое пратэст?”. Раздаю ліст­кі розных колераў: жоўтыя, зялёныя, сінія. Фармірую тры групы. Першая група працуе над пытаннем “Чаму і калі ўзнікае пратэст?”. (Бацькі запісваюць на маленькіх лістках прычыны, а выхавальнік прымацоўвае іх на дошцы.) Другая група працуе над пытаннем “Як мы можам ліквідаваць гэтыя прычыны?”. (Бацькі запісваюць свае меркаванні на маленькіх лістках, а выхавальнік прымацоўвае іх на дошку побач з адпаведнай прычынай.) Трэцяя група працуе над пытаннем “Ці залежыць праяўленне пратэсту ад узросту, характару?”.

Чым сталейшы чалавек, тым ён больш самастойны. У яго ўжо няма неабходнасці звяртаць на сябе ўвагу з дапамогай капрызаў. Самастойнасць дзіцяці развіваецца паступова, і аднойчы яго імкненне да яе і неразуменне бацькоў уваходзяць у востры канфлікт. Часам маме бывае зручней зрабіць штосьці за дзіця, напрыклад, адзець яго, чым чакаць, пакуль яно зашпіліць гузікі, зашнуруе чаравікі і г.д. Але малыш ужо ўсведамляе сябе самастойным, хоча ўсё рабіць сам, для яго важна, каб навакольныя сур’ёзна ставіліся да гэтага. А калі дзіця адчувае, што з ім не лічацца, што не паважаюць яго меркаванне і жаданне, яно пачынае пратэставаць, капрызнічаць, бунтуе супраць ранейшых рамак, супраць ранейшых адносін.

Не трэба пужацца крызісных праяўленняў, небяспечны праблемы неразумення, якія ўзнікаюць у гэты момант у баць­коў і педагогаў. Неабходна дапамагчы дзіцяці выйсці з гэтага крызісу. Вельмі важна адчуць гэтыя змены ў дзіцяці, каб аблегчыць крытычныя праяўленні. Дзіцяча-бацькоўскія адносіны павінны ўвайсці ў якасна новае рэчышча і быць заснаванымі на павазе і цярплівасці. Дзіця павінна выйсці з крызісу з наборам станоўчых якасцей. І галоўная задача бацькоў і педагогаў — не дапусціць замацавання іх крайніх праяўленняў. Ад таго, як будуць паводзіць сябе бацькі ў адносінах да дзіцяці, залежыць, ці ўдасца пера­адолець крытычныя фазы, ці замацуецца дзіцячая ўпартасць як стэрэатып паво­дзін і ператворыцца ў будучыні ў мадэль зносін з навакольнымі.

Пытанні да бацькоў: “Як вы лічыце, пратэсныя рэакцыі ў дзяцей — гэта добра ці дрэнна?”, “Ці трэба што-небудзь рабіць, калі пратэст з вуснаў вашага дзіцяці гучыць усё часцей і часцей?”.

Разам з педагогам-псіхолагам бацькі прыходзяць да высновы, што пратэсныя рэакцыі — гэта сігналы, якія свед­чаць пра тое, што дзіця сталее і неабходна да яго ставіцца сур’ёзна.

Прапануем бацькам змадэляваць свае паводзіны, напрыклад, у наступных сітуацыях.

  • Вы прыйшлі ў магазін. Дзіця запатрабавала ад вас купіць яму дарагую цацку. Вы яму адмовілі. На што яно тут жа ўпала на падлогу з істэрычнымі рухамі і крыкамі “Хачу!”.
  • Дзіця раскідала па пакоі кубікі і не прыбірае за сабой.
  • Ваша дзіця настойліва некалькі хвілін зашпільвае гузік у паліто, але ў яго гэта зрабіць не атрымліваецца.
  • Ваша дзіця катэгарычна адмаўляецца надзець кофтачку, якую яму паклалі.

Складанне памяткі “10 запа­ведзей”

Разам з бацькамі спецыялісты фармулююць канкрэтныя спосабы ўзаема­дзеяння з дзіцем і складаюць свайго роду дзесяць запаведзей. (На дошцы запісваецца кожная прапанова, а калі колькасць дасягне 10, удзельнікам даецца заданне праранжыраваць іх. Усе запаведзі прымаюцца як інструкцыя да дзеяння ўсімі ўдзельнікамі бацькоўскага сходу.)

Магчымыя варыянты запаведзей:

  • неабходна выхоўваць дзіця з самага нараджэння (характар адносін маці з дзіцем вызначае наступнае асобаснае развіццё самога дзіцяці);
  • трэба пастаянна мець зносіны з малышом, а не выхоўваць яго па выхадных. У зносінах трэба прытрымлівацца залатога правіла: не песціць, але і не трымаць у абцугах;
  • ніколі не рабіце за дзіця тое, што яно ў стане зрабіць само;
  • не надавайце вялікага значэння ўпартасці і капрызнасці. Прыміце гэта як неабходнасць, дайце дзіцяці адчуць, што вы яго разумееце;
  • не спрабуйце штосьці ўнушыць яму, гэта бескарысна, лаянка не мае сэнсу, плескачы яшчэ мацней бударажаць;
  • істэрычнасць і капрызнасць патрабуюць гледачоў, таму не карыстайцеся дапамогай чужых, дзіцяці толькі гэта і трэба. Калі прыступ адбываецца ў грамадскім месцы, часцей за ўсё дапамагае толькі адно: узяць малыша за руку і вывесці. Пастарайцеся схітраваць: “Якая ў мяне цікавая цацка, кніжка!”, “А што гэта за акном варона робіць?” і г.д. Такія манеўры зацікавяць і адцягнуць дзіця;
  • будзьце ў паводзінах з дзіцем настойлівыя. Калі вы сказалі “Не!”, заставайцеся і далей пры гэтым меркаванні.

Удзельнікі сходу робяць выснову, што ў трохгадовым узросце ў маленькіх дзяцей адбываецца вельмі важны псіхічны працэс: першае яркае выяўленне свайго “Я”, спроба самастойна аддаліцца ад маці, навучыцца многае рабіць самому і неяк вырашаць свае праблемы. І пра гэта, дарэчы, гаворыць паэт Л.А.Булдакова ў вершы “Я сам!”.

Я негативен и упрям, строптив и своеволен,

Средою социальной я ужасно недоволен.

Вы не даете мне шагнуть, всегда помочь готовы.

О боже! Как же тяжелы сердечные оковы.

Система “Я!” кипит во мне, хочу кричать повсюду.

Я — самость, братцы, я живу. Хочу! Могу! И буду!

У выхаванні не можа быць гатовых рэцэптаў. Могуць быць толькі парады і рэкамендацыі. Абапіраючыся на іх, чулыя сэрцы бацькоў знойдуць правільнае рашэнне.

Валянціна ШАЙТУРА,
выхавальніца;
Іна БУДКІНА,
педагог-псіхолаг Гарбавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Чавускага раёна 
Магілёўская вобласці.