Ксенія Галецкая: “Калі спяваю, то нібыта ўзлятаю”

Днямі 14-гадовая спявачка Ксенія Галецкая, вучаніца гімназіі № 24 Мінска, стала ўладальніцай гран-пры міжнароднага музычнага фестывалю Sanremo Junior у Італіі. Удзел у такім фэсце — яркая і незабыўная падзея для ўсіх юных талентаў, якія сёлета прыехалі з 22 краін і выступілі ў фінальным канцэрце на знакамітай канцэртнай пляцоўцы Ariston пад акампанемент сімфанічнага аркестра. Ці складана было спяваць разам з ім і стаць лепшай з лепшых, чым удалося пакарыць італьянскага гледача і хто дапамог падрыхтавацца да прэстыжнага творчага спаборніцтва — адказы атрымаем з першых вуснаў.

Італьянскі дэльфінчык

“Перамога на такім прэстыжным вакальным конкурсе, як Sanremo Junior, прыемная і ганаровая. Я ехала ў Сан-Рэма з думкамі годна прадставіць нашу Беларусь і паказаць, якія ў нас таленавітыя юныя спевакі. Выступіла максімальна добра, і, калі абвясцілі нас як пераможцаў, я была неверагодна рада, бо зразумела, што прывязу перамогу ў нашу краіну. Гэта вельмі крута”, — падзялілася ўражаннямі Ксенія Галецкая.

Сапраўды, для юнай артысткі ўдзел у такім знакамітым конкурсе стаў вельмі важнай падзеяй за апошнія два гады. “У Сан-Рэма было вельмі хвалююча выступаць. У Італіі я была ўпершыню, упершыню выступала на такой знакамітай сцэне і перад італьянскай публікай, якая бачыла шмат знакамітых выканаўцаў, — дадала дзяўчынка. — Калі я выступіла, то іншыя ўдзельнікі падыходзілі да мяне і віншавалі, было адчуванне, што мы не канкурэнты, а адна вялікая дружная кампанія. Хлопчык з Італіі адразу пасля майго выканання сказаў, што я будучая пераможца, і не памыліўся. Увогуле ўсе ­ўдзельнікі гэтага конкурсу нерэальна таленавітыя і моцныя”.

Ксенія прызнаецца, што марыла аб перамозе, хоць настройвалася на любы вынік конкурсу: “Уся наша каманда шмат працавала і зрабіла ўсё, каб мы перамаглі. Кожны дзень былі заняткі па вакале з Таццянай Трухан, касцюм мне стварыла дызайнер Наталля Ляхавец, а ў падрыхтоўцы ўсяго нумара дапамагала каманда пра­дзюсарскага цэнтра “Спамаш”. Усе разам мы імкнуліся зрабіць маё выступленне яркім і перамагчы, — сказала К.Галецкая. — За кулісамі я крыху хвалявалася, але з першымі крокамі на сцэну хваляванне знікла, бо я адчула падтрымку як італьянскага гледача, так і роднай Беларусі, што і дапамагло мне выступіць на ўсе 100”.

Перамогу Ксеніі прынёс су­светна вядомы хіт Who’s Loving You групы The Jackson 5, які яна выканала пад суправаджэнне італьянскага сімфанічнага аркестра. Яго дырыжор адчуў настрой і манеру выканання беларускі і такім чынам дапамог ёй стварыць уласнае прычытанне кампазіцыі. “Мы доўга выбіралі кампазіцыю, таму што разумелі, што конкурс вельмі сур’ёзны і трэба падабраць песню, якая магла б прэтэндаваць на перамогу. Было шмат варыянтаў, але мы спыніліся на гэтай песні, таму што яна максімальна раскрывае мой дыяпазон амаль з першых нот і дазваляе весці эмацыянальны дыялог з гледачом, — патлумачыла выканаўца. — А мой вопыт выступлення з нашым Прэзідэнцкім аркестрам дапамог добра выступіць у Сан-Рэма, бо я разумела, што і як будзе. І наогул з аркестрам заўсёды крута выступаць, таму што гэта такі драйв, не тое што пад “мінус”. Калі гучыць жывая музыка, то ты адчуваеш кожны гук”.

Sanremo Junior — адзін з самых знакамітых і прэстыжных вакальных конкурсаў для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў, што праходзіць пад патранажам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) і адміністрацыі горада Сан-Рэма.

Педагог па вакале студыі мастацтваў прадзюсарскага цэнтра Таццяна Трухан адзначыла, што Ксюша вельмі таленавітая вакалістка, якой даюцца любыя творы, але найбольш ярка яна праяўляе сябе менавіта у такіх драйвовых песнях, як Who’s Loving You. “У Ксюшы вельмі шырокі дыяпазон, у яе яркае сапрана, звонкі прабіўны голас. Яна добрая дзяўчынка, не распешчаная, працавітая, настойлівая, мэтанакіраваная, добра вучыцца, вельмі адказная. Пры гэтым яна па-дзіцячы непасрэдная і шчырая перад гледачом, а таму ёй вераць. Нашай творчай камандай мы выбралі хіт групы The Jackson 5, нават нягле­дзячы на яго працягласць — 2 мінуты 20 секунд. Спачатку перажывалі, што кампазіцыя кароткая, але потым вырашылі, што лепш з першых нот паказаць здольнасці Ксюшы. І мы не пралічыліся, таму што, як толькі яна заспявала, італь­янская публіка выбухнула авацыямі”, — расказала Т.Трухан.

На конкурсе неабходна было выканаць усяго толькі адну кампазіцыю і за пару мінут паказаць усе свае вакальныя і артыстычныя здольнасці. Ксеніі гэта ўдалося за першыя секунды, бо яе соль другой актавы прагучала настолькі пераканаўча, што як у гледачоў, так і ў журы не засталося аніякіх сумненняў у тым, хто пераможа.

 “Перамога маёй выхаванкі для мяне як педагога — гэта вялікая гордасць, і ў той жа час для мяне гонар працаваць з такімі таленавітымі вучнямі, якія прадстаўляюць на міжнароднай арэне ўсю нашу краіну, — падкрэсліла Таццяна Аляксандраўна. — У час пад­рыхтоўкі я старалася падбадзёрваць Ксюшу, мы спакойна разважалі пра любы вынік падзей, бо вакальны конкурс заўсёды суб’ектыўны. Канечне, мы марылі, каб усё склалася так, як мы хочам. Для мяне як педагога гэта таксама вялікі крок наперад, які дазволіў атрымаць новы вопыт, пазнаёміцца з педагогамі розных краін, паназіраць за выканальніцкай культурай — і ўсё разам гэта дае дадатковы каласальны вопыт і крылы для творчай рэалізацыі далейшых планаў”.

За яркае выкананне К.Гале­цкую ўзнагародзілі не толькі дыпломам, але і прыгажунчыкам “Дэльфінам”, які ўжо заняў сваё ганаровае месца сярод іншых узнагарод выхаванцаў “Спамаша”. Наша сённяшняя гераіня не збіраецца спыняцца на дасягнутым, бо ў яе шмат планаў, якія яна спадзяецца і далей ажыццяўляць разам са сваёй камандай.

Шлях да Сан-Рэма

Перамога ў Сан-Рэма для Ксеніі хоць і вельмі значная, але далёка не першая. Так, напрыклад, у 2015 годзе яна стала фіналісткай V сезона талент-шоу тэлеканала АНТ “Я спяваю”, праз чатыры гады заваявала гран-пры XVII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2019” і стала лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. А пачалася яе выканальніцкая кар’ера ў 6-гадовым узросце ў  родным Гомелі. “Неяк на ранішніку ў дзіцячым садку матуля пачула, як чыста я інтаную і спяваю гучней за ўсіх, і вырашыла мяне адвесці на вакальныя заняткі. Калі я была маленькая, то проста спявала, таму што гэта было весела. А калі падрасла, то мне настолькі гэта спадабалася, што я ўжо не ўяўляю свайго жыцця без вакалу, — прыгадала дзяўчынка. — А пасля, у 2018 годзе, наша сям’я пераехала ў Мінск, дзе я і трапіла ў “Спамаш” і пачала займацца з лепшымі педагогамі па вакале. За гэты час маё жыццё вельмі моцна змянілася, бо ў Мінску так шмат актыўнасці, выступленняў, інтэрв’ю, я пачала вывучаць не толькі англійскую мову, але і кітайскую, арабскую. І такі рух мне вельмі падабаецца!”

Сёння Ксюша — вучаніца 9 класа гімназіі № 24 Мінска. “Усе настаўнікі павіншавалі мяне з перамогай. Яны разумеюць і падтрымліваюць мяне, а я ў сваю чаргу заўсёды бяру падручнікі з сабой і стараюся не адставаць ад праграмы”, — расказала яна.

Да таго ж, акрамя спеваў і вучобы, у жыцці Ксюшы заўсёды ёсць месца юным ратавальнікам-пажарным і кнігам: “Калі з’яўляецца вольная хвілінка, я акунаюся ў свет кніг. Не так даўно прачытала раман Джэйн Осцін “Гонар і прадузя­тасць”, а зараз чытаю “Вялікага Гэтсбі” Фрэнсіса Скота Фіцджэральда — мне вельмі падабаецца!”

Міжволі напрошваецца пытанне: як яна ўсё паспявае?.. “Калі табе падабаецца тое, чым ты займаешся, тады ўсё паспяваеш. Я атрымліваю сапраўднае задавальненне ад усяго: выступленняў, інтэрв’ю, вучобы… — ад штодзённага руху! Хоць, канечне, менавіта падтрымка сям’і надае веру ў сябе і свае сілы, — дадала яна. — Дарэчы, спыняцца на дасягнутым я не збіраюся. Планую як мага больш выступаць на канцэртах і пісаць сваю музыку. Бо конкурсы — гэта больш загартоўка характару, а галоўнае — канцэрты”.

Перамогай на Sanremo Junior Ксенія Галецкая завяршае, так бы мовіць, дзіцячую кар’еру, бо хутка ёй споўніцца 15 і яна пярой­дзе ў дарослыя праекты. “Перамога на конкурсе — гэта не спыненне, а, наадварот, стымул да да новых вяршынь. Цяпер трэба знайсці правільны курс, працаваць над стылістыкай і тварам выканаўцы, каб яе пазнавалі ўжо як дарослую артыстку”, — падзялілася  планамі  Т.Трухан.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Ксеніі Галецкай.