Куба далёка, але Куба побач

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Хуан Вальдэс Фігероа, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Франклін Рамірэс Араке наведалі сярэднюю школу № 91 Мінска імя Хасэ Марці.

У рамках сустрэчы адбылася цырымонія падпісання Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі і Дырэкцыяй тэхнічнай і прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Куба. Свае подпісы пад дакументам пакінулі рэктар РІПА Валерый Мікалаевіч Галубоўскі і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Хуан Вальдэс Фігероа.

— Прадметам пагаднення з’яўляецца супрацоўніцтва ў развіцці прафесійнай адукацыі, — патлумачыў рэктар РІПА В.М.Галубоўскі. — Рэспубліка Беларусь мае станоўчы вопыт развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі. Сёння сістэма паспяхова вырашае не толькі адукацыйныя, але і вы­творча-экнамічныя, сацыяльныя задачы. Да гэтага вопыту праявілі цікавасць нашы партнёры з Кубы. Падпісанню пагаднення папярэднічаў шэраг двухбаковых сустрэч, дыстанцыйных абмеркаванняў. Прадстаўнікі пасольства пазнаёміліся з некаторымі рэсурснымі цэнтрамі, якія дзейнічаюць на базе ўстаноў ПТА і ССА ў нашай краіне. Для нас гэтае пагадненне адкрывае магчымасці для больш дынамічнага развіцця нашага супрацоўніцва ў першую чаргу ў падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі майстроў вытворчага навучання.

У найбліжэйшы час будуць удакладняцца профілі падрыхтоўкі, актуальныя для партнёраў, а таксама формы работы. Адзначым, што РІПА паспяхова ажыццяўляе трансфер ведаў і вопыту ў іншыя краіны — інстытут мае статус базавай арганізацыі дзяржаў — удзельніц СНД па прафесійнай падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі кадраў у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Пляцоўка для сустрэчы была выбрана невыпадкова. Сярэднюю школу № 91 звязваюць сяброўскія зносіны з Пасольствам Кубы ў Беларусі, якія зарадзіліся шмат гадоў назад, калі ў школе ўсе навучэнцы вывучалі інспанскую мову як замежную. Ды і сёння ва ўстанове многія выбіраюць для вывучэння іспанскую. Прадстаўнікі Пасольства Кубы — частыя госці школы: удзельнічаюць ва ўрачыстых лінейках, святочных і спартыўных мерапрыемствах. Штогод тут право­дзяць Тыдзень беларуска-кубінскага сяброўства.

У 2013 годзе школе прысвоена імя Хасэ Марці — кубінскага нацыянальнага героя.

Міністр адукацыі, вітаючы ганаровых гасцей з Кубы і Венесуэлы,  падкрэсліў, што стала добрай традыцыяй сустракацца падчас навагодніх і калядных свят у сярэдняй школе № 91. І новая сустрэча адкрывае новыя перспектывы.

— Мне вельмі прыемна знаходзіцца тут. Нас з вамі звязвае шматгадовая дружба. Асабліва прыемна, што сёння ў школе мы падпісалі чарговае Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, якое дазволіць надалей узаемадзейнічаць у гэтай сферы.

У нас з кубінскай рэспублікай шмат сумесных планаў. І наогул, ёсць шмат агульнага, што нас аб’ядноўвае. Таму мы разумеем, што Куба далёка і адначасова Куба побач, — адзначыў І.В.Карпенка.

Сярэдняя школа № 91 Мінска адметная не толькі супрацоўніцтвам з Пасольствам Рэспублікі Куба. Гэта адзіная ў Беларусі ўстанова адукацыі, дзе створаны ўмовы для ўключэння ў навучанне розных груп навучэнцаў. На працягу амаль 40 гадоў  тут паспяхова дзейнічаюць спецыяльныя класы для дзяцей з парушэннем слыху. У школе створаны рэсурсны цэнтр па кірунку “Інклюзіўнае навучанне і выхаванне навучэнцаў з парушэннем слыху”.

Госці школы наведалі тэматычную пляцоўку “Беларусы — гэта мы!”, пазнаёміліся з выставай “Горад майстроў” і паглядзелі канцэртную праграму, падрыхтаваную навучэнцамі.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.