Кубак ГДУ па тэсціраванні

- 11:19Навіны рэгіёнаў

Рэгіянальнае каманднае спаборніцтва “Кубак ГДУ па тэсціраванні” прайшоў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны.

Гэты інтэлектуальны конкурс — сучасны адукацыйны праект універсітэта, накіраваны на актывізацыю дзейнасці вучняў па падрыхтоўцы да цэнтралiзаванага тэсцiравання. Арбітрамі выступаюць упраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Рэгіянальны цэнтр тэсціравання і прафесійнай арыентацыі навучэнскай моладзі. Аналагаў такога спаборніцтва, як сцвярджаюць арганізатары, няма.

Да ўдзелу ў конкурсе былі запрошаны каманды ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомельшчыны. Варта адзначыць, што трапіць у інтэлектуальнае спаборніцтва мела магчымасць не кожная школа ці гімназія. Абавязковай умовай “Кубка ГДУ па тэсціраванні” былі стабільна высокія вынікі выпускнікоў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Такім чынам, паспрабаваць свае сілы і пазмагацца за атрыманне кубка былі запрошаны каманды гімназій № 51, № 14 Гомеля, Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, гімназіі імя Я.Купалы Мазыра, Гомельскага гарадскога ліцэя № 1, гімназіі Калінкавіч, гімназіі Веткі, Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, а таксама каманда падрыхтоўчага аддзялення Гомельскага дзяржуніверсітэта.

У праграму ўключаліся 7 вучэбных прадметаў: “Біялогія”, “Фізіка”, “Матэматыка”, “Гісторыя Беларусі”, “Англійская мова”, “Беларуская мова”, “Руская мова”. Распрацавалі тэсты найбольш кваліфікаваныя выкладчыкі ўніверсітэта.

Конкурс прайшоў у форме камп’ютарнага тэсціравання з выкарыстаннем сістэмы дыстанцыйнага навучання ўніверсітэта “Цьютар” з наступнымі вучэбна-кансультацыйнымі заняткамі па прадметах. Кожнаму члену каманды было дазволена праходзіць тэсціраванне толькі па адным вучэбным прадмеце. Ацэньвалася работа па 100-бальнай шкале. Далей вынікі тэсціравання, атрыманыя кожным удзельнікам каманды, падсумоўваліся, і такім чынам атрымліваўся агульны бал каманды.

Хто стане ўладальнікам Кубка пераможцы, пакуль застаецца інтрыгай. Раскрыць яе арганізатары плануюць у дзень адкрытых дзвярэй Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, які адбудзецца 17 сакавіка.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.