Кубік Блума, “разумныя сшыткі”, буксэлфі…

- 10:54Навіны рэгіёнаў

Настаўнікаў-філолагаў хвалюе зніжэнне агульнай чытацкай культуры школьнікаў. Вучні прызнаюцца, што не любяць чытаць, не ўмеюць задаваць пытанні па прачытаным матэрыяле, не могуць паўнацэнна ўдзельнічаць у дыскусіях, выказваць свае меркаванні. Задача ўрокаў літаратуры — дапамагчы дзецям увайсці ў свет літаратуры, убачыць у чытанні не непазбежную і сумную неабходнасць, а задавальненне. Настаўнік павінен на ўроках і пазакласных занятках фарміраваць у вучняў творчыя адносіны да прачытанага, чытацкую кампетэнцыю, уменне прадукцыйна працаваць з тэкстам, глыбока разумець яго. Гэта асабліва важна сёння, калі неабходна вылучаць з вялікага аб’ёму інфармацыі самае істотнае і вартае.

Творчае самавыяўленне — адна з галоўных умоў развіцця асобы. Калі дзеці самі займаюцца творчасцю, то лепш адчуваюць аўтарскае слова. Задача педагога — не толькі даць вучням глыбокія веды па прадмеце, але і развіць іх творчыя здольнасці і навыкі (навучыць фантазіраваць, вырашаць складаныя праблемныя сітуацыі, разумець заканамернасці). А для гэтага трэба стварыц­ь адпаведныя ўмовы, прычым як мага раней. На дапамогу прыходзяць творчыя заданні, выкананне якіх стымулюецца добрай адзнакай і пахвалой.

Да пачатку работы з тэкстам звяртаюся да антыцыпацыі, прыёму, пры якім дзеці здагадваюцца, пра што будуць чытаць. Гэты прыём вучыць дзяцей фантазіраваць, развівае ўяўленне і мысленне. Дзякуючы яму, школьнікі прагназуюць змест тэксту па яго назве, ілюстрацыі, партрэце пісьменніка. На заключным этапе работы супастаўляюцца папярэднія меркаванні з канчатковымі. Праводжу гутарку пра сэнс загалоўка, яго сувязь з тэмай, галоўнай думкай і інш.

З вялікім задавальненнем вучні працуюць з кубікам Блума, на гранях якога напісаны пачаткі пытанняў “чаму?”, “растлумач”, “назаві”, “прапануй”, “прыдумай”, “падзяліся” і інш. Дзеці кідаюць кубік і фармулююць пытанне да вучэбнага матэрыялу ў адпаведнасці з гранню, на якую ён выпаў. Выкарыстоўваю кубік Блума, працуючы з аповесцямі У.Г.Караленкі “Дзеці падзямелля” (5 клас) і А.С.Пушкіна “Дуброўскі” (6 клас), казкай А. дэ Сент-Экзюперы “Маленькі прынц” (7 клас).

Мастацкія вобразы, створаныя пісьменнікамі, уключа­юць партрэтную характарыстыку персанажаў, у якой аўтар, як правіла, акцэнтуе ўвагу на іх асноўных рысах. На ўроках літаратуры дзеці складаюць не толькі слоўныя, але і фотапартрэты герояў. Вучнёўскія групы з 5—6 чалавек знаходзяц­ь цытаты з інфармацыяй пра персанажаў, выяўляюць найважнейшыя бакі іх асобы. Так, працуючы над фотагалерэяй герояў аповесці М.В.Гогаля “Ноч перад Калядамі”, школьнікі сканцэнтравалі ўвагу на мастацкіх дэталях, якія характарызуюць персанажаў твора. Акрамя таго, сямікласнікі стварылі фотагалерэю герояў гогалеўскай камедыі “Рэвізор”.

Далучаю вучняў да творчай дзейнасці праз стварэнне ілюстрацый да твораў, напрыклад, казак А.С.Пушкіна, Г.-Х.Андэрсена і інш. Дзякуючы гэтаму, дзеці адлюстроўваюць уласнае бачанне герояў, пераносяць на паперу ўяўныя вобразы. Ілюстраванне твораў — адно з любімых заданняў пяцікласнікаў.

Цікавымі і адначасова складанымі з’яўляюцца заданні “Напішы свой твор”, “З прозы ў драму”, “Разумныя пытанні” (складанне віктарыны па творы) і “Я малюю героя — я ўяўляю героя”. Заданні, звязаныя са складаннем тэксту, выклікаюць найбольшыя цяжкасці ў школьнікаў. Так, дзеці з лёгкасцю выконваюць тэсты, адказваюць на пытанні па змесце твора, але не ўмеюць ствараць і творча афармляц­ь работы. Таму з мэтай развіцця ўменняў, звязаных з мастацкім успрыманнем лі­таратурнага твора (уяўляць карціны і вобразы, выказвац­ь першасныя ўражанні і інш.), пяцікласнікі пасля вывучэння тэмы “Рускія народныя казкі” складаюць уласныя зборнікі казак. Калі 2—3 гады назад дзеці аддавалі перавагу чароўным казкам, то сёння выбіра­­юць сацыяльна-бытавыя і казкі пра жывёл, што сведчыц­ь пра зніжэнне цікавасці да творчых работ (да такіх казак лягчэй знайсці ілюстрацыі ў інтэрнэце). Давялося матываваць вучняў да самастойнага (сямейнага) напісання казак і стварэння ілюстрацый да іх.

Школьнікі ахвотна ўдзельнічаюць у інсцэніроўках твораў, прычым прывучаю іх да самастойнай работы над пастаноўкамі ўжо з 5 класа. Вучні дзеляцца на групы, выбіраюць рэжысёра-сцэнарыста, прыдумваюць рэквізіт, касцюмы. Падыходзяць да работы надзвычай творча. Даволі часта ў сцэнарый дабаўляюцца ролі, у якіх акцёры не вымаўляюць ніводнага слова, але па-майстэрску перадаюць сутнасць персанажаў.

Інсцэніроўкі рыхтуюцца на працягу тыдня, пасля чаго ладзіцца ўрок-спектакль з вядучым-канферансье. Клас ператвараецца ў глядацкую залу. Такім чынам дзеці прывучаюцца да паводзін у тэатры, у іх фарміруецца культура публічнага выступлення. Вельмі цікава прайшла пастаноўка казкі С.Я.Маршака “Дванаццаць месяцаў”.

Аналізуючы празаічныя творы, вялікую ўвагу ўдзяляю характарыстыкам герояў, якія дапамагаюць раскрыць іх характар, месца ў сістэме вобразаў, ідэйнай задуме аўтара. Так, пасля вывучэння першай часткі падручніка ў 6 класе прапаноўваю дзецям выканаць заданне “Я малюю героя — я ўяўляю героя”, дзе яны малююць партрэты любімых герояў, а на адваротным баку аркуша пішуць іх характарыстыкі. Як правіла, работы многіх шасцікласнікаў невялікія па аб’ёме і носяць рэпрадукцыйны характар, у іх амаль адсутнічае аналіз. Гэта пераважна пераказ учынкаў герояў, апісанне іх знешнасці. А вось работы сямікласнікаў ужо іншыя. Яны вялікія па аб’ёме, больш самастойныя, у іх даецца ацэнка ўчынкам персанажаў. Так, пры выкананні задання па п’есе М.В.Гогаля “Рэвізор” вучні паказалі ў якасці героя страх, які адыгрывае важную ролю ў абмалёўцы псіхалагічнага стану герояў. Пры вывучэнні апавядання І.С.Тургенева “Бежын луг” дзеці бачаць аўтара, здольнага ў любой рэчы ўбачыць штосьці асаблівае і непаўторнае.

Заданне “Параўнай з арыгіналам” даволі складанае. Прапаноўваю яго тады, калі ў вучняў сфарміраваны першасныя навыкі аналізу тэксту, напрыклад, у 6 класе з другога паўгоддзя.

Асаблівую ўвагу ўдзяляю складанню кінасцэнарыяў па літаратурных тэкстах. Працуючы з імі, вучні вымушаны больш уважліва ўглядацца ў мастацкія творы, выпрацоўваючы навыкі ўдумлівага і непаспешлівага чытання.

Пасля напісання сцэнарыя пачынаюцца відэаздымкі. Дзеючыя асобы ажываюць, твор захапляе вучняў і іх бацькоў. Пачынаецца калектыўная творчасць. На рахунку школьнікаў 3 фільмы: “Павятовы горад N” (па камедыі М.В.Гогаля “Рэвізор”), “Мёртвыя душы” (па аднайменнай камедыі М.В.Гогаля) і “Пунсовыя ветразі” (па аднайменнай аповесці-казцы А.Грына).

На працягу многіх гадоў мае выхаванцы вядуць чытацкія дзённікі — “разумныя сшыткі”, дзе запаўняюць рубрыкі “Аўтар і назва”, “Кароткі пераказ”, “Любімы эпізод” і “Пытанні, на якія можна знайсці адказ у творы (праблемы, пастаўленыя аўтарам у кнізе)”. Спачатку апошняя з іх выклікае ў вучняў цяжкасці, але паступова, аналізуючы мастацкія творы, шасці- і сямікласнікі вучацца задаваць пытанні і вызначаць праблематыку прачытаных тэкстаў. З класа ў клас кола чытання пашыраецца. За навучальны год дзеці прачытваюць 2—3 кнігі з пазашкольнай праграмы.

Кожнаму пісьменніку ў “разумных сшытках” адводзіцца асобная старонка, дзе размяшчаюцца біяграфічныя звест­кі, апісваецца творчы шлях, прыводзяцца цікавыя факты. Інфармацыя папаўняецца і рэдагуецца на працягу вывучэння рускай літаратуры ў школе. У 7 класе праводжу ўрок, на якім вучні выкарыстоўваюць “разумныя сшыткі” для пошуку неабходнай інфармацыі.

У маім метадычным арсенале ёсць і іншыя творчыя прыёмы і практыкаванні. Так, вучні ствараюць па вывучаемых творах буксэлфі і дудлы, мадэлююць вобразы літаратурных герояў у сучаснай інтэрпрэтацыі. Такім чынам дзеці вучацца самастойна здабываць веды, выпрацоўваюць навыкі сама- і ўзаемакантролю.

Вядома, стымуляваць вучнёўскую творчасць нельга толькі за кошт творчых заданняў на ўроках. Развіваць творчыя здольнасці школьнікаў неабходна і ў пазаўрочнай дзейнасці. У старшых класах гэтая работа набывае даследчы характар.

Марына КАРАЛЬЧУК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Століна.