Кучаравы пелікан… у Беларусі

Апошні раз айчынныя арнітолагі сустракаліся з ружовым пеліканам, таксама рэдкім у нашых краях госцем. Ён правёў паўгода пад Мінскам на рыбгасе “Волма”. А вось навіне пра сустрэчу з кучаравым пеліканам яны не адразу паверылі, бо, хоць ён і гняздуецца ў Еўропе, у Беларусі яго не бачылі ні разу за амаль 150 гадоў развіцця арніталогіі — з часу графа Канстанціна Тызенгаўза. Цяпер Беларуская арнітафаўністычная камісія ўключыць кучаравага пелікана ў спіс птушак Беларусі, у які ўжо ўваходзіць 325 іх відаў.

Кучаравы пелікан — самы буйны від пеліканаў і адна з самых цяжкіх лятаючых птушак на планеце: размах крылаў у гэтага віду можа дасягаць 345 см! Кучаравы пелікан занесены ў Міжнародны чырвоны спіс як ўразлівы від, яго колькасць ацэньваецца ўсяго ў 4000—5000 пар. Найбліжэйшыя да Беларусі калоніі гэтых птушак знаходзяцца ў дэльце Дуная і на ўзбярэжжы Азоўскага мора.
Гісторыя адкрыцця кучаравага пелікана ў Беларусі празаічная і цікавая адначасова. Рыбалоў Аляксандр Розін размясціў у Facebook фатаграфію птушкі. Здымак быў зроблены 10 студзеня каля Чыгірынскага вадасховішча на мяжы Кіраўскага і Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці падчас спаборніцтваў па лоўлі на мармышку. Як расказвае Аляксандр, у той дзень птушку бачылі больш за 40 чалавек — удзельнікаў спаборніцтваў. Ніхто не падазраваў, што перад імі — новы для Беларусі від птушак. Важнасць моманту крыху пазней ацанілі знаўцы не рыб, а птушак. Арнітолагі разгледзелі на фота адкрыццё! Сумненняў не было: якасны здымак, і на ім — кучаравы пелікан, новая для краіны птушка. Назаўтра група арнітолагаў грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адправілася на пошукі пелікана. Нягледзячы на надвор’е, арнітолагі знайшлі птушку: яна плавала на вызваленым ад лёду ўчастку ракі Дру ць, ніжэй Чыгірынскага вадасховішча.
Сустрэча з пеліканам прыпала на разгар цыклону “Даніэла”: ішоў то дождж, то снег. Пелікан стойка пераносіў цяжкасці беларускай зімы: ніякай аслабеласці ў птушкі арнітолагі не заўважылі.
Адкуль жа ў нас пелікан?
— Дзе птушка была да лёсавызначальнай фотасесіі ў студзені 2016 года, адназначна сказаць нельга. Часам падчас міграцыі птушкі выбіраюць няправільны кірунак. Магчыма, кучаравы пелікан зімаваў у суседняй краіне і нядаўна вырашыў памяняць прапіску. Па аповедах рыбаловаў, за дзень да фота адкрытай вады на Чыгірынцы не было, — адзначае дырэктар ГА “АПБ” арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі і супакойвае ўсіх, хто перажывае за кучаравага прыгажуна ва ўмовах суровай беларускай зімы: “Па сведчанні грузінскіх арнітолагаў, пеліканы на Каўказе застаюцца ў месцах гнездавання нават пры тэмпературы мінус 15. І якраз кучаравыя асабліва марозаўстойлівыя. Так што перажываць за нашага кучаравага пелікана не варта”.
У 2015 годзе кучаравыя пеліканы былі адзначаны ў сакавіку ў Германіі, у сакавіку і жніўні — у Польшчы, у маі і ліпені — у Літве. Гэта краіны, дзе гэты від, як і ў нас, лічыцца залётным і з’яўляецца вельмі рэдка, часцей за ўсё выпадковым чынам. Супрацоўнікі ГА “АПБ” заклікаюць быць уважлівымі на прыродзе, фатаграфаваць усё незвычайнае, заносіць гэта на florafauna.by і спрабаваць адкрываць новыя для Беларусі віды птушак.

Падрыхтавала Святлана НІКІФАРАВА.