Куфэрак духоўнасці

- 12:46Выхаванне

Гэтыя заняткі не падобны на звычайныя ўрокі. Вучням не трэба прыносіць сшыткі і падручнікі, за няправільны адказ настаўнік не знізіць адзнаку. Тут наогул няма адзнак, а таксама заўваг з боку педагога. Ёсць толькі добры настрой, усмешкі, а яшчэ кубачак чаю з цукеркамі і пячэннем — так у сярэдняй школе № 180 Мінска праходзяць факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна­-маральнай культуры і патрыятызму”.

Асаблівую атмасферу заняткам надае музейны пакой. Сярод прадметаў побыту нашых продкаў, сярод той цішыні, што пануе ў этнаграфічных музеях, добра адпачываць пасля ўрокаў, а яшчэ весці няспешную сяброўскую гутарку. Памяшканне музея для факультатыўных заняткаў было выбрана і з практычных меркаванняў. Тут захоўваюцца іконы, рэлігійныя кнігі, выдадзеныя ў пачатку мінулага стагоддзя, атрыбуты, неабходныя для правядзення народных свят. А многія святы беларусаў, як вядома, заснаваны на хрысціянскіх традыцыях.

“Ужо ў першы год дзейнасці музея “Чароўны куфэрак” разам з удзельнікамі пошукавага атрада мы пачалі праводзіць у школе асноўныя святы народнага календара, даследавалі іх хрысціянскае паходжанне. Была распрацавана экскурсія “Вяснянка праваслаўная” (дарэчы, на пяці мовах), наладжана супрацоўніцтва са Свята-Пакроўскім праваслаўным прыходам. А ў мінулым годзе мы сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Духоўныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці музея”. Так што правядзенне факультатыўных заняткаў на базе музея цалкам заканамерна. Згодна з праграмай, факультатыў праводзіцца для 5—6 класаў, аднак мы запрашаем у госці вучняў усіх узростаў. Яны далучаюцца да духоўных каштоўнасцей, пашыраецца іх кругагляд, слоўнікавы запас. А самае галоўнае — адбываецца духоўнае ўзбагачэнне”, — паведаміла кіраўнік музея Людміла Анатольеўна Пацяёнак.

Праграма факультатыву прадугледжвае выкарыстанне разнастайных форм і прыёмаў, сродкаў і метадаў навучання. Напрыклад, пасля выступлення вучняў (па загадзя падрыхтаваных картках яны зрабілі кароткае паведамленне пра Біблію) Людміла Анатольеўна паказала арыгінальны музейны прадмет — знойдзенае ў закінутай вясковай хаце Евангелле. Дзеці даведаліся, што яно напісана на стараславянскай мове, паслухалі гучанне асобных слоў, азнаёміліся з адмысловым напісаннем літар.

А яшчэ вучні пачулі ад настаўніцы вельмі важныя словы: ”Як падтрымлі­ваць добрыя адносіны з людзьмі? Заўсёды паступайце з людзьмі так, як хочаце, каб яны паступалі з вамі. Як спраўляцца са стрэсамі? Ніколі не хвалюйцеся пра заўтрашні дзень, паколькі заўтра бу­дуць свае хваляванні. Што патрэбна для шчаслівага шлюбу? Няхай кожны муж любіць сваю жонку, як самога сябе, а жонцы трэба паважаць свайго мужа. Залог моцнага шлюбу — каханне і павага”. Нельга не пагадзіцца з Людмілай Анатольеўнай, што ў Бібліі — народная мудрасць, духоўны пажытак, што ўпрыгожвае розум, робіць душу моцнай, цвёрдай і мудрай.

Па словах дырэктара школы Наталлі Уладзіміраўны Нарбунтовіч, факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” невыпадкова праводзіцца для вучняў 5—6 класаў. Гэта самы праблемны ўзрост, калі закладваюцца маральныя нормы, у дзяцей узнікае шмат пытанняў адносна асабістай ідэнтыфікацыі, яны пачынаюць шмат аналізаваць, прычым робяць не заўсёды правільныя высновы, бо гэтаму іх не навучылі ў сям’і. “А гэта і нядзіўна. У многіх бацькоў проста не хапае часу ўдзя­ліць увагу духоўна-маральнаму выхаванню сваіх дзяцей”, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна.

Духоўна-маральнае выхаванне і патрыятызм — надзвычай важная тэма, таму, безумоўна, заняткі адпаведнага факультатыву проста нельга праводзіць дзеля птушачкі. Калі дзецям на такіх занятках стане сумна, то наўрад ці ў далейшым са словамі “духоўнасць”, “мараль­насць”, “патрыятызм” у іх будуць станоўчыя асацыяцыі. Важна падбі­раць не толькі эфектыўныя формы правя­дзення заняткаў, але і запрашаць цікавых суразмоўнікаў.

Гледзячы на тое, як клірык сталічнага храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы іерэй Аляксандр (дарэчы, педагог па адукацыі і ў мінулым настаўнік) разам з Людмілай Анатольеўнай змаглі ства­рыць даверлівую атмасферу на занятках, шчыра адказвалі на самыя разнастайныя пытанні падлеткаў, разумееш, што менавіта такія людзі і змогуць закласці ў вучняў асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму.

На такіх занятках цікава не толькі дзецям, але і журналістам. Ты не толькі імкнешся ўдала сфатаграфа­ваць героя свайго рэпартажу, але і задумваешся над яго словамі. Асабіста мне спадабаліся вось гэтыя: “Заўсёды паступайце з людзьмі так, як хочаце, каб яны паступалі з вамі”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.