“Кукла Маша, кукла Даша…”

Мяняць сферу дзейнасці кожныя 5—7 гадоў — гэта нармальная практыка. Прынамсі, так лічыць большасць псіхолагаў, якім даводзіцца працаваць з выпадкамі прафесійнага выгарання ў маладых людзей. Іншая справа, што не кожны, хто думае пра змену прафесіі, здольны пайсці на такі крок. Часта людзьмі кіруе страх, які перашкаджае выйсці з зоны камфорту, а значыць, прымушае цярпець і займацца тым, што ўжо даўно нагнала аскому.

Пра тое, як важна своечасова зразумець, чаму трэба займацца менавіта любімай справай, расказвае псіхолаг па адукацыі, а па жыцці — рамесніца і аўтар унікальных лялечных калекцый Ірына Сазановіч.

Пасля заканчэння школы ў Лідзе Ірына вучыцца не пайшла. Склалася так, што дзяўчына была вымушана пайсці на работу: мама з бацькам знахо­дзіліся ў разводзе, а ў сям’і, акрамя старэйшай Ірыны, расла яшчэ адна дзяўчынка.

“Я адразу ўладкавалася на масавы пашыў вопраткі ў Дом быту, — расказвае І.Сазановіч. — Праз год мне прапанавалі пайсці ў медыцынскую экспертызу: пакуль асноўны работнік не магла працаваць, мне прапанавалі пабыць замест яе медыцынскім рэгістратарам. Гэта ў мяне зацягнулася на 10 гадоў. Што тычыцца пытання, падабалася работа ці не, лічу, што стаўленне да яе залежыць ад калектыву, ад кіраўніцтва. Гэта адыгры­вае вялікую ролю. Мне з калектывам пашанцавала, успаміны з экспертызы самыя лепшыя. Гэта была цікавая работа, працаваць было нястрашна. У многіх, калі чуюц­ь размовы пра медыцынскую экспертызу, узнікаюць асацыяцыі з моргам. Але гэта не значыць, што менавіта там я праводзіла ўвесь свой час. Да нас на прыём прыходзілі пацярпелыя, каб знімаць пабоі. Мой абавязак заключаўся ў тым, каб набіраць тэкст — тое, што агучваў урач”.

Працуючы, дзяўчына паралельна паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка на псіхалогію прадпрымальніцкай дзейнасці. І.Сазановіч гаворыць, што ў першую чаргу выбірала будучую спецыяльнасць з той мэтай, каб яна прыносіла карысць менавіта ёй самой, яе будучым дзецям. “На той момант, калі вучылася, у мяне ўжо была добрая работа, мяняць спецыялізацыю я не хацела. Затое атрымаць вопыт у псіхалогіі для таго, каб працавац­ь было больш камфортна (кантактаваць даводзілася з рознымі людзьмі), хацела. Сёння з вышыні некаторага вопыту магу сказаць, што веды ў галіне псіхалогіі мне спатрэбіліся: з мужам мы жывём ужо 13 гадоў, і ў тым, што адносіны ў сям’і не псуюцца, заслуга таксама атрыманых псіхалагічных ведаў”.

Працуючы ў медэкспертызе, будучы псіхолаг заў­сёды пакідала час на творчасць: яна шыла, вышывала, гатавала торты, складала букеты з цукерак, займалася лепкай. Ірына і сёння лічыць, што чалавек павінен паспрабаваць многае, каб пасля зразумець, кім ён хоча стаць, у якім кірунку зможа прымяніць свае веды і ўменні.

 Больш часу на творчасць з’явілася тады, калі ў сям’і 13 гадоў назад нарадзілася Арына. Яшчэ праз 4 гады нарадзілася Паліна. Гэтая падзея стала вырашальнай: Ірына зразумела, што хоча прысвяціць сябе творчасці.

“На той момант я, дзякуючы пераводу, працавала ў Мінску, таксама ў медэкспертызе. Але вяртацца на работу не хацела, творчая рэалізацыя была для мяне больш важнай, чым работа ў офісе”, — успамінае суразмоўніца.

Менавіта тады, амаль 10 гадоў назад, Ірына пашыла сваю першую ляльку. Дарэчы, яна была створана па эскізе старэйшай дачкі: дзяўчынка намалявала рыжавалосую прыгажуню, а мама пасля перанесла яе вобраз на тканіну. Пашыла ляльку была з белай бязі, тон твару надала, змяшаўшы карыцу, каву і ванілін.

“Сумненняў наконт таго, з якога матэрыялу стварыць ляльку, не ўзнікла. Лялькі для дзетак павінны быць менавіта тэкстыльнымі. Гэта натуральны матэрыял, з ім працавалі стагоддзямі. Спачатку гэты від творчасці быў проста захапленнем. Гэта як азарт: мне хацелася прыдумляць новыя вобразы. Але пасля таго як я пашыла чацвёртую ляльку і прадала яе, захапленне стала маім асноўным відам дзейнасці і пачало прыносіць грошы. Мяне падтрымала сям’я, і гэта вельмі важна, — прызнаецца Ірына. — Так я пачала шыць. Тады яшчэ мае лялькі былі тэкстыльнымі, я з вялікім задавальннем распісвала ім тварыкі, рабіла валасы, вопратку. Пасля пачаліся выставы не толькі ў нас у краіне, але і за мяжой. Першая выстава, у якой прыняла ўдзел, праходзіла ў Мінску. Потым мяне запрасіла на мерапрыемства, арганізаванае Міжнародным салонам лялек Doll Rendez-Vous in Paris Chow у Парыжы, яго кіраўнік. Гаспадыня салона, Адрыяна Мілат, знайшла мяне праз інтэрнэт, напісала на электронную пошту. Безумоўна, адмовіцца я не магла. Гэта была цудоўная магчымасць не толькі папрактыкавац­ь французскую мову, якую вывучала, але і ўзяц­ь новыя ідэі для творчасці, паказаць свае работы. У Парыж са мной паехаў муж. Памятаю, як хвалююча ўсё было. Але пасля той паезд­кі з’явіўся новы імпульс у творчасці”.

На парыжскім салоне Ірына Сазановіч прадстаўляла нашу краіну чатыры разы, там знайшла пастаянных пакупнікоў. Сёння беларускія лялькі жывуць у многіх краінах Еўропы, а іх гаспадарамі сталі не толькі простыя калекцыянеры, але і спартсмены, бізнес-лэдзі, знакамітыя акцёры.

Без эмоцый і імёнаў

Прапанаванне заўсёды стварае попыт. Але ці думала Ірына, калі рабіла сваю першую ляльку, пра тое, што яе творчасць стане запатрабаванай? Першым кліентам мастачкі стала яе сяброўка, якая хацела адной са знаёмых зрабіць на дзень нараджэння незвычайны сюрпрыз. Сарафаннае радыё ў гэтай гісторыі адыграла сваю ролю: пасля з просьбай зрабіць ляльку да Ірыны пачалі звяртацца новыя пакупнікі. Кожную ляльку Ірына робіць у адзіным экзэм­пляры. Дарэчы, сёння І.Сазановіч працуе палімернай глінай: ад тэкстылю адышла, бо, прызнаецца, сутыкнулася з тым самым выгараннем.

“Да гліны я звярнулася, калі зразумела, што ў адносінах да тэкстыльных лялек зрабіла ўсё, што магла, — тлумачыць Ірына. — У мяне ўжо былі а­ўтарскія выкрайкі, усе лялькі мелі рухомыя рукі і ногі, паваротную галаву. Мой стыль ужо быў пазнавальны: тое, што лялькі, якія прэзентуюцца, — гэта мая работа, лю­дзі ведалі, толькі глянуўшы на іх вочы. Я зразумела, што трэба пераключацца на іншы спосаб творчасці. У параўнанні з тканінай, работа з глінай больш карпатлівая: трэба ляпіць з нуля, а не як у выпадку з тканінай, калі проста ўзяў, выкраіў, набіў ляльку і распісаў яе. Гліна патрабуе больш часу на тое, каб прасохнуць. А рукі і ногі, якія стараюся вылепіць тоненька і акуратна, павінны быць праўда­падобнымі.

Сёння мастачка працуе з двума матэрыяламі — бельгійскай глінай Darwi Roc і японскай LADOLL. І, што дзіўна, дома ў яе няма ніводнай лялькі. І.Сазановіч прызнаецца: прыемна, што яе работамі цікавяцца, што калекцыянеры збіраюць па некалькі аўтарскіх работ. Калі паглядзець на гэты від творчасці глабальна, то па ўсім свеце многа майстроў, якія вырабляюц­ь лялек. І відавочна, што не ўсім павінны падабацца той стыль і почырк, у якім працуе Ірына. Але да гэтага майстар адносіцца па-філасофску: людзям можа не падабацца не работа аўтара, а лялькі ў цэлым. Некаторыя могуць нават пакутаваць на педыяфобію — боязь лялек.

“Памятаю, што нават плакала, калі рабіла тэкстыльных лялек і яны камусьці не падабаліся, — успамінае Ірына Сазановіч. — Сёння я нармальна ўспрымаю гэта, бо разумею, што ўсім дагадзіць вельмі цяжка”.

Дарэчы, у майстэрні мастачкі жывуць не толькі лялькі, але і мішкі Тэдзі, а таксама іх сябры. Яны, як і лялькі, былі створаны па даўняй тэхналогіі і маюць рухомыя ручкі, ножкі, галаву. Усе часткі цела злучаюцца паміж сабой шплінтавым мацаваннем. Набіваюцца работы пілавіннем, дзякуючы чаму маюць вельмі прыемны пах драўніны.

“Акрамя тэкстылю і палімернай гліны, для стварэння цацак выкарыстоўваю віскозу, бавоўну. Гэтыя матэрыялы вельмі добра дапаўняюць адзін аднаго, — працягвае дзяліцца сакрэтамі творчасці майстар. — Дарэчы, у маіх дзяцей жыве толькі па адной ляльцы, а таксама імянныя тэдзікі. Таксама я навучыла старэйшую дачку працаваць з глінай. Сёння яна актыўна стварае для сябе розных жывёлін”.

Дзеці Ірыны бачаць лялек мамы з моманту іх нараджэння і да продажу, яны могуць іх патрымаць на руках. Як і кожны дарослы, дзеці таксама адчуваюць у дачыненні да цацак розныя пачуцці: з кожнай лялькай у дзяўчынак адбываецца змена пачуццяў, эмоцый, бо ўсе цацкі розныя.

“У кожнай лялькі, як і ў чалавека, свой характар,  — разважае І.Сазановіч. — Яны розныя не толькі знешне. Кожная з іх, у залежнасці ад таго, як выглядае, можа выклікаць розныя пачуцці. Таму не дзіўна, што лю­дзям некаторыя работы падабаюцца, а іншыя — не. Увогуле, калі ў мяне дрэнны настрой, за работу я не са­джуся. Не працую і тады, калі дрэнна сябе адчуваю, бо лялькі не павінны напаўняцца дрэннай энергіяй. Яны павінны быць чыстымі абсалютна. Тое, чым яны будуць напоўнены знутры, залежыць ад будучага гаспадара”.

Імёны лялькам Ірына дае, але вельмі рэдка. У асноўным гэта адбываецца тады, калі была першапачатковая дамоўленасць з заказчыкам. Калі ж не, то да моманту продажу яна застаецца проста лялькай.

Аліса і Краіна цудаў

Паралельна з вытворчасцю лялек псіхолаг знай­шла сябе ў пашыве дзіцячай вопраткі. Рэчы, што ствараюцца ва ўтульнай майстэрні па начах, Ірына ў асноўным шые для сваіх дзяцей. Заўважце, гэтаму рамяству мастачка таксама нідзе не вучылася. Яна ўпэўнена: сёння можна абысціся без спецыялізаваных курсаў — дастаткова прайсці навучанне самастойна ў інтэрнэце. Першая калекцыя вопраткі, што была створана для дзяцей, атрымала казачную назву “Аліса” і была прэзентавана падчас Беларускага тыдня моды.

“Мадэлі вопраткі для дзяўчынак я пашыла такія ж, як і для лялечнай калекцыі “Аліса”, — заўважае рамесніца. — Я была вельмі захоплена стварэннем калекцыі цацак і чамусьці вырашыла, што будзе цудоўна, калі ў адпаведных вобразах на сцэне з’явяцца дзеткі. У той год у Парыжы калекцыя “Аліса”, якую прадстаўлялі аднолькавыя лялькі — цацкі і дзяўчынкі, выклікала сапраўдны поспех”.

Пасля гэтага выпадку аўтар стварыла яшчэ чатыры калекцыі адзення для маленькіх лэдзі, але асноўным заняткам і сваёй безумоўнай любоўю Ірына лічыць лялек.

“Працуючы над лялькамі, а пасля над калекцыяй а­дзення, я зразумела адно: калі вы нечага хочаце, не трэба адкладваць у доўгую скрыню, абавязкова паспрабуйце зрабіць жаданае. Бо калі гэта зробіце не вы, то заў­тра адпаведная ідэя з’явіцца ў кагосьці іншага, і ён абавязкова вас апярэдзіць, — лічыць І.Сазановіч. — Таксама я ведаю, што лепш рабіць адну справу добра, чым дзве, але не на поўную аддачу. Менавіта таму на працягу 2 гадоў дызайнам вопраткі не займалася, вырашыла зрабіць для сябе творчы перапынак: гэта забірала многа часу, на лялек хвілін не хапала. У дадатак да гэтага ў мяне праявілася алергія на пыл, які збіраецца на тканіне”.

З моманту стварэння апошняй дзіцячай калекцыі вопраткі прайшло некалькі гадоў. Нягледзячы на тое што вочы яшчэ могуць баяцца, рукі ўжо пачынаюць рабіць: сёння Ірына працуе над новай калекцыяй і абяцае, што вясной парадуе ўсіх прыхільнікаў лялек і дзіцячых убораў новай казачнай калекцыяй. Пра тое, якой яна будзе, І. Сазановіч не расказвае, трымае ў сакрэце.

“Спадзяюся, што калекцыя зможа падарыць станоўчыя эмоцыі як дзеткам, так і іх бацькам, — канстатуе аўтар. — Прынамсі, я для гэтага буду прыкладаць шмат намаганняў. Спачатку думала, што няхутка вярнуся да стварэння дзіцячых сукенак, але разумею, што час прыйшоў, а значыць, не варта нічога адкладваць на потым. Як ужо казала, калі не вы, то гэта зробіць нехта іншы”.

Размаўляючы аб творчасці, немагчыма не закрануц­ь і псіхалогію: ці дапамагаюць адпаведныя кампетэнцыі ў тым відзе мастацтва, якім займаецца Ірына Сазановіч? Так, безумоўна. Толькі тонкае адчуванне эмоцый і пачуццяў, характару і тэмпераменту, як сваіх, так і таго, каму будзе прысвечана чарговая лялька, дазваляюць яе не проста ажывіць. Псіхалагічны падыход дапамагае зрабіць яе хоць і штучным, але поўным атаясамленнем асобы чалавека.

Наталля САХНО.
Фота Ірыны ПАДОЛЬСКАЙ.