Кулібіны побач!

- 11:05Якасць адукацыі

На базе Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання і Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці прайшоў абласны этап XVI Рэспубліканскага злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў сярод навучэнцаў і выкладчыкаў устаноў прафесійнай адукацыі.

У абласным этапе злёту, які праводзіўся з мэтай далучэння моладзі да тэхнічнай творчасці, вынаходніцтва і рацыяналізатар­ства, выяўлення таленавітых навучэнцаў, прынялі ўдзел больш за 300 прадстаўнікоў з 31 ПТНУ і ССНУ Брэстчыны, а таксама з філіялаў БрДТУ Брэсцкага політэхнічнага каледжа і Пінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа. Падчас конкурсных выпрабаванняў журы разгледзела 137 рацыяналізатарскіх прапаноў у галіне машына- і прыборабудавання, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, транспарту, электронікі і сувязі, эканоміі энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў і тэхнічных сродкаў навучання.

Самымі актыўнымі ўдзель­нікамі спаборніцтва сталі навучэнцы Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання, Брэсцкага дзяржаўнага ПТК прыборабудавання, Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ПТК і Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання.

У рамках злёту ў Брэсцкім абласным цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці працавала тэматычная выстава, дзе было прадстаўлена больш за 600 экспанатаў тэхнічнай, інавацыйнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Лепшыя з іх пры­муць удзел у рэспубліканскай выставе.

Выставы інавацыйнай і тэхнічнай творчасці дзейнічалі і на базе шэрага ўстаноў прафесійнай адукацыі. Іх наведвалі вучні школ і мясцовыя жыхары. Экспанаты выстаў можна выкары­стоўваць не толькі ў азнаямленчых мэтах, але і ў вытворчым навучанні.

Пераможцамі абласнога агляду-конкурсу на лепшага рацыяналізатара сталі майстар вытворчага навучання Я.С.Бубен з Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, майстар вытворчага навучання П.І.Калесніковіч з Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання, выкладчык М.А.Макатрэвіч з Ганцавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, майстар вытворчага навучання С.М.Нікалайчык з Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына, а таксама навучэнцы — Мікалай Куляшоў з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, Мікалай Дзічко з Ганцавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці і Вадзім Прыгодскі з Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання.

Па выніках абласнога этапу Рэспубліканскага злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў лепшымі прызнаны каманды Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання, Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання і Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, Пінскага дзяржаўнага ПТК лёгкай прамысловасці і Брэсцкага дзяржаўнага ПТК прыборабудавання.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.