Кулінарны гуру з Кобрына

- 12:05Якасць адукацыі

Па выніках трохдзённага Міжнароднага фестывалю рэстаранных тэхналогій BestCookFest­2019, які ў канцы кастрычніка прайшоў ва ўкраінскіх Чарнаўцах, навучэнец Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання Андрэй Маеўскі атрымаў сярод юніёраў два бронзавыя і сярэбраны медалі. Юнак, чыю перамогу лёгкай не назавеш (у спаборніцтве ўдзельнічала больш за 500 кухараў з 17 краін), здзівіў журы не толькі арыгінальнымі смакавымі якасцямі згатаваных страў, але і іх цікавай прэзентацыяй.

— Рыхтаваўся да конкурсных выпрабаванняў больш за месяц, — расказвае Андрэй. — Разам з майстрам вытворчага навучання Святланай Віктараўнай Капыловай і куратарам Наталляй Іванаўнай Касяк дасканала адпрацаваў усе прыдуманыя стравы. Узмоцнена рыхтаваўся і дома. Адметны кухарскі касцюм з вышыўкай у выглядзе нацыянальнага арнаменту дапамаглі вырабіць Марына і Софія Баніфацьевы. Вялікі дзякуй таксама брэсцкай кулінарнай студыі Saharini і яе кіраўніку Настассі Калупановіч, дзякуючы якім апынуўся на фестывалі.

У першы дзень Андрэй змагаўся за званне лепшага шэф­повара. Патрабавалася за 1,5 гадзіны згатаваць закуску, асноўную страву і дэсерт. Для фуршэтнай закускі юнак выбраў бушэ з сёмгай, сырам, агурком, манга, балгарскім перцам і вяленымі таматамі. Асноўную страву склала свіная карэйка з гарнірам з бульбы, брокалі і морквы, якую ўпрыгожыў вішнёвы гель і бальзамічная ікра. На дэсерт Андрэй згатаваў грушы ў віне з сырным крэмам маскарпонэ, апельсінавым гелем і гранолай з грэцкага арэха.

У другі дзень юны кухар гатаваў торт “Мільфей” з туліпнага цеста з лімонна­мядовым курдам, малочным крэмам з шакаладам і заварным крэмам па ўласным рэцэпце. Рэстаранны дэсерт не пакінуў журы раўнадушным.

У трэці дзень Андрэй здзівіў стравамі малекулярнай кухні, якія амаль ніхто не гатаваў на фестывалі. Любоў да іх прывіла юнаку выкладчыца спецдысцыплін Наталля Віктараўна Канцэвіч. Андрэй гатаваў агурковы крэм, грэйпфрутавы маянэз, таматную пену, карпача з ласося і тартар.

На дасягнутым неўтаймоўны кобрынскі кухар не спыняецца. У планах — паўдзельнічаць у конкурсе кухараў у Харватыі з новымі рэцэптамі, якімі ён натхняецца літаральна ўсюды.

— Андрэй — вельмі таленавіты юнак, які знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Ён уласным прыкладам паказвае, як дзякуючы нястомнай працы, вялікаму жаданню і цярпенню можна дасяг­нуць высокіх вынікаў у любімай справе, — гаворыць дырэктар Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання В.С.Нічыпарук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.