Культура адпачынку

- 9:53Авторские колонки, Мнение

Ігар ГРЭЧКА

 

 

 

 

 

 

 

Усе мы любім адпачываць. Асабліва летам, на прыродзе. А ці ёсць у нас культура такога адпачынку?

Мінскае мора. Выхадны дзень. На пляжах столькі народу, што, здаецца, і сасновай шышцы няма дзе ўпасці. Сотні людзей загараюць, купаюцца, гуляюць у валейбол, бадмінтон, здымаюць фота і відэа для сацыяльных сетак. Усе радуюцца жыццю, летняму сонцу! І гэта цудоўна!

Водар сасновага бору перамешваецца з пахам падрумяненых шашлыкоў. А яшчэ ў паветры гучыць мікс птушыных галасоў, песень пад гітару і папулярных мелодый, якія даносяцца з калонак. Прычым даносяцца настолькі гучна, што, калі праходзіш побач, — хоць вушы затыкай.

Асабіста я ніколі не разумеў людзей, якія на прыродзе ўключаюць музыку на ўсю катушку. Ладна, калі ты адзін і цябе не цікавяць птушыныя спевы і пошум дрэў. А калі побач незнаёмыя людзі і ў іх зусім іншыя музычныя густы або ім хочацца проста цішыні і спакою? Твая свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека… Калі кожны стане ўключаць любімую музыку на ўсю гучнасць, нават складана ўявіць, які вэрхал пачнецца.

Яшчэ ніколі не разумеў людзей, якія пакідаюць пасля сябе смецце. Ты ж некалі вернешся на гэтае месца. Няўжо бу­дзе прыемна адпачываць сярод пластыкавых бутэлек, пакетаў і паперы? Ці думаеш, да твайго прыходу іх падхопяць мурашкі і данясуць да сметніцы? Альбо прыбярэ іншы, больш сумленны, чалавек? Упэўнены, напярэдадні летніх канікул вы абмяркоўвалі са сваімі вучнямі правілы паво­дзін у грамадскіх месцах, на прыродзе.

Наконт смецця, якое пакідаюць аматары адпачынку на прыродзе. У апошнія гады сітуацыя палепшылася. Традыцыйныя рэспубліканскія суботнікі, акцыі накшталт “Чысты лес”, у якіх актыўна ўдзельнічае моладзь, развіццё такога руху, як плогінг (бег з адначасовым зборам смецця) — усё гэта прыносіць станоўчыя вынікі. Аднак вялікая роля па-ранейшаму належыць настаўніку, яго асабістаму прыкладу.

Для мяне такім прыкладам з’яўляюцца педагогі-турысты. Неаднаразова даводзілася быць з імі і на турзлётах, і ў паходах. Ні адной пластыкавай бутэлькі, ні адной паперчыны не пакідаецца на месцы турыстычнай стаянкі. Усё акуратна складваецца ў пакет і даносіцца да найбліжэйшай сметніцы.

А якія захапляючыя размовы можна весці з імі каля вечаровага вогнішча! Прычым на самыя розныя тэмы: ад асаб­лівасцей арганізацыі турыстычна-края­знаўчых паходаў да палётаў чалавека ў космас. Начытаныя, эрудзіраваныя, тактоўныя… Пры гэтым кожны турыст ведае дзясяткі песень, якія можа выканаць пад гітару. У такія моманты мелодыі дзіўным чынам зліваюцца з гукамі вечаровай прыроды, ствараючы адчуванне незвычайнага акустычнага канцэрта.

Чым не прыклад высокай культуры адпачынку! Чым не прыклад для пераймання!