Культурная ДНК нацыі

- 15:42Год гістарычнай памяці

Чаму так называюць музеі і якую ролю яны адыгрываюць у выхаванні падрастаючага пакалення? Наш суразмоўнік — доктар гістарычных навук, прафесар, выкладчык БДУ Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ.

Скарбонка беларусаў

— Машына часу, фабрыка ўражанняў, гістарычны тэатр, культурная ДНК нацыі — чаму столькі эпітэтаў выкарыстоўваецца ў адносінах да музеяў?  

— Ёсць такое слова “ідэнтычнасць”. І, на мой погляд, роля музеяў заключаецца менавіта ў тым, каб выхоўваць яе. Яны дапамагаюць адказаць чалавеку на пытанне “Хто я?”. Людзі павінны разумець, што яны нясуць адказнасць за зямлю, на якой жывуць, за будучыню наступных пакаленняў. Тым больш гэта актуальна сёння, калі межы ў міжнароднай прасторы размытыя, а культурныя традыцыі цесна пераплятаюцца. 

— Слуцкія паясы, жывапіс Шагала, крыж Ефрасінні Полацкай — сёння гэта найбольш вядомыя сімвалы самабытнасці Беларусі. Што яшчэ можна ўнесці ў гэты пералік?

— Вішчынскі клад ХІІ ст. і пояс Вітаўта XIV cт., Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская XVI cт. і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., партрэты Радзівілаў і рукапісы Янкі Купалы. На самай справе, такіх знакавых рэчаў хапае. Айчынны музейны фонд зараз перавышае 3 млн адзінак захоўвання.

— Лічба не такая і вялікая, калі параўноўваць з іншымі краінамі?

— Гэтак жа рэагуюць і мае студэнты. Маўляў, такім фондам можа пахваліцца адзін толькі Эрмітаж. Але трэба помніць прынцыповую рэч: якой цаной удалося захаваць нашу спадчыну. Беларусь знахо­дзіцца на скрыжаванні шляхоў. Па яе зямлі прайшлі шматлікія разбуральныя войны, якія нанеслі знішчальны ўдар па культуры. Пасля Вялікай Айчыннай чарговы раз прыходзілася пачынаць усё с чыстага ліста. Музейная справа адраджалася ўсяго з некалькіх тысяч экспанатаў, якія перадалі з амерыканскай зоны акупацыі. Гэта былі вывезеныя немцамі калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея. За 70 гадоў рупліўцы па крупінках сабралі тую аснову, на якой можна развівацца далей. За тры дзесяцігоддзі з моманту заснавання незалежнай Беларусі мы значна рушылі наперад. Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, Нацыянальны мастацкі музей, мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — безумоўна, установы сусветнага класа з пункту гле­джання архітэктуры і экспазіцыйнага абсталявання. 

Дзякуючы музеефікацыі, Мір і Нясвіж трапілі ў спіс ЮНЕСКА. Для Беларусі гэта вельмі сур’ёзная заяўка. Не менш цікавыя для турыстаў Палацава-паркавы комплекс Агінскіх у Залессі і Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. 

У Беларусі ёсць свае зоркі музейнай педагогікі. Адна з іх — пачынальнік гэтага напрамку ў нашай краіне Вольга Мірончык. Яна перадае назапашаны вопыт студэнтам. 

— Страчаныя экспанаты і зараз вяртаюцца на родную зямлю?

— У краіне дзейнічае міжведамасная камісія па рэстытуцыі культурных каштоўнасцей пры Савеце Міністраў, а таксама працоўная група пры ёй. Яны фарміру­юць банк даных. Нямала экспанатаў вярнулі ў нашы адноўленыя замкі. Адзін з набыткаў — унікальны помнік славянскай пісьменнасці, вядомы як “Слуцкае евангелле”, якое ў чэрвені 2003 года Экзарху Беларусі Філарэту перадала мінская прыхаджанка. Яно захоўвалася ў Магілёўскім музеі і знікла ў 1941 годзе разам з крыжам Ефра­сінні Полацкай. Ёсць надзея, што і ён да нас вернецца. Дарэчы, вядомы беларускі даследчык Сяргей Тарасаў выказаў версію, дзе крыж можа знаходзіцца.    

 

Камунікатыўная пляцоўка

— І ўсё ж сучасныя культурныя ўстановы іншыя, чым 30—40 гадоў назад?

— Спачатку музей быў храмам, дзе пакланяліся шэдэўрам. Потым з’явілася іншая мадэль — музей-форум: месца, куды чалавек прыходзіць ужо са сваім інтэ­лектуальным багажом, аглядае тое, што яму прапаноўваюць, і мае права на ўласнае меркаванне. Не проста слухае гіда, а выступае суразмоўнікам. 

— Экскурсія — ужо не маналог, а дыялог?

— Нават палілог. Роля экскурсавода на сучасным этапе дрэйфуе ад настаўніка ў бок аніматара-мадэратара.  

Паход у музей для школьнікаў — свята, таму што дзеці спазнаюць свет, абапіраючыся пераважна на прадметы. Камерсанты вельмі добра гэта разумеюць і эксплуатуюць такую любоў. Даюць сваім камерцыйным праектам назву музеяў, хоць яны насамрэч імі не з’яўляюцца. Гэта чыста маркетынгавы ход. Таму наспела неабходнасць унесці ў заканадаўства адпаведныя папраўкі і вызначыць статус такіх устаноў.

— Такім чынам, на змену асветніцкай ролі прыйшла відовішчная. Усе імкнуцца больш уразіць, чым даць веды. Гэта добра ці дрэнна? 

— Трэба разумець, што жыццё не фатаграфія, а кіно, кадры ў якім мяняюцца с вялізнай хуткасцю. Выкарыстоўваюцца лічбавыя тэхналогіі, адбываецца масавізацыя, дыснейлізацыя музеяў. Першымі на сабе гэта адчулі амерыканцы, якія пачалі ствараць шоу ў музейных установах.

Добра гэта ці дрэнна? На мой погляд, тое, што апеліруе да пачуццяў чалавека, пакідае глыбокі след. Можна прачытать пра важныя гістарычныя па­дзеі, а можна пайсці ў музей, які ў адрозненне ад кнігі ўздзейнічае не толькі на інтэлект чалавека, але і на яго эмацыяльнае ўспрыманне. І ў гэтым яго сіла і ўнікальнасць.

— Чаму ў апошнія часы ўсё часцей пачалі гаварыць пра музейную педагогіку?

— Настаў час дыферэнцыравана падыходзіць да наведвальнікаў. Трэба ўсведамляць, з кім мы размаўляем і з якой мэтай даносім тую ці іншую інфармацыю. Мы пачалі глядзець на музеі як на сацыяльны інстытут. Акрамя захавальніцкай функцыі, важнае значэнне набывае камунікатыўная. На мой погляд, апошняя будзе ў найбліжэйшы час выходзіць нават на першае месца. 

— Чаму вы так лічыце?

— Па-першае, такі прагноз дазваляе зрабіць дэмакратызацыя музеяў, пошукі імі новага месца ў сучасным грамадстве. Яны ператвараюцца ў пляцоўкі сацыяльнай камунікацыі. Па-другое, нельга забываць пра наступны момант: ёсць традыцыйныя адукацыйныя інстытуты, да якіх адносяцца школа і ўніверсітэты, а ёсць нефармальныя. Можна ўзгадаць, што ў дарэвалюцыйнай Расіі былі ўстановы, куды прыходзілі за ведамі вольныя слухачы. Зараз такую функцыю могуць узяць на сябе якраз музеі — забяспе­чыць дадатковую адукацыю насельніц­тва. Тым больш што магчымасцей хапае. Тут будуць дарэчы і інтэрактыўныя фарматы, і патэнцыял му­зеяў пад адкрытым небам. 

Цікавыя факты

* Першыя музейныя практыкі ў Беларусь у эпоху Рэнесансу прынеслі Радзівілы. 

* Першы класічны музей быў створаны ў 70-я гады ХVІІІ стагоддзя ў Полацкім езуіцкім калегіуме.  

* Першы агульнадаступны публічны музей з’явіўся ў 1856 годзе — Віленскі музей старажытнасцей. Ён быў створаны заснавальнікам беларускай археалагічнай навукі і музейнай справы графам Яўстафіем Тышкевічам.

* У міжваенны перыяд існавалі два нацыянальныя музеі — Беларускі дзяржаўны музей у Мінску і Беларускі музей
імя І.Луцкевіча ў Вільні. 

* Упершыню задача ўзяць на ўлік усе фондавыя зборы музеяў краіны была пастаўлена падчас хрушчоўскай адлігі ў канцы 50-х гадоў.

* Каталог школьных музеяў выдаў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства ў 2010 годзе.

* Самы вялікі фондавы збор знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь і набліжаецца да 400 тысяч адзінак захоўвання.

    

Збіралі па крупінках

— Роля асобы ў стварэнні экспазіцыі, якая яна?

— Першасная. Гэтай справай займаюцца сапраўдныя рупліўцы. Напрыклад, Яўстафій Тышкевіч, дзякуючы якому мы атрымалі першую публічную ўстанову — Віленскі музей стражытнасцей, усе грошы патраціў на пошукі беларускай Атлантыды. Ён сустракаўся з мэтрамі гэтай справы ў Пецярбургу, Фінляндыі, Швецыі, Даніі і многія еўрапейскія вынаходствы перанёс на нашу зямлю.   

Алена Васільеўна Аладава, якая ўзначальвала Нацыянальны мастацкі музей пасля Вялікай Айчыннай вайны, жыла музеем і ў музеі, хаця выхоўвала пры гэтым траіх дзяцей. Гэтую эстафету пераняў Уладзімір Іванавіч Пракапцоў, цяперашні генеральны дырэктар. Унікальны чалавек. У яго дзіўная сіла і энергія. Калі б не ён, канечне, не было б ніякага Музейнага квартала.  

— Зразумела, што першапраходцамі былі энтузіясты. Сёння гэтай справе значную ўвагу ўдзяляюць на дзяржаўным узроўні. Наколькі неабходна такое рэгуляванне?

— Мая думка такая: чым больш сталае грамадства, тым больш значны яго ўклад у развіццё культуры і тым меншы ўплыў дзяржавы. Але на гэтым шляху сталення мы яшчэ не пераадолелі падлеткавы ўзрост. Таму роля дзяржавы ў нас вызначальная. І відавочна, што так будзе яшчэ пэўны час. Калі б не ўвага да праблем музейнай сферы на рэспубліканскім узроўні, то не было б ні Нясвіжскага, ні Мірскага комплексаў. На рэалізацыю знакавых праектаў выдзяляліся значныя сродкі.

 

Духоўныя арыенціры

— Ваша стаўленне да школьных музеяў.

— Я ўваходжу ў склад журы на шматлікіх музейных конкурсах. Настаўнікі ў адзін голас кажуць, што для падлеткаў вельмі важная магчымасць ствараць свае музеі, удзельнічаць такім чынам у краязнаўчай рабоце. Зразумела, як правіла, экспанаты, якія захоўваюцца ў школах, не ма­юць гістарычнай каштоўнасці. Але тут галоўнае іншае: такая дзей­насць — гэта інструмент выхавання вучняў. І вельмі эфектыўны. Некаторыя музеі існуюць па 50 гадоў. Пры гэтым ёсць шанс, калі яны набіраюць абароты, набываюць унікальныя экспанаты, атрымаць нават статус дзяржаўных. Як гэта адбылося ў 1990 годзе са знакамітым музеем у Гудзевічах, што на Гродзеншчыне, ініцыятарам стварэння якога быў Алесь Белакоз. 

Ёсць такое слова “ідэнтычнасць”. Роля музеяў заключаецца менавіта ў тым, каб выхоўваць яе. Яны дапамагаюць адказаць чалавеку на пытанне “Хто я?

— З 2022 года экскурсіі сталі неад’емнай часткай выхаваўчага працэсу ў адукацыйных установах. На вашу думку, эфект будзе?

— Фарміраваць гістарычную памяць трэба абавязкова. І гэта дзяржаўная справа — данесці да дзіцяці сістэму нацыянальных каштоўнасцей, духоўных арыенціраў, апорных пунктаў. Гордасць за сваіх продкаў — аснова асноў, якая дае разуменне таго, хто ты і адкуль пайшоў. І тут, бясспрэчна, сваю ролю могуць адыграць у тым ліку і экскурсійныя туры. Напрыклад, знаёмства з Нясвіжам дазваляе пераканацца, што ў беларусаў была свая арыстакратыя. Цікава аб гэтым напісаў загадчык кафедры славянскай гісторыі Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта прафесар Аляксандр Філюшкін пасля наведвання замка: “…бачна, что беларусы хочуць паказаць свету, што ў іх быў уласны Рэнесанс і дзеячы той эпохі. Ім ёсць чым ганарыцца”.

Яшчэ адно месца сілы — Гро­дзенскі гісторыка-археалагічны музей, размешчаны ў Старым замку. Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь наспеў час таксама святкаваць наваселле. Ён павінен атры­маць сучаснае аблічча. У яго экспазіцыі варта паказаць усю тысячагадовую спадчыну нашага народа. На мой погляд, Год гістарычнай памяці — добрая нагода яе візуалізацыі з прыцягненнем сучасных метадалагічных падыходаў і інфармацыйных тэхна­логій.

Гутарыла Святлана ЛОЦМАНАВА. 
Фота Юрыя ІВАНОВА.