Культурны абмен. Самы цёплы, самы бескарыслівы…

Вечарам 10 красавіка ў Палацы Рэспублікі былі ўрачыста адкрыты Дні моладзі Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Перад святочным канцэртам у фае перад Малой залай Палаца Рэспублікі разгарнулася выстава, якая наглядна прадэманстравала гасцям з Азербайджана, чым сёння дыхае і жыве беларуская моладзь. На стэндзе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі дзяўчаты паказвалі, на якія цуды насамрэч здатны такі, здавалася б, немудрагелісты від народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці, як выцінанка. Тут жа былі выстаўлены дыхтоўныя лялькі, апранутыя ў рэгіянальныя народныя строі: неглюбскі, дубровенскі, краснапольскі, маларыцкі, буда-кашалёўскі, драгічынскі… Цэлую калекцыю робатаў прадставіў Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Макеты архітэктурных збудаванняў самай рознай функцыянальнасці можна было ўбачыць на стэндзе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка сваімі манекенамі ў старадаўнім шляхецкім убранні запрашаў наведвальнікаў у “залаты век” беларускай дзяржаўнасці…

Госці-азербайджанцы і гаспадары-беларусы з цікавасцю аглядалі ўвесь гэты “зрэз” зацікаўленасцей айчыннай моладзі. І ўсе тым часам з нецярплівасцю чакалі галоўнай дзеі таго красавіцкага вечара — на сцэну Малой залы Палаца Рэспублікі павінны былі выйсці лепшыя маладзёжныя калектывы і выканаўцы з абедзвюх краін, яшчэ раз змацаваўшы сваё сяброўства сродкамі сцэнічнага мастацтва.

І яны выйшлі, і яны змацавалі. Змацавалі ўжо нават двума самымі першымі нумарамі-інтрадукцыямі — кампазіцыямі “Белая Русь” (у выкананні заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца “Белая Русь” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі) і “Одлар юрду” (у выкананні Нацыянальнага ансамбля танца Азербайджанскай Рэспублікі).

“Афіцыйны пратакол” быў нядоўгім.

Міністр адукацыі нашай краіны Ігар Карпенка нагадаў прысутным, што 24 гады назад Беларусь і Азербайджан вызначылі перспектыўныя кірункі развіцця супрацоўніцтва, пацвердзіўшы імкненне да далейшага паглыблення ўзаемаадносін у розных сферах, у тым ліку і адукацыйнай палітыцы. “З таго часу, — адзначыў Ігар Васільевіч, — паміж нашымі краінамі завязаліся цёплыя сяброўскія адносіны, якія пацвярджаюцца канкрэтнымі справамі і сумеснымі праектамі. У 2010 годзе падчас візіту Прэзідэнта Беларусі ў Баку на базе Бакінскага славянскага ўніверсітэта быў адкрыты Цэнтр беларускай мовы і культуры. І ў тым жа годзе ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка быў адкрыты аналагічны Цэнтр азербайджанскай мовы і культуры. Установамі вышэйшай адукацыі дзвюх краін ужо заключаны і рэалізоўваюцца 19 міжнародных дагавораў, у рамках якіх ажыццяўляюцца сумесныя навуковыя, педагагічныя і адукацыйныя праекты. Важнай падзеяй стала ўключэнне ў 2012 годзе 4 вядучых беларускіх УВА ў Дзяржпраграму навучання азербайджанскай моладзі за мяжой. Распрацаваны праект стварэння ў Азербайджане рэсурсных цэнтраў пачатковай прафесійнай адукацыі будаўнічага і машынабудаўнічага профіляў. У рамках узаемнага супрацоўніцтва міністэрстваў адукацыі Беларусі і Азербайджана падпісаны пратакол аб стварэнні новых адукацыйных устаноў на тэрыторыі Азербайджанскай Рэспублікі”.

“Уцешна, што нашы двухбаковыя сувязі апошнім часам толькі мацнеюць. Яркае пацвярджэнне гэтага — правядзенне Дзён моладзі дзвюх краін, якія сталі сапраўдным святам сяброўства і ўзаемаразумення. Мне прыемна адзначыць, што ў нас шмат агульнага і ў сферы міжасабовых адносін. Мы адкрытыя, мы з усёй душой ставімся да нашых гасцей”, — падкрэсліў міністр адукацыі Беларусі. Ігар Карпенка таксама перадаў прывітанне азербайджанскай дэлегацыі ад беларускага віцэ-прэм’ера Васіля Жарко.

З цёплымі словамі да прысутных звярнуліся намеснік міністра моладзі і спорту Азербайджанскай Рэспублікі Інтыгам Бабаеў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Лаціф Гандзілаў, падкрэсліўшы асаблівую лучнасць нашых краін на самых розных узроўнях. “Вялікі дзякуй” па-беларуску з вуснаў Інтыгама Бабаева Малая зала Палаца Рэспублікі сустрэла бурнымі авацыямі, як, зрэшты, і навіну з вуснаў Лаціфа Гандзілава пра тое, што неўзабаве ў Мінску адкрыецца Гандлёвы дом Азербайджана.

А потым зноў са сцэны Малой залы Палаца Рэспублікі загучалі беларускія і азербайджанскія песні, заіскрыліся азербайджанскія і беларускія танцы.

З беларускага боку стваралі непараўнаную атмасферу свята згаданы ансамбль танца “Белая Русь”, народны ансамбль беларускай музыкі і песні “Ярыца” БДПУ імя Максіма Танка, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Крыжачок” БДУ, навучэнка мінскай сярэдняй школы № 161 Паліна Бурло, подыум-школа Fashion style НЦМТДіМ, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Варанішча, шоу-група MARAKASY БДУКіМ, электраквартэт NACYMBAL БДУ, тэатр сучаснай харэаграфіі Дзмітрыя Залескага з НЦМТДіМ і інш. Дарэчы, хочацца шчыра падзякаваць калектыву Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі за тое, што ім удалося так ярка прадставіць сённяшнюю творчую маладую Беларусь!

З азербайджанскага боку незабыўныя хвіліны захаплення ўнікальнай культурай Краіны агню дарылі Нацыянальны ансамбль танца Азербайджанскай Рэспублікі, Ралан Сеідаў, Рылая (фіналістка нацыянальнага азербайджанскага адбору на “Еўрабачанне”)…

І быў напрыканцы канцэрта неверагодны сюрпрыз, калі азербайджанка Наіля Ісматуліна душэўна праспявала нашу “Алесю”, а Нацыянальны ансамбль танца Азербайджанскай Рэспублікі з каўказскай заліхвацкасцю выканаў танец “Крыжачок”. Гэта цуд, калі культура аднаго народа арганічна ўспрымаецца прадстаўнікамі іншага народа галавой, сэрцам, целам. Становіцца часцінкай душы назаўсёды.

Культурны абмен. Самы цёплы, самы бескарыслівы…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *