Культурны інтэрнэт

- 11:11Навіны рэгіёнаў

“Чытаць больш кніг”, “Удзяляць больш часу вучобе”, “Больш жывых зносін”, “Весці здаровы лад жыцця”, “Удзяляць час бацькам” — гэтыя парады выпрацавалі не дарослыя людзі, гэтыя парады далі сваім аднагодкам маладыя інтэрнэт-блогеры ў працэсе сумеснай работы па пошуку эфектыўных форм фарміравання ў падлеткаў і моладзі адказных і бяспечных паводзін у інтэрнэце.

Для вырашэння гэтых злабадзённых пытанняў юныя блогеры сабраліся ў сярэдняй школе № 3 Свіслачы. Тут адбыўся першы ў Гродзенскай вобласці маладзёжны злёт інтэрнэт-блогераў “Моладзь — за інтэрнэт-культуру: сардэчна запрашаем у “Чалавечую” Сетку”, які праведзены ў рамках рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання культуры карыстальніка інтэрнэт-рэсурсамі для этычных зносін падлеткаў у сацыяльных сетках”.

Злёт пачаўся з узнагароджвання пераможцаў адкрытага конкурсу відэаролікаў “Камфортнае асяроддзе для здароўя і развіцця”, які быў арганізаваны ў сярэдняй школе № 3 Свіслачы членамі школы відэаблогераў, якая дзейнічае ў гэтай навучальнай установе. Пераможцаў вызначалі па наступных крытэрыях: колькасць праглядаў, колькасць “лайкаў” і каментарыяў на інтэрнэт-платформе сярэдняй школы № 3 Свіслачы.

Намеснік дырэктара школы Ларыса Пятроўна Туміловіч і члены школы відэаблогераў прэзентавалі лепшыя фільмы. Дарэчы, у конкурсе ўдзельнічалі не толькі навучэнцы з Гродзенскай вобласці, але таксама і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Навучэнец сярэдняй школы № 16 Барысава Мікіта Шындакоў быў адзначаны дыпломам ІІ ступені за фільм “Верце ў сваіх дзяцей”. Першае месца — у навучэнкі гімназіі № 1 Свіслачы Настассі Кавальчук. Яе відэафільм расказвае аб тым, як падлеткі прызнаваліся ў любові да сваіх мам і як мамы ўспрымалі гэтыя цёплыя і шчырыя словы. А гран-пры і экшн-камера дасталіся навучэнцам 3-й свіслацкай школы Аляксандру Бяляеву і Кірылу Бародзічу за відэафільм “Мы — за зносіны без масак”.

Узнагароды пераможцам уручыла дацэнт кафедры эканамічнай сацыялогіі Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта кансультант інавацыйнага праекта Г.Ф.Бядуліна. Галіна Фёдараўна адзначыла важнасць тэмы і праблематыкі праекта і такой нефармальнай сустрэчы маладых блогераў і іх настаўнікаў у фармаце злёту, дзе яны не толькі абмяркоўваюць важныя пытанні, але і выпрацоўваюць рэкамендацыі сваім равеснікам.

Удзельнікаў злёту вітала начальнік аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама Л.Р.Буяк. Людміла Раманаўна расказала, што ў раёне рэалізуецца 8 рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, удзел у праекце “Укараненне мадэлі фарміравання культуры карыстальніка інтэрнэт-рэсурсамі для этычных зносін падлеткаў у сацыяльных сетках” — вельмі важны і актуальны ў першую чаргу для моладзі. Незалежна ад месца пражывання, месца вучобы дзеці, маладыя людзі сёння — актыўныя карыстальнікі сацыяльных сетак, таму важна пачуць менавіта іх стаўленне да праблем інтэрнэту.

Аб’яднаўшыся ў шэсць каманд, дзе былі вучні і настаўнікі, удзельнікі злёту разам з валанцёрамі роўнага навучання сярэдняй школы № 3 абмяркоўвалі гэтыя пытанні і прапаноўвалі сваё бачанне вырашэння праблемных сітуацый. Так, стварылі плакат “Я — за чысціню мовы!” і “дарожную карту” вырашэння праблем, знялі 30-секундны ролік на мабільны тэлефон на тэму “Я — за культуру ў сетцы інтэрнэт”.

Удзельнікам трэба было выканаць экспромт-заданні на тэмы “Прафілактыка выкарыстання ненарматыўнай лексікі ў анлайн-прасторы”, “Анлайн-слэнг: культура камунікацый”, “Аналіз інфармацыі ў сацыяльных сетках”, “Культура зносін і пісьменнасць у інтэрнэце”, “Падлеткавы слэнг, ці Хто ўвёў моду на непісьменнасць у інтэрнэце”.

— Калі да вырашэння праблемы падключаюцца дзеці, настаўнікам становіцца лягчэй і больш зразумела, як працаваць, — гаворыць намеснік начальніка цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Анатольеўна Кіўлюк, каардынатар інавацыйнага праекта. — Таму на злёце працавалі такія аб’яднаныя групы з розных школ — дарослыя і дзеці, фарміравалі эфектыўныя формы адказных і бяспечных паводзін у анлайн-прасторы падлеткаў і дзяцей.

А настаўніца гімназіі № 1 Свіслачы Лілія Валянцінаўна Стульгіс дадае, што было вельмі цікава працаваць з падлеткамі і што дарослым ёсць чаму ў іх павучыцца.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.